З акцэнтам на рабочыя прафесіі

01.03.2018
Адным з прыярытэтных напрамкаў работы брэсцкай сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава з’яўляецца прафарыентацыя вучняў 7 – 9 класаў на рабочыя спецыяльнасці. Педагогі працуюць у гэтым рэчышчы сістэмна і вынікова.

- Вялікім прафарыентацыйным патэнцыялам валодаюць не толькі ўрокі, але і тэматычныя куткі, цыклы класных гадзін, экскурсіі, дыягнастычныя мерапрыемствы, - расказвае настаўніца абслуговай працы Л.А.Васілеўская. – Так, на ўроках працоўнага навучання школьнікі знаёмяцца з характарыстыкай і асноўным зместам працы рабочых прафесій у харчовай (кухар, пекар, кандытар), дрэваапрацоўчай (токар, слесар, цясляр) і металаапрацоўчай (фрэзероўшчык, шліфоўшчык) прамысловасці, тэкстыльнай, вязальнай (ткачыха, вязальшчыца, кантралёр) і швейнай (швачка, раскройшчык, аператар, вышывальшчыца) вытворчасці, а таксама ў сферы бытавога абслугоўвання насельніцтва (кантралёр-касір, прадавец).

Важную ролю ў адукацыйным працэсе адыгрывае прадукт-арыентаванае навучанне, якое ўключае дэманстрацыю слайдаў, вырабленых дзевяцікласнікамі, на розныя тэмы (“Рабочыя прафесіі канцэрна “Брэстхлебпрам”, “Рабочыя прафесіі швейнай вытворчасці” і інш.). Па сваёй значнасці яны пераўзыходзяць прэзентацыі з інтэрнэту.

У прафарыентацыйнай рабоце актыўна задзейнічаны педагог-псіхолаг В.А.Стасюк, якая праводзіць выніковыя заняткі па раздзелах вучэбнай праграмы з мэтай фарміравання пазітыўных адносін да запатрабаваных прафесій. Так, вялікую цікавасць у вучняў выклікаюць урокі на тэму “Адзін дзень з жыцця кухара”, “Адзін дзень з жыцця швачкі” і “Эканамічныя звесткі аб рабочай прафесіі”.

Шмат карыснай інфармацыі ўтрымліваюць куток прафарыентацыі ў кабінеце абслуговай працы і стэнд “Куды пайсці вучыцца”. Важна, што інфармацыя, змешчаная там, рэгулярна абнаўляецца.

- Цыклы класных гадзін – неад’емная частка прафарыентацыйнай работы з дзевяцікласнікамі, на якіх паказваецца ўзаемасувязь вучэбных прадметаў з рабочымі прафесіямі, - гаворыць Л.А.Васілеўская. – Акрамя таго, на гэтых гадзінах вучні знаёмяцца з установамі прафесійнай адукацыі Брэста: каледжамі сферы абслугоўвання, сувязі і прыборабудавання, ліцэямі будаўнікоў, лёгкай прамысловасці і чыгуначнага транспарту. Актыўнай формай прафесійнай асветы, якая фарміруе цікавасць да рабочых прафесій, з’яўляюцца экскурсіі ў гэтыя ўстановы.

У школе сістэматычна праводзіцца дыягностыка дзевяцікласнікаў па прафесійным самавызначэнні. Распрацаваны пералік тэстаў для вучняў па выяўленні схільнасцей да рабочых прафесій.

У рамках супрацоўніцтва з гарадскім упраўленнем па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва праводзяцца інфармацыйныя мерапрыемствы для вучняў 8 – 9 класаў, дзе яны даведваюцца пра патрэбы рынку працы Брэста і Беларусі ў рабочых прафесіях.

Штогод у школе праходзяць тыдні прафарыентацыі, на якіх вучні атрымліваюць прафесіяграмы рабочых прафесій і матэрыялы пра запатрабаваныя прафесіі, знаёмяцца з афарызмамі аб працы, шкоднымі і карыснымі рабочымі прафесіямі, а таксама з рабочымі прафесіямі ХХІ стагоддзя.

Штогадовая летняя практыка вучняў 7 – 8 класаў на прышкольным участку і ў эколага-біялагічным філіяле Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі скіроўвае ўвагу хлопчыкаў і дзяўчынак да прафесій, звязаных з азеляненнем і добраўпарадкаваннем. Штогод ад 15 да 25 дзяцей працуюць падсобнымі рабочымі ў школьнай рамонтнай брыгадзе.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.