З любоўю да роднай зямлі

25.04.2018
Дружна і весела прайшоў рэспубліканскі суботнік ва ўстановах адукацыі Брэстчыны. Вясенні сонечны дзень падарыў педагогам і дзецям шмат яркіх уражанняў ад сумеснай працы па навядзенні парадку на роднай зямлі.

З самага ранку кіпела работа на тэрыторыі гімназіі № 4 Брэста. Ужо здалёк заўважалася, што тут актыўна папрацавалі ў папярэднія дні. Прыемна радавалі вока пабеленыя дрэвы, пафарбаваная агароджа, акуратныя газоны…

- Тэрыторыя нашай установы даволі вялікая і патрабуе пастаяннага догляду за шматлікімі дрэвамі, клумбамі і газонамі, - расказвае дырэктар гімназіі Алена Васільеўна Шкулепа. – Работы па добраўпарадкаванні вядуцца круглы год. Найбольш значнымі і масавымі мерапрыемствамі з’яўляюцца асеннія і вясеннія суботнікі. Гэта адна з вельмі добрых традыцый савецкага мінулага, якая дапамагае згуртаваць калектыў вакол агульнай справы, навесці парадак на гімназічным двары і прылеглай тэрыторыі, далучыць дзяцей да карыснай працы і атрымаць шмат радасных эмоцый.

Паколькі выканаць увесь аб’ём работ па добраўпарадкаванні за адзін суботні дзень немагчыма, педагогі і вучні шчыравалі на зямлі на працягу двух тыдняў. За кожным метадычным аб’яднаннем настаўнікаў і класам былі замацаваны ўчасткі і вызначаны від дзейнасці. Дарослыя і дзеці бялілі дрэвы і абкопвалі іх, прыбіралі пустазелле, разбівалі новыя клумбы і прыводзілі ў парадак існуючыя, высаджвалі кветкі, падразалі кусты, угнойвалі глебу, засейвалі травой газоны… Вялікую дапамогу ў добраўпарадкаванні гімназічнага двара і прылеглай тэрыторыі аказалі КУП “Брэстжылбуд” і Брэсцкае дарожна-эксплуатацыйнае прадпрыемства.

- Любоў да Радзімы пачынаецца з навядзення парадку на роднай зямлі, - лічыць А.В.Шкулепа. – Падчас суботнікаў дзеці бачаць, што праца можа быць цікавай і прыгожай. А стварыць прыгажосць вакол сябе няцяжка. Галоўнае – паказаць прыклад. Вучні шчыра радуюцца вынікамі сваёй дзейнасці, дзякуючы якой не толькі атрымліваюць важныя працоўныя ўменні і навыкі, але і дапамагаюць гімназіі стаць больш утульнай і эстэтычна прывабнай.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

***

Тэрыторыя Маларыцкай раённай гімназіі, якая складае больш за 2,5 га, падтрымліваецца ў парадку і чысціні на працягу года. За кожным класам замацавана свая плошча, дзе вучні шчыруюць падчас грамадска карыснай працы і летняй працоўнай практыкі. У цяпліцы вырошчваецца кветкавая расада, якая высаджваецца на клумбы.

Удзел гімназіі ў праекце “Зялёная школа” дапамагае фарміраваць працоўныя навыкі і экалагічныя паводзіны дзяцей, якія вучацца гаспадарыць на зямлі, спасцігаюць раслінны і птушыны свет, праводзяць розныя даследаванні і маніторынгі па энерга- і водазберажэнні.

Педагогі і вучні прынялі актыўны ўдзел у сёлетнім рэспубліканскім суботніку. Справа знайшлася кожнаму. Арганізавана, дружна, зладжана і добрасумленна працавалі ўсе. Настаўнікі і дзеці наводзілі парадак на тэрыторыі гімназіі, прыбіралі алею ў гарадскім парку, закладзеную ў гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі, і месца каля памятнага знака, усталяванага ў гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў, удзельнічалі ў штогадовай акцыі “Тыдзень лесу”.

- Пасля суботніка наша гімназія стала самай прыгожай установай у горадзе, - упэўнены дзесяцікласнік Мікіта Піпко. – Прыемна ўсведамляць, што ў гэтым ёсць і мая заслуга. Суботнік прайшоў, а прыгажосць засталася.

- Калі вакол чыста, то і вучыцца прыемна, - гаворыць шасцікласнік Мацвей Наўрасюк. – Сумесная праца прыносіць карысць гімназіі і дорыць станоўчыя эмоцыі.

- Наводзіць і падтрымліваць парадак – справа кожнага, - лічыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Наталля Асіпук. – Важна, што гэта не разавая акцыя, а сістэмная і мэтанакіраваная работа з вялікім выхаваўчым патэнцыялам.

Мікалай НАВУМЧЫК,

намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.

Фота аўтара.

***

“Край навек родны, любімы” – пад такім дэвізам у Відамлянскай сярэдняй школе Камянецкага раёна прайшоў суботнік, падчас якога настаўнікі і вучні высадзілі больш за 1,5 тысячы браткоў. Каб атрымаць добрую расаду, давялося шмат папрацаваць. Дзеці збіралі насенне, рыхтавалі глебу, рабілі вясеннія падкормкі… І вось цяпер кветкавыя клумбы радуюць прыгажосцю не толькі педагогаў і вучняў, але і ўсіх жыхароў аграгарадка.

Тамара СТРАПКО,

дырэктар Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.