Бабулі – верныя сяброўкі!
18.04.2018Усё пачалося ў 2015 годзе, яшчэ да адкрыцця дзіцячага сада № 2 Давыд-Гарадка. Менавіта бабулі будучых выхаванцаў актыўна ўдзельнічалі ў стварэнні эстэтычнага выгляду ўстановы і добраўпарадкаванні яе тэрыторыі. Высаджвалі кветкі, прыносілі сурвэткі ручной работы ў міні-музей. Пасля адкрыцця ўстановы бабулі не перасталі цікавіцца яе жыццём: разам з унукамі з вялікім задавальненнем ладзілі заняткі лялечнага гуртка і творчых выстаў. Так узнікла ідэя стварыць клуб бабуль “Нашы верныя сяброўкі – супербабулечкі”.
Мэта клуба – далучыць старэйшае пакаленне да дзейнасці дзіцячага садка, узмацніць роднасныя сувязі паміж старэйшым і малодшым пакаленнем, выхаваць у дзяцей увагу і любоў да сваіх бабуль і дзядуль. Самымі актыўнымі ўдзельнікамі клуба сталі А.К.Семянюк, Н.М.Бразоўская, Н.Г.Кецька, С.А.Раўкач і З.Д.Пліева, у якіх заўсёды шмат ідэй па тэматыцы і арганізацыі сустрэч. Кожная з іх – гэта свята, напоўненае ўсмешкамі і радасцю. Пасяджэнні клуба прысвечаны розным тэматычным і каляндарным дням. Бабулі ладзяць цікавыя майстар-класы “Лялька – абярэг для ўнучат”, “Гульня і цацкі ў жыцці дзяцей”, “Кветкі ў нашым жыцці” і інш.
Падчас сустрэч іх удзельнікі расказваюць пра сваё дзяцінства, любімыя гульні і заняткі ў вольны час, даюць парады ўнукам. У сваю чаргу дзеці дораць бабулям вершы, музычныя і танцавальныя нумары.
Кожная сустрэча завяршаецца сумесным выкананнем гімна клуба і частаваннем пірагамі з чаем. Нашым бабулям усё па плячы: і вытанчаны італьянскі дэсерт, і шыкоўны макавы рулет, і пяшчотная шарлотка з райскімі яблычкамі.
“Прыемна, што нас памятаюць і любяць!”, - гавораць бабулі. Гэтыя словы – лепшая ўзнагарода за дзейнасць педагогаў.
Алена СІМАНОВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада №2 Давыд-Гарадка Столінскага раёна.