Жыць у памяці пакаленняў…
20.04.2018Ініцыятыўная група Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Л.Я.Давыдавай на працягу года працавала над праектам “Арт-сквер “Жыць у памяці пакаленняў...”, накіраваным на патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне моладзі, адраджэнне і ўвекавечанне памяці герояў-удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.
У 2000 годзе скверу, што прылягае да тэрыторыі каледжа, было прысвоена імя Героя Савецкага Саюза М.Ц.Сцепанішчава. Закладзены ў 70-я гады мінулага стагоддзя, сквер з цягам часу дзічэў і марнеў. Непрывабны выгляд сквера не мог з’яўляецца ўзорным аб’ектам патрыятычнага выхавання, таму ўдзельнікі навуковага таварыства каледжа “Веданне. Пошук. Творчасць” вырашылі прывесці яго ў належны стан. Падчас пошукавай работы навучэнцы высветлілі, што мемарыяльная дошка на каледжы, прысвечаная двойчы Герою Савецкага Саюза М.Ц.Сцепанішчаву, застаецца незаўважанай і як след не інфармуе пра гэтага чалавека.
Удзельнікі праекта сабралі дакументальныя матэрыялы пра М.Ц.Сцепанішчава і герояў-лётчыкаў, імёны якіх носяць гарадскія вуліцы. Аказалася, што Міхаіл Ціханавіч у гады Вялікай Айчыннай вайны змагаўся ў небе над Масквой і Сталінградам, на Каўказе, ва Украіне, Крыме, Беларусі, Літве і Германіі. Пачаўшы вайну радавым байцом, скончыў яе ў званні гвардыі маёра, здзейсніў 234 баявыя вылеты. Пасля вайны камандаваў лётным палком у Баранавічах. За свае подзвігі М.Ц.Сцепанішчаў быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Багдана Хмяльніцкага ІІІ ступені, Аляксандра Неўскага і Айчыннай вайны І ступені, чатыры разы ордэнам Чырвонага сцяга і медалямі. Удалая лётная кар’ера, нягледзячы на цяжкую траўму, падарыла лепшыя гады жыцця, славу, узнагароды і ўшанаванні, але ў 1946 годзе Міхаіл Ціханавіч трагічна загінуў ва ўзросце 29 гадоў і пахаваны ў нашым горадзе. Летась гэтаму чалавеку споўнілася б 100 гадоў.
Пасля праведзенага даследавання кіраўнік навуковага таварыства навучэнцаў Л.Я.Давыдава выступіла з прапановай прыцягнуць увагу мясцовага насельніцтва і гасцей да гісторыі горада і подзвігу герояў, аформіўшы сквер арт-аб’ектамі і малымі архітэктурнымі формамі, прысвечанымі героям-лётчыкам. Планавалася выкарыстоўваць сквер як пляцоўку для правядзення тэматычных мерапрыемстваў.
Закіпела работа. Навучэнцы рыхтавалі інфармацыйныя матэрыялы пра подзвіг герояў-лётчыкаў у мясцовых СМІ. У сацыяльных сетках была зарэгістравана група “Арт-сквер “Жыць у памяці пакаленняў”.
Для паспяховай рэалізацыі праекта патрабаваліся фінансавыя сродкі. З гэтай мэтай навучэнцы прынялі ўдзел у конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend 9, дзе атрымалі не толькі неабходныя веды па рэалізацыі праекта, але і сабралі грошы на краўдфандынгавай пляцоўцы, правялі ў падтрымку праекта аўкцыёны сустрэч, аказвалі платныя паслугі для гараджан па стрыжцы валасоў і рамонце адзення, прапаноўвалі на кірмашах-продажах вырабы, створаныя сваімі рукамі.
Гарадская ўлада, прадпрыемствы і арганізацыі Баранавіч, звычайныя жыхары не засталіся абыякавымі да прапановы навучэнцаў. Ініцыятыву каледжа аб перайменаванні аўтобуснага прыпынку ў “Сквер імя М.Ц.Сцепанішчава” падтрымаў гарвыканкам. У рамках праекта разам з аўтобусным паркам № 2 адбылася рэкламная акцыя “Іх імёнамі названы вуліцы горада”: на працягу 10 дзён ва ўсіх аўтобусах Баранавіч гучаў аўдыёзапіс пра летчыкаў-герояў, падрыхтаваны ініцыятыўнай групай каледжа. У падтрымку праекта ў скверы прайшоў флэшмоб з удзелам выкладчыкаў і навучэнцаў каледжа, ветэранаў і вучняў сярэдняй школы № 21, чыя піянерская дружына носіць імя героя.
Былі распрацаваны эскізы арт-аб’ектаў, адзін з якіх зацвердзіў гарвыканкам: у цэнтры пляцоўкі размешчаны памятны знак “Пятля Несцерава” як сімвал адданасці, самаахвярнасці, мужнасці і неўміручасці лётчыкаў, чые імёны ўвекавечаны ў назвах гарадскіх вуліц. Арт-аб’ект “Пятля Несцерава” можна лічыць народным: ДРБУ-116 падарыў камень, Баранавіцкі авіярамонтны завод правёў тэндар на выраб аб’екта, а мармуровая дошка была набыта на грошы, заробленыя на краўдфандынгавай пляцоўцы.
Змянілася і памятная дошка на сцяне каледжа. На ёй з’явіліся самалёт, дзве зоркі і галінка славы, якія сімвалізуюць подзвіг М.Ц.Сцепанішчава. Цяпер цяжка прайсці міма дошкі, не звярнуўшы ўвагу.
Вясной з’явіцца клумба “Салют”, якая ўпрыгожыць газон ля памятнага знака. Даглядаць за ёй будуць мясцовыя жыхары і валанцёры.
Напрыканцы мінулага года ў Мінску прайшоў фінальны этап марафону паспяховых практык спецыялістаў у сферы работы з моладдзю. Са 153 праектаў у фінал выйшлі 20, сярод якіх аказаўся і праект “Арт-сквер “Жыць у памяці пакаленняў...”. Журы высока ацаніла ідэю праекта – выхаванне моладзі на мясцовым матэрыяле з прыцягненнем яе да сацыяльнага праектавання, накіраванага на змяненне рэальнай сітуацыі.
Таццяна БЕГЕР,
Людміла ДАВЫДАВА,
выкладчыкі Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання.