З “Вытоку” – у навуку

09.04.2018
Ужо 8 гадоў шлях у свет навукі і першых даследаванняў для вучняў сярэдняй школы № 20 Баранавіч пачынаецца з навуковага аб’яднання “Выток”. Праз яго прайшлі дзясяткі юных даследчыкаў, якія атрымалі тэарэтычныя і практычныя веды ў навуковым спасціжэнні таямніц і загадак геаграфіі, рускай і беларускай мовы і літаратуры, гісторыі, грамадазнаўства, матэматыкі, англійскай мовы, краязнаўства і абслуговай працы.

- Аб’яднанне стваралася з мэтай актыўнага далучэння вучняў да навукова-даследчай работы і знаёмства з яе сучаснымі метадамі, прапаганды навуковых ведаў і інтэлектуальных каштоўнасцей, фарміравання ў дзяцей творчага мыслення, выхавання працавітасці, развіцця цікавасці да паглыбленага вывучэння розных галін навукі і тэхнікі, а таксама ранняй прафарыентацыі, - расказвае настаўніца рускай мовы і літаратуры Э.А.Сізова. – Удзельнікі аб’яднання аддаюць перавагу цікавым, актуальным і маладаследаваным тэмам і праблемам. На рахунку школьнікаў шмат дыпломаў, атрыманых па выніках навукова-практычных канферэцый рознага ўзроўню. Так, дыпломамі І ступені на абласной канферэнцыі былі адзначаны работы “Мінулае і сучаснае агратурызму (на прыкладзе біяграфіі Элізы Ажэшка)”, “Чароўнае ўзаемадзеянне лёду і солі”, “Вывучэнне працэсу перапісу насельніцтва на прыкладзе стварэння дэмаграфічнага партрэта вучняў сярэдняй школы № 20 Баранавіч” і інш. Асаблівая ўвага ўдзяляецца даследаванням на маральна-этычную тэматыку: “Білборды, якія адлюстроўваюць ідэалагічныя і сямейныя каштоўнасці дзяржавы”, “Тэма дамашняга насілля над дзецьмі ў рускай літаратуры” і “Дзеці з абмежаванымі магчымасцямі ў сучаснай рускай літаратуры”. Сярод іншых цікавых тэм – “У цені паэта: ілюстратары твораў Адама Міцкевіча”, “Выяўленне пажыўной каштоўнасці страў школьнай сталовай”, “Паходжанне прозвішчаў аднакласнікаў”, “Буктрэйлер як жанр сучаснай інфармацыйна-літаратурнай прасторы”, “Філалагічны аналіз тэкстаў гімнаў Беларусі, Расіі і Украіны”, “Супрацьстаянне кірыліцы і лацініцы (мова як сродак геапалітыкі)” і інш.

Практычным вынікам работы ўдзельнікаў аб’яднання з’яўляюцца буклеты, вучэбныя дапаможнікі, электронныя каталогі, віртуальныя экскурсіі па парках Баранавіцкага раёна, буктрэйлеры ў інтэрнэце, памяткі, выступленні на класных і інфармацыйных гадзінах, бацькоўскіх сходах. Шмат увагі юныя даследчыкі ўдзяляюць знаёмству з літаратурай, правядзенню апытанняў і анкетаванняў.

- Важнае месца ў рабоце секцыі рускай мовы і літаратуры займае жывая сувязь вучняў з аўтарамі даследаваных твораў, аўтарытэтнымі навукоўцамі-філолагамі, грамадскімі і рэлігійнымі дзеячамі Беларусі і Расіі, - гаворыць Э.А.Сізова. – Прыемна, што кожны з тых, да каго дзеці звярталіся па параду ці за абгрунтаваннем іх меркаванняў, паставіўся да гэтых зваротаў з павагай, разуменнем і цікавасцю. Так, пасля доўгай электроннай перапіскі з вядомым беларускім пісьменнікам і грамадскім дзеячам Мікалаем Чаргінцом вучні атрымалі не толькі адказы на ўсе пытанні, дасланыя аўтару, але і яго кнігі з дарчымі надпісамі. Нераўнадушнымі да дзіцячых зваротаў аказаліся таксама расійская пісьменніца Тамара Крукава, мітрапаліт Валакаламскі, вікарый Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Іларыён, прафесары Сяргей Аруцюнаў і Ірына Аненкава з Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В.Ламаносава. Іх увага, падтрымка і паважлівыя адносіны да першых крокаў юных даследчыкаў надалі ім упэўненасць у правільнасці выбраных тэм, дазволілі больш глыбока пранікнуць у матэрыял, сфармуляваць дакладную і абгрунтаваную базу для пачатку даследаванняў. Работа над імі навучыла школьнікаў вылучаць гіпотэзы і праблемы, задаваць пытанні, назіраць, даказваць і абараняць уласныя ідэі, даваць вызначэнні паняццям, рабіць высновы, атрымліваць навыкі публічных выступленняў. Акрамя таго, даследчая дзейнасць добра павышае аўтарытэт яе ўдзельнікаў сярод равеснікаў.

На мінулагодняй гарадской навукова-практычнай канферэнцыі выхаванцы Э.А.Сізовай прэзентавалі дзве работы, якія былі адзначаны пахвальнымі водгукамі. Адна з іх прысвячалася даследаванню праблемы супрацьстаяння лацініцы і кірыліцы.

- Заняцца гэтай тэмай вучняў падштурнулі юбілейныя даты 2017 – 2018 гадоў: 1030-годдзе хрышчэння Русі, 500-годдзе пачатку кнігадрукавання ў Беларусі, 310-годдзе пачатку рэформы азбукі Пятром І і 100-годдзе пачатку рэформы рускай мовы, - расказвае Э.А.Сізова. – На мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў аднавілася дыскусія, звязаная з заменай кірылічных алфавітаў лацініцай. Прыхільнікі такой ідэі лічаць, што кірыліца састарэла, вычарпала сябе і не адпавядае сучасным працэсам глабаліцыі. Вучні задумаліся над гэтым пытаннем і вырашылі ацаніць станоўчыя і адмоўныя наступствы ад замены алфавітаў. Дзеці вылучылі гіпотэзу, згодна з якой у сучасным свеце ва ўмовах глабалізацыі працэс экспансіі лацініцы з’яўляецца катастрафічным для кірыліцы і пагражае славянскай ідэнтычнасці. Вучні вызначылі станоўчыя і адмоўныя бакі гэтага вострага працэсу і прапанавалі меры па яго нівеліраванні. Сярод іх – павышэнне грамадзянскай пазіцыі кожнага чалавека па захаванні кірылічнай азбукі і дзейсныя меры па яе падтрымцы на дзяржаўным узроўні.

Другая работа прысвячалася даследаванню тэмы дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі ў сучаснай рускай літаратуры. Заняцца вывучэннем гэтай тэмы школьнікаў падштурхнулі СМІ, мастацкія фільмы, літаратурныя творы і актыўная дзейнасць установы адукацыі па прыцягненні ўвагі грамадства да жыцця такіх дзяцей. Юныя даследчыкі задумаліся над тым, як сучасныя пісьменнікі расказваюць пра жыццё і праблемы асаблівых дзяцей.

- На працягу многіх дзесяцігоддзяў аўтары абыходзілі ўвагай гэтую тэму, хаця дзеці-інваліды жылі ў грамадстве заўсёды, - адзначае Э.А.Сізова. – Як і чым жывуць такія дзеці? Якія праблемы іх хвалююць? Як да іх адносяцца ў сям’і і грамадстве? Гэтыя пытанні былі ў цэнтры ўвагі вучняў. Выбар тэмы даследчай работы невыпадковы. Героі прачытаных твораў і іх захапленні вельмі блізкія сённяшнім школьнікам, бо даволі часта ў адным класе сядзяць дзеці з інваліднасцю ці сур’ёзнымі захворваннямі. У гэтым і заключаецца актуальнасць работы. Вучні лічаць, што яна дапаможа павысіць узровень маральнага развіцця школьнікаў на аснове асаблівых адносін да слова, якое данясе да іх ідэю дабрыні, міласэрнасці і роўнасці паміж людзьмі.

Юныя даследчыкі паспрабавалі высветліць не толькі ідэйна-мастацкія асаблівасці раскрыцця тэмы дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі ў сучаснай рускай літаратуры, але і тое, якімі мастацкімі сродкамі гэтая тэма раскрываецца. Школьнікі аналізавалі творы Тамары Крукавай “Косця + Ніка”, Мікалая Назаркіна “Ізумрудная рыбка” і Ірыны Пазняковай “Калі ўвесь свет нібыта за гарой”, дзе вызначалі іх тэмы, ідэі, праблемы, сістэму вобразаў і канфліктаў, вывучалі адносіны равеснікаў і іх бацькоў да заяўленай праблемы, стваралі буктрэйлеры. У сваёй рабоце вучні вылучылі гіпотэзу: калі ў дзяржаве адсутнічаюць роўныя магчымасці паміж здаровымі і асаблівымі дзецьмі, гэта сведчыць пра крызіс маральных асноў грамадскага жыцця, што паказвае сучасная руская літаратура, заклікаючы звярнуць увагу на гэтую тэму. Юныя даследчыкі прыйшлі да высновы, што яна надзвычай актуальная і сёння. Ідэі трох твораў аднолькавыя: дзеці з абмежаванымі магчымасцямі могуць стаць паўнапраўнымі членамі грамадства, адносіны да іх з боку дарослых і здаровых дзяцей павінны змяніцца, у даследаваных творах магчымасці асаблівых дзяцей не абмежаваны. Уклад вучняў у распрацоўку гэтай тэмы заключаецца ў прапагандзе сучаснай рускай літаратуры, прыцягненні ўвагі равеснікаў да праблем дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі і падрыхтоўцы іх да пачатку інклюзіўнай адукацыі. Па выніках даследавання дзеці стварылі буктрэйлер і размясцілі яго ў інтэрнэце. Матэрыялы даследчай работы выкарыстоўваюцца на ўроках пры вывучэнні сучаснай літаратуры, класных і інфармацыйных гадзінах, бацькоўскіх сходах.

- Навукова-даследчая дзейнасць карысная для вучняў любога ўзросту, бо дапамагае развіваць такія важныя якасці асобы, як самастойнасць, мэтанакіраванасць, адказнасць, ініцыятыўнасць, настойлівасць і талерантнасць, - падагульняе Э.А.Сізова.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.