І цікава, і карысна

14.03.2018
У брэсцкім ліцэі №1 імя А.С.Пушкіна дзейнічае вучэбна-музейная экспазіцыя “Запаветны напеў Белавежы”, якая адыгрывае важную ролю ў адукацыйным працэсе.

- Ідэя стварэння экспазіцыі ўзнікла з першага дня існавання хіміка-біялагічнага профілю, - расказвае загадчыца вучэбна-музейнай экспазіцыі настаўніца біялогіі А.Я.Градоўкіна. – Пасля рэканструкцыі музея прыроды ў Нацыянальным парку “Белавежская пушча” ў ліцэі з’явіліся некалькі дзясяткаў экспанатаў, пераважна чучал птушак. Педагогі, вучні, іх бацькі і нават бабулі і дзядулі з вялікім энтузіязмам успрынялі ідэю стварэння музейнай экспазіцыі. Сем’і дарылі чучалы жывёл, рогі і г.д.

Сёння ў экспазіцыі прадстаўлены дзве найбольш распаўсюджаныя на тэрыторыі Брэстчыны прыродныя супольнасці: балотна-лугавая і змешаны лес. Наведвальнікі могуць убачыць больш за 60 экзэмпляраў жывёл і птушак. І калекцыя іх пастаянна папаўняецца.

- Яшчэ да канчатковага мастацкага афармлення экспазіцыі вучні пад кіраўніцтвам настаўнікаў біялогіі правялі вялікую даследчую работу па вызначэнні відаў раслін і жывёл, прадстаўленых у экспазіцыі, - гаворыць А.Я.Градоўкіна. – Музейныя экспанаты адыгрываюць важную ролю ў прыкладным вывучэнні прадметаў прыродазнаўчага цыкла на профільным узроўні, пашыраюць кругагляд вучняў у галіне прыродазнаўства і краязнаўства. Візуалізацыя натуральных прыродных аб’ектаў вельмі эфектыўная пры вывучэнні праграмнага матэрыялу, падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання і алімпіяд. Акрамя таго, экспазіцыя – выдатны сродак прафарыентацыі старшакласнікаў на прафесіі біялагічнага профілю. Музейныя экспанаты выкарыстоўваюцца ў навукова-даследчай дзейнасці вучняў, дапамагаюць у іх экалагічным, эстэтычным і духоўна-маральным выхаванні. Пазнаючы прыгажосць і разнастайнасць навакольнай прыроды, юнакі і дзяўчаты вучацца любіць малую радзіму.

Не кожны дзень вучні могуць пабываць у Белавежскай пушчы ці нават у блізкім лесе. Педагогі наблізілі куток цудоўнай беларускай прыроды да штодзённага жыцця дзяцей. Акрамя ліцэістаў, частымі наведвальнікамі экспазіцыі з’яўляюцца школьнікі і выхаванцы дзіцячых садкоў. Эксурсійныя маршруты распрацоўваюцца з улікам узросту і адукацыйных патрэб вучняў.

- Мэтанакіраваная работа ў галіне музейнай педагогікі прыносіць плён, - адзначае А.Я.Градоўкіна. – На рахунку ліцэістаў шмат дыпломаў, атрыманых па выніках гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, канферэнцый і алімпіяд. На дасягнутым мы не спыняемся. У планах – стварэнне зімовага саду і экспазіцыі, прысвечанай развіццю хімічнай прамысловасці ў краіне. Дзякуючы ім, вучыцца ў ліцэі стане яшчэ цікавей.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.