Рэсурсны цэнтр выхаваўчай работы: цікава, эфектыўна, вынікова

19.04.2018
Выхаваўчая работа – адзін з галоўных напрамкаў адукацыйнага працэсу. Веды, каштоўнасці, практычныя навыкі і ўменні, сфарміраваныя падчас гэтай работы, вызначаюць далейшую жыццяздольнасць і сацыяльныя перспектывы выпускнікоў школы. Зразумела, што выхаваўчая работа патрабуе ўмелага суправаджэння, дапамогі і падтрымкі. З гэтай мэтай на Піншчыне былі створаны профільныя рэсурсныя цэнтры.

- Прааналізаваўшы вынікі рэалізацыі комплекснай праграмы выхавання за 2011 – 2015 гады, мы вылучылі шэраг праблем у арганізацыі выхаваўчай работы, якія патрабавалі канкрэтнага і аператыўнага вырашэння, - расказвае галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Пінскага райвыканкама І.М.Ліра. – Акрамя таго, у функцыянаванні выхаваўчай сістэмы існавалі цяжкасці, звязаныя з асваеннем новых адукацыйных і сацыяльна-педагагічных практык, якія адпавядалі б прынцыпам варыятыўнасці, ініцыятывы, апераджальнага развіцця, адкрытасці і прафесіяналізму. У шэрагу школ адсутнічала пераемнасць выхаваўчай работы паміж ступенямі навучання, назіралася недастатковае ўзаемадзеянне з установамі прафесійнай і вышэйшай адукацыі. Даволі часта работа ў гэтым напрамку вялася фармальна, несістэмна і фіктыўна. Таму раённы аддзел адукацыі, спорту і турызму разам з калектывамі школ вырашаў удзяліць праблеме ўдасканалення і развіцця выхаваўчага працэсу асаблівую ўвагу. Адным з дзейсных сродкаў вырашэння гэтай і іншых праблем стала адкрыццё рэсурсных цэнтраў па выхаваўчай рабоце, якія сканцэнтравалі матэрыяльна-тэхнічныя, вучэбна-метадычныя і кадравыя рэсурсы ў галіне выхавання вучняў, развіцця ў педагогаў новых кампетэнцый, узмацнення практычнай значнасці і інструментальнай накіраванасці выхаваўчай дзейнасці. Калі ў 2004 годзе на базе ўстаноў адукацыі Піншчыны працаваў толькі адзін такі цэнтр, то сёння іх ужо 9.

На сайтах устаноў, дзе адкрыты рэсурсныя цэнтры, створаны ўкладкі з неабходнай нарматыўнай прававой і праграмнай дакументацыяй, а таксама метадычнай прадукцыяй. Усе пасяджэнні метадычных фарміраванняў па выхаваўчай рабоце праводзяцца на базе рэсурсных цэнтраў у залежнасці ад тэматыкі пасяджэнняў.

- Адна з галоўных функцый рэсурсных цэнтраў – арганізацыя метадычнай вучобы педагогаў-арганізатараў выхаваўчай работы, - гаворыць І.М.Ліра. – На базе цэнтраў праходзяць выязныя семінары-практыкумы, творчыя майстэрні і майстар-класы, ажыццяўляецца кансультацыйная дзейнасць. У рабоце цэнтраў выкарыстоўваюцца навейшыя метадычныя і педагагічныя тэхналогіі, якія дазваляюць больш якасна павышаць прафесійную кампетэнтнасць настаўнікаў. На ўзроўні раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму арганізавана навучанне кіраўнікоў рэсурсных цэнтраў з удзелам зацікаўленых структур і арганізацый. Саветы цэнтраў адказваюць за правядзенне маштабных раённых мерапрыемстваў.

Рэсурсныя цэнтры ўжо даказалі сваю мэтазгоднасць. Так, дзякуючы ім і скаардынаванай рабоце, павялічылася колькасць дзяцей, занятых у аб’яднаннях па інтарэсах (77%). У шосты школьны дзень працуюць 80% такіх аб’яднанняў і 72 факультатывы. Па выніках абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня 3 праекты ад Піншчыны атрымалі дыпломы ІІ ступені. З мэтай прапаганды і папулярызацыі дасягненняў вучняў і педагогаў у галіне тэхнічнай творчасці прайшоў І раённы конкурс “Тэхнічны батл”, арганізаваны пры ўдзеле рэсурснага цэнтра па тэхнічнай творчасці. У выніку прадстаўнікі Піншчыны паспяхова выступілі ў абласным конкурсе.

- Дзякуючы сістэмнай і мэтанакіраванай рабоце з вучнямі, педагогамі і бацькамі, удалося не дапусціць росту проціпраўных дзеянняў з боку непаўналетніх, - адзначае І.М.Ліра. – Так, вучні Піншчыны ўчынілі летась на 20 правапарушэнняў менш, чым у 2016 годзе. Па выніках ХVІІ Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі “Правільны прафесійны выбар – упэўненая будучыня маладога пакалення” педагогі 4 устаноў адукацыі Піншчыны атрымалі дыпломы ІІ і ІІІ ступені. Праект школьнага атэлье, падрыхтаваны дзевяцікласнікамі Пінкавіцкай сярэдняй школы імя Якуба Коласа, удзельнічаў у Рэспубліканскім конкурсе школьных бізнес-ідэй, дзе быў адзначаны падзячным пісьмом дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Беларусі ў намінацыі “Лепшая бізнес-ідэя ў сферы вытворчасці тавараў і рамесніцтва”.

Па словах І.М.Ліры, сетка рэсурсных цэнтраў па розных напрамках выхаваўчай работы дазваляе своечасова вырашаць праблемы ў галіне выхавання на ўзроўні не толькі канкрэтных устаноў адукацыі, але і раёна, вызначаць перспектывы іх развіцця, адпрацоўваць з педагогамі эфектыўныя тэхналогіі і метадычныя прыёмы выхаваўчай дзейнасці. На жаль, у педагогаў сельскіх школ існуюць пэўныя цяжкасці з наведваннем рэсурсных цэнтраў. З улікам гэтага выкарыстоўваецца дыстанцыйная форма работы для ўзаемаабмену інфармацыяй і цікавым вопытам.

- Радуе, што педагогі ўжо не проста транслююць веды, а здольны праектаваць сумесную дзейнасць з вучнямі, супрацоўнічаць і наладжваць прафесійныя зносіны, - падагульняе І.М.Ліра.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.