Захоўваюць і прымнажаюць традыцыі

12.04.2018
Брэсцкая гімназія № 6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава знаходзіцца на тэрыторыі былога ваеннага гарадка, таму нядзіўна, што яшчэ з савецкага часу ва ўстанове адукацыі вялікая ўвага ўдзялялася грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню вучняў. Але педагогі могуць пахваліцца поспехамі і ў іншых напрамках дзейнасці.

- У свой час наша ўстанова мела эканамічны профіль, - расказвае дырэктар гімназіі Кацярына Канстанцінаўна Калейчык. – Вопыт эканамічнай адукацыі вучняў, назапашаны за многія гады, з’яўляецца надзвычай актуальным і паспяхова выкарыстоўваецца ў рабоце педагогаў. У рамках грамадзянска-патрыятычнага выхавання праходзяць штогадовыя Жукаўскія чытанні, конкурс агляду строю і песні, агульнагімназічнае свята “Алімпіёнік”, дзе ўшаноўваюцца лепшыя настаўнікі, вучні і іх бацькі. Асаблівая ўвага ўдзяляецца здароўезберажэнню. Работа ў гэтым напрамку ўключае штогадовую рэгіянальную канферэнцыю.

У гімназіі атрымліваюць веды больш за тысячу хлопчыкаў і дзяўчынак. Іх выхаваннем займаюцца 85 настаўнікаў, з якіх 75% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Ва ўстанове дзейнічаюць 9 метадычных аб’яднанняў і 3 філіялы кафедраў БрДУ імя А.С.Пушкіна. Старшакласнікі, якія вучацца ў профільных класах, асвойваюць на павышаным узроўні матэматыку, англійскую мову, грамадазнаўства, фізіку, хімію і біялогію ў розных спалучэннях. На працягу апошніх 3 гадоў гімназія рэалізоўвала інавацыйны праект “Укараненне мадэлі сеткавага ўзаемадзеяння вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму, устаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, накіраванага на выбар выпускнікамі педагагічных спецыяльнасцей”.

- Мы вельмі ганарымся педагогамі, якія з’яўляюцца лаўрэатамі і дыпламантамі розных конкурсаў і канферэнцый, уладальнікамі прэміі Брэсцкага аблвыканкама і выдатнікамі адукацыі Беларусі, - гаворыць К.К.Калейчык. – Сярод іх – Вольга Уладзіміраўна Ківачук, Вольга Уладзіміраўна Горбач, Надзея Іванаўна Лазаркова, Галіна Уладзіміраўна Ныч, Марына Арыеўна Вярэніч, Марына Аляксандраўна Казлова, Таццяна Аляксандраўна Лугоўская, Юлія Віктараўна Харчанка, Канстанцін Пятровіч Казанцаў, Любоў Уладзіміраўна Сямёнава, Марына Васільеўна Турына, Ала Мікалаеўна Куракіна і многія іншыя. Высокі ўзровень іх прафесіяналізму пацвярджаюць поспехі вучняў. Так, па выніках мінулага навучальнага года чацвёртая частка ўсіх гімназістаў займалася на 9 – 10 балаў, 17 выпускнікоў базавай школы атрымалі пасведчанні з адзнакай, а 15 выпускнікоў сярэдняй школы – залатыя медалі. Вынікі цэнтралізаванага тэсціравання дазваляюць усім колішнім гімназістам паспяхова працягваць адукацыю ва ўстановах прафесійнай і вышэйшай адукацыі. Сярод нашых выхаванцаў шмат лаўрэатаў прэміі Брэсцкага аблвыканкама і стыпендыятаў спецыяльнага фонду Презідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў.

Радуе, што гімназісты паказваюць добрыя вынікі не толькі ў інтэлектуальных, але і ў творчых спаборніцтвах рознага ўзроўню.

К.К.Калейчык лічыць, што асобу вучняў фарміруюць не толькі сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, але і візуальная прастора. Таму педагогі разам з удасканаленнем адукацыйных паслуг шмат увагі ўдзяляюць дызайну вучэбных кабінетаў і рэкрэацый, дзякуючы чаму гімназія з’яўляецца ўтульным і камфортным домам для ўсіх. Вялікую дапамогу ўстанове аказваюць бацькі, з якімі наладжана цеснае ўзаемадзеянне.

- Сёння ўстановы адукацыі не могуць эфектыўна працаваць і развівацца без сацыяльнага партнёрства, - адзначае К.К.Калейчык. – У нас склаліся вельмі цесныя і плённыя адносіны з БрДУ імя А.С.Пушкіна. Гімназія з’яўляецца апорнай пляцоўкай Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Наладжаны сувязі са школамі Мінска, Расіі і Украіны.

Паслугі гімназіі запатрабаваны ў Брэсце, пра што красамоўна сведчыць конкурс у 5-я класы (2,1 заявы на месца). Заслугі працоўнага калектыву ацэнены з боку ўлады. Так, па выніках 2011 года гімназія была прызнана лепшай установай сацыяльнай сферы ў горадзе.

- Выхаваўчыя мерапрыемствы ў гімназіі праводзяцца ў адпаведнасці з тэматычнымі перыядамі, на якія падзелены навучальны год: “Беларусь – мая Айчына”, “Юныя жукаўцы”, “Дзіўны свет творчасці”, “Памяць мне стукае ў сэрца” і “Канікулы з карысцю”, - расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Ірына Васільеўна Гардзяюк. – Прыярытэтным напрамкам дзейнасці педагогаў з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, у якім за 70 гадоў існавання ўстановы склаліся цікавыя традыцыі. Гэтыя традыцыі аб’ядноўваюць розныя пакаленні настаўнікаў, выпускнікоў і бацькоў. Так, у гімназіі ёсць свой сцяг, сімвалы якога ўвасабляюць юнацтва. Урачыстыя агульнагімназічныя мерапрыемствы праходзяць з удзелам сцяжнай групы з ліку лепшых юнармейцаў мемарыяльнага атрада. Не адно дзесяцігоддзе двор установы ўпрыгожвае яблыневы сад, пасаджаны выпускнікамі. Штогод у кастрычніку старшакласнікі папаўняюць яго маладымі дрэўцамі.

На працягу многіх гадоў праводзіцца ўрачыстае пасвячэнне пяцікласнікаў у гімназісты “Імя тваё – гімназіст!”, па выніках якога яны атрымліваюць гальштукі з эмблемай установы. Ужо даволі даўно ў ёй дзейнічае гімназічная дума, якая адыгрывае важную ролю ў вучнёўскім самакіраванні. Штогод ва ўстанове ладзяцца мерапрыемствы па ўвекавечанні памяці маршала Перамогі. Так, з мэтай фарміравання ў дзяцей гістарычных ведаў пра Вялікую Айчынную вайну і ролю Г.К.Жукава ў ёй у лістападзе-снежні праходзіць агульнагімназічная дэкада “Юныя жукаўцы”, прымеркаваная да дня нараджэння вядомага военачальніка. У рамках дэкады арганізоўваюцца Жукаўскія чытанні “Маршал Г.К.Жукаў: палкаводзец і чалавек”. Вучні рыхтуюць на канферэнцыю даследчыя і творчыя работы, прысвечаныя падзеям далёкай вайны і дзейнасці маршала. Вельмі запамінальным з’яўляецца агляд-конкурс на лепшую насценгазету пра Г.К.Жукава. Класныя кіраўнікі праводзяць для гімназістаў класныя гадзіны па вывучэнні яго біяграфіі і мемуараў. У бібліятэцы арганізоўваюцца выставы тэматычнай літаратуры і віктарыны.

Увекавечанне памяці маршала – адзін з напрамкаў работы пярвічных арганізацый БРПА і БРСМ. Члены дружыны “Добры след” праводзяць з пяцікласнікамі інтэрактыўную піянерскую гульню “Зорны маршал”. На працягу навучальнага года гімназісты наведваюць экспазіцыю, прысвечаную савецкаму военачальніку. Вучні актыўна ўдзельнічаюць у Міжнародных Жукаўскіх чытаннях “Салдат сваёй Айчыны” ў Жукаве Калужскай вобласці Расіі, а таксама ў іншых конкурсах і канферэнцыях, прысвечаных маршалу.

У рамках працоўных акцый гімназісты добраўпарадкоўваюць брацкую магілу воінаў-вызваліцелей, размешчаную ў скверы Паўднёвага мікрараёна, даглядаюць мемарыяльныя дошкі Г.К.Жукаву і К.К.Ракасоўскаму, нясуць вахту памяці. Мемарыяльная дошка Г.К.Жукаву – адзін з аб’ектаў гімназічнага краязнаўчага маршруту “Ад абеліска да абеліска”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.