Ад інтэграцыі – да інклюзіі

14.03.2018
Пад такой назвай у горадзе над Бугам адбылася V Міжнародная канферэнцыя педагогаў сістэмы спецыяльнай адукацыі. Арганізатарамі трохдзённага мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў сістэмы адукацыі, аховы здароўя і сацыяльнай абароны, грамадскіх і бацькоўскіх аб’яднанняў Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Венгрыі і Чарнагорыі выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны ЦКРНіР.

- Канферэнцыя – выдатная магчымасць для знаёмства з сучаснымі тэндэнцыямі ў развіцці інклюзіўнай адукацыі Беларусі і замежных краін, - адзначыў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Ю.М.Прасмыцкі. – Спецыялісты сістэмы спецыяльнай адукацыі Брэстчыны актыўна і плённа супрацоўнічаюць з замежнымі калегамі, абменьваюцца эфектыўным вопытам. Гэта дазваляе разам вырашаць агульныя задачы.

Дырэктар Брэсцкага абласнога ЦКРНіР Т.В.Жук расказала пра асноўныя напрамкі работы рэгіянальных ЦКРНіР па фарміраванні талерантных адносін да асаблівых дзяцей ва ўмовах адукацыйнай інтэграцыі. Першыя класы інтэграванага навучання і выхавання з’явіліся на Брэстчыне ў 1998 годзе і выклікалі неадназначную рэакцыю ў грамадстве. У такіх класах займаюцца дзеці з інтэлектуальнай недастатковасцю, парушэннямі псіхічнага развіцця, зроку, слыху і апорна-рухальнага апарату, цяжкімі парушэннямі маўлення і аўтызмам. Маніторынг паказаў, што большасць асаблівых вучняў даволі камфортна адчуваюць сябе ў інтэграваных класах. Сёння ў іх атрымліваюць веды 77% дзяцей з АПФР, якія стаяць на ўліку ў абласным банку даных. Але інтэграцыя ўключае не толькі сумеснае навучанне здаровых і асаблівых дзяцей. Важным складнікам інтэграцыі ў сучасных умовах з’яўляецца сацыяльная інклюзія.

У рамках рэспубліканскага эксперымента ў школах Брэсцкага раёна дзейнічаюць 5 інклюзіўных класаў, дзе вучацца 13 дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Педагогі станоўча ацэньваюць навучанне здаровых дзяцей у інклюзіўнай школе, якая выхоўвае ў іх талерантныя адносіны да іншых людзей. Важную ролю ў пераходзе да інклюзіўнай адукацыі адыгрывае актыўнае далучэнне да гэтага працэсу бацькоў.

Загадчыца лабараторыі спецыяльнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Беларусі доктар педагагічных навук Т.В.Лісоўская засяродзіла ўвагу на шляхах удасканалення зместу адукацыі асоб з АПФР на найбліжэйшую перспектыву. Сярод іх – навукова-метадычнае забеспячэнне работы па фарміраванні інклюзіўнай культуры на полікультурнай аснове ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу; стварэнне адзінага шматмодульнага зместу адукацыі на ўзроўні дашкольнай і пачатковай адукацыі; захаванне беларускай ідэнтычнасці асаблівых вучняў ва ўмовах полікультурнасці і глабалізацыі; фарміраванне сацыяльных паводзін як фактару павышэння якасці жыцця асаблівых дзяцей; стварэнне педагагічных умоў, якія садзейнічаюць выяўленню і развіццю адоранасці сярод дзяцей з АПФР; стварэнне праграмна-метадычнага забеспячэння для дамоў-інтэрнатаў для дзяцей-інвалідаў з АПФР з мэтай іх далейшай дэінстуалізацыі; стварэнне электроннага дыдактычнага забеспячэння дыстанцыйнага навучання асаблівых дзяцей (з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату і аўтызмам) у дамашніх умовах; стварэнне профільнага (дапрафесійнага) навучання дзяцей з парушэннямі ў развіцці з мэтай іх далейшага працаўладкавання і бытавой занятасці.

Цікавым вопытам сацыялізацыі асаблівых дзяцей у школе і сям’і падзялілася прадстаўнік грамадскага аб’яднання дапамогі дзецям з АПФР і іх сем’ям “Асаблівае дзяцінства” Л.А.Гапановіч.

Галоўны сакратар асацыяцыі венгерскіх дэфектолагаў, дырэктар спецыяльнай школы імя Барцы Густава ў Будапешце (Венгрыя) Ілдзіка Каяры расказала пра асаблівасці навучання ў яе краіне дзяцей з інваліднасцю і здаровых дзяцей. Так, у Венгрыі з 1993 года дзейнічае закон аб інтэграцыі дзяцей з АПФР, а з 2012 года – закон аб іх абавязковай інтэграцыі. Сёння 70% асаблівых дзяцей выхоўваюцца ва ўмовах інтэграцыі. З дзецьмі з множнымі парушэннямі развіцця, паводзін і інтэлекту, а таксама з цяжкімі формамі аўтызму вядзецца асобная вучэбна-выхаваўчая работа. Сучасная адукацыя Венгрыі імкнецца да развіцця інклюзіі ў навучальных установах па месцы жыхарства асаблівых дзяцей праз індывідуальныя заняткі і заняткі ў малых групах. Вялікая ўвага ўдзяляецца падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы педагогаў для работы з дзецьмі з АПФР, развіццю сеткі выязных педагогаў, распрацоўцы праграм для вучняў, бацькоў і педагогаў, якія задзейнічаны ў інтэграцыі.

Метадыст па пытаннях кіраўніцкай дзейнасці і інклюзіўнай адукацыі Валынскага абласнога інстытута паслядыпломнай адукацыі С.У.Раманюк азнаёміла калег з практычнай арганізацыяй інклюзіўнай адукацыі ва Украіне. Работа ў гэтым напрамку актыўна развіваецца з 2012 года. Сёння ў агульнаадукацыйных установах Украіны дзейнічаюць інклюзіўныя класы, ствараюцца інклюзіўныя рэсурсныя цэнтры па прафесійным суправаджэнні педагогаў.

На Валыншчыне пражывае каля 17,2 тысячы асаблівых дзяцей. У 153 установах адукацыі працуюць 273 класы для 318 вучняў з АПФР. Вялікая ўвага ўдзяляецца падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы настаўнікаў, здольных працаваць у інклюзіўных класах.

Намеснік загадчыка дзіцячага сада № 104 Санкт-Пецярбурга (Расія) Н.В.Кузняцова падзялілася напрацоўкамі па арганізацыі інклюзіўнай адукацыі ў дашкольнай установе камбінаванага тыпу ў гульнявой і адпачынкавай дзейнасці. У дзіцячым садзе рэалізоўваецца адукацыйны праект “Мы разам”, накіраваны на паспяховую сацыялізацыю і адаптацыю ўсіх удзельнікаў адукацыйных адносін, а таксама на выхаванне талерантнасці да асаблівых дзяцей. Ва ўстанове дзейнічае клуб бацькоў “Дарогай дабрыні”. Дзякуючы праекту, паміж сабой цесна ўзаемадзейнічаюць не толькі дзеці, але і іх бацькі.

На базе сярэдняй школы № 1 Брэста, Кобрынскага ЦКРНіР, Брэсцкага абласнога ІРА і ПалесДУ працавалі секцыі “Методыка і практыка інклюзіўнай адукацыі ва ўстановах адукацыі”, “Дзіця з аўтызмам: ад інтэграцыі да інклюзіі”, “Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне – ключавая ўмова інклюзіўнай адукацыі”, “Інклюзія ў мастацтве, мастацтва ў інклюзіі”, “Роля грамадства і сям’і ў развіцці інклюзіўных працэсаў” і “Падрыхтоўка педагагічных кадраў для работы з дзецьмі з АПФР ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.