Актыўныя і ініцыятыўныя
05.04.2018- Мэта цэнтра – выяўленне, збор, аналіз і распаўсюджванне перадавога вопыту ў галіне падтрымкі дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў, інфармацыйнае
і метадычнае суправаджэнне дзейнасці гарадской пляцоўкі ЮНІСЭФ “Горад, дружалюбны для дзяцей” і іншых устаноў адукацыі Баранавіч, - расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ліцэя № 1 Баранавіч І.А.Кернога. – У выніку работы цэнтра павінна быць створана адзіная выхаваўча-адукацыйная прастора, сфарміравана насычанае інфармацыйнае асяроддзе для развіцця сацыяльна арыентаванага праектавання, у тым ліку шляхам удасканалення дзейнасці інфармацыйных цэнтраў гарадской пляцоўкі ЮНІСЭФ “Горад, дружалюбны для дзяцей”.
Пры рэсурсным цэнтры працуе творчая група педагогаў “Садружнасць”. Акрамя таго, на базе цэнтра дзейнічае кансультацыйны пункт для педагогаў па пытаннях арганізацыі работы па падтрымцы дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў. Для гэтага праводзяцца трэнінгавыя заняткі для педагогаў “Праектаванне як сацыяльна-педагагічная тэхналогія” і заняткі для дзіцячага актыву “Праектная дзейнасць маладых людзей”. У планах – правядзенне гарадской добраахвотніцкай акцыі-конкурсу інтэрактыўных заняткаў “Што такое добра і што такое дрэнна”, семінара-практыкуму для лідараў маладзёжных ініцыятыў “Дыялог культур і культура дыялога: аб уменні дамаўляцца” і іншых тэматычных семінараў.
- За год у Баранавічах рэалізавана каля 10 дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў, - гаворыць І.А.Кернога. – У рамках міжнароднай ініцыятывы “Горад, дружалюбны для дзяцей” у Баранавічах дзейнічае гарадскі маладзёжны парламент, прычым ужо другога склікання. У склад парламента ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх школ. Мэта парламента – развіццё сацыяльнага партнёрства паміж органамі дзіцячага і мясцовага самакіравання ў інтарэсах дзяцей і моладзі, дапамога ў іх сацыяльнай адаптацыі ў сучасным грамадстве, стварэнне ўмоў для актыўнага ўдзелу маладога пакалення ў жыцці роднага горада і краіны ў цэлым.
Пасяджэнні парламента праходзяць на базе ліцэя № 1 у форме трэнінгавых заняткаў, якія ўключаюць практыкаванні і гульні на згуртаванне калектыву, квест-гульні і экскурсіі. Акрамя таго, юныя парламенцёры абмяркоўваюць пытанні, звязаныя з паляпшэннем жыцця дзяцей і моладзі ў горадзе, сустракаюцца з цікавымі людзьмі, у тым ліку з дэпутатамі і гарадской уладай. Прадстаўнікі гарадскога маладзёжнага парламента Баранавіч уваходзяць у склад каардынацыйнага савета рэспубліканскага маладзёжнага парламента.
- На рахунку гарадскога маладзёжнага парламента шмат цікавых і карысных спраў, - адзначае І.А.Кернога. – Так, ён з’яўляецца ініцыятарам стварэння велапаркоўкі ў ліцэі № 1. Маладыя валанцёры разам з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Т.Р.Якубовіч рэалізоўваюць праект “Яркія фарбы дзяцінства” па стварэнні добрага псіхалагічнага клімату ў дзіцячай бальніцы Баранавіч. Юныя парламенцёры з сярэдняй школы № 19 ажыццявілі праект “Шчаслівага доўгажыхарства” па навучанні пенсіянераў асновам камп’ютарных ведаў, а актывісты з гімназій №№ 2 і 5, сярэдняй школы № 10 – праект “Школьныя СМІ”, які дазволіў яго ўдзельнікам стаць пазаштатнымі карэспандэнтамі гарадскіх СМІ і прадоўжыць навучанне па журналісцкім профілі ва УВА. Нядаўна вучні ліцэя № 1 запусцілі праект “Дваровая пляцоўка – тэрыторыя, свабодная для моладзі”. Гарадскі маладзёжны парламент – ініцыятар правядзення фестывалю “Дзіцячай і маладзёжнай ініцыятыве – ТАК!”, накіраванага на самарэалізацыю школьнікаў, падтрымку і развіццё іх ініцыятыў і добраахвотніцкай працы на карысць роднага горада, актывізацыю дзейнасці валанцёрскіх атрадаў і атрадаў міласэрнасці. Удзельнікі парламента праводзяць сацыяльныя апытанні, падчас якіх вывучаюць меркаванні равеснікаў адносна ўмоў пражывання ў горадзе і магчымых шляхоў іх паляпшэння.
Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.