Эфектыўная мадэль алімпіяднай работы

26.04.2018
Адным з асноўных крытэрыяў эфектыўнай работы з адоранымі дзецьмі з’яўляюцца вынікі, дасягнутыя імі ў алімпіядным руху, навуковых канферэнцыях і творчых конкурсах. На працягу апошніх гадоў школьнікі Пінска даволі паспяхова ўдзельнічаюць у іх. Гэта заканамерны вынік сістэмнай і мэтанакіраванай дзейнасці таленавітых педагогаў.

- Работа па выяўленні адораных дзяцей пачынаецца ўжо ў пачатковай школе, - расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Пінскага гарвыканкама Я.М.Мендзель. – З гэтай мэтай праводзяцца прадметныя алімпіяды для чацвёртакласнікаў. Эстафету алімпіяднага руху працягваюць гарадскія алімпіяды па ўсіх прадметах для вучняў 5 – 9 класаў і рэспубліканская алімпіяда для вучняў 8 – 11 класаў. Удзел у інтэлектуальных спаборніцтвах дазваляе школьнікам вызначыцца з адукацыйнымі прыярытэтамі, неабходнымі для далейшага мэтанакіраванага і паглыбленага вывучэння пэўных прадметаў і прафесійнага самавызначэння. Задача педагогаў – стварыць для гэтага неабходныя ўмовы.

Прасачыць дынаміку паспяховасці адораных вучняў на розных узроставых этапах і выбудаваць сістэму работы з імі дапамагае банк даных “Адораныя дзеці”, дзе адсочваюцца пераможцы інтэлектуальных спаборніцтваў і конкурсаў рознага ўзроўню. 5 гадоў назад з мэтай удасканалення сістэмы падрыхтоўкі школьнікаў да рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, максімальнага выкарыстання інтэлектуальнага і прафесійнага патэнцыялу настаўнікаў былі арганізаваны гарадскія рэсурсныя цэнтры. Сёння яны дзейнічаюць на базе 14 устаноў адукацыі па 12 прадметах з удзелам 40 настаўнікаў, якія маюць выніковы вопыт падрыхтоўкі дзяцей да алімпіяд і інтэлектуальных конкурсаў. Рэсурсныя цэнтры наведваюць пераможцы раённых і абласных этапаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. У 32 групах, кожная з якіх складаецца не больш як з 10 чалавек, займаюцца 268 вучняў.

Перад абласным этапам рэспубліканскай прадметнай алімпіяды ў горадзе праходзяць вучэбна-трэніровачныя зборы. Да заняткаў з алімпіяднікамі прыцягваюцца самыя вопытныя педагогі. Інтэграцыя ведаў і вопыту настаўнікаў розных устаноў прыносіць добрыя вынікі.

- Важную ролю ў рабоце з адоранымі і высокаматываванымі вучнямі адыгрывае ўзаемадзеянне ўстаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, - гаворыць Я.М.Мендзель. – Так, для падрыхтоўкі алімпіяднікаў запрашаюцца выкладчыкі Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, які з’яўляецца базай правядзення вучэбна-трэніровачных збораў і заняткаў з вучнямі ў рэсурсных цэнтрах па біялогіі і хіміі. Для ўдзельнікаў заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды распрацоўваюцца індывідуальныя адукацыйныя праграмы і траекторыі. Кіраўнікі школ выдзяляюць дадатковы час у вучэбным працэсе для індывідуальнай падрыхтоўкі дзяцей, якія вывучаюць шэраг прадметаў у форме экстэрнату. Для алімпіяднікаў складаецца індывідуальны расклад вучэбных заняткаў.

Па словах Я.М.Мендзеля, адным з эфектыўных напрамкаў работы з адоранымі дзецьмі з’яўляецца арганізацыя профільных летнікаў, у якіх ствараецца спрыяльнае сацыяльна-культурнае асяроддзе, дзе вучні могуць праявіць сябе ў розных відах інтэлектуальнай і творчай дзейнасці, задаволіць свае патрэбы ў пазнанні і разумовай актыўнасці ў вольнай і нязмушанай абстаноўцы, знайсці сяброў і аднадумцаў. Праграма летніка сінтэзуе вучэбныя, адпачынкавыя і спартыўныя мерапрыемствы.

- Настаўнікі, якія паспяхова працуюць з адоранымі дзецьмі, уключаны ў гарадскі банк даных творчых педагогаў “Ёсць такі настаўнік!”, - расказвае Я.М.Мендзель. – Больш за 10 пінскіх педагогаў – лаўрэаты прэміі спецыяльнага прэзідэнцкага фонду. Сярод лепшых – настаўнік працоўнага навучання Андрэй Васільевіч Тарэлкін з сярэдняй школы № 16, настаўніца інфарматыкі Ірына Анатольеўна Ганчар і настаўніца біялогіі Іна Юр’еўна Кавальчук з сярэдняй школы № 12, настаўніца рускай мовы і літаратуры Таццяна Яўгенаўна Садоўская з гімназіі № 3 імя В.З.Каржа, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Наталля Іванаўна Іванцова з сярэдняй школы № 15 і многія іншыя.

Трэба адзначыць, што ў кожнай установе адукацыі створана ўласная сістэма падрыхтоўкі алімпіяднікаў. Так, ужо 8 гадоў у гімназіі № 2 працуе настаўнік нямецкай мовы з Германіі, які дапамагае калегам і вучням у размоўнай практыцы. Штогод выхаванцы сярэдняй школы № 16 перамагаюць у заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні.

- Сёння можна гаварыць пра перспектыўную рэгіянальную мадэль падрыхтоўкі вучняў да рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, - адзначае Я.М.Мендзель. – Эфектыўнасць гэтай мадэлі вызначаецца шэрагам паказчыкаў. Так, у сёлетнім абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды колькасць уладальнікаў дыпломаў павялічылася з мінулагодніх 46 да 70. Назіраецца ўстойлівы рост пераможцаў заключнага этапу інтэлектуальных спаборніцтваў: у 2016 годзе – 4, у 2017-м – 9. Па выніках мінулага года 11 пінскіх школьнікаў былі адзначаны прэміямі спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў. Поспехі дзяцей – гэта прэстыж настаўнікаў, устаноў адукацыі і горада.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.