Ад самастойнай вучэбнай дзейнасці – да актывізацыі мыслення

26.04.2018
Урокі гісторыі адыгрываюць важную ролю ў фарміраванні светапогляду вучняў. Кожны педагог задумваецца над тым, як зрабіць заняткі найбольш эфектыўнымі. Вырашыць гэтую праблему дапамагаюць розныя метады навучання.

- Неабходнай умовай якаснай адукацыі з’яўляецца наяўнасць у вучняў навыкаў самастойнай работы, - гаворыць настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Таццяна Уладзіміраўна Мішчук з сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Брэста. – Для сучаснага ўрока не падыходзіць старая схема “пачуў – запомніў – пераказаў”. Найбольшыя вынікі прыносіць схема “пазнаў разам з настаўнікам – асэнсаваў – запомніў – выкарыстаў на практыцы”. Сённяшнія вучні павінны быць не пасіўнымі назіральнікамі, а творчымі, актыўнымі і здольнымі выказваць уласныя меркаванні. Фарміраваць кампетэнцыі, якія спатрэбяцца ў розных жыццёвых сітуацыях, немагчыма без самастойных форм навучання. Задача настаўніка – дапамагчы дзецям трывала і ўсвядомлена засвоіць факты, імёны і даты, развіваючы ў вучняў такія прыёмы мыслення, як аналіз, сінтэз, параўнанне і канкрэтызацыя.

У сваёй дзейнасці Т.У.Мішчук аддае перавагу актыўным формам і метадам самастойнай работы школьнікаў. Для гэтага Таццяна Уладзіміраўна выкарыстоўвае заданні розных тыпаў на этапе вывучэння новага матэрыялу, яго асэнсавання, абагульнення і сістэматызацыі. Вучні педагога працуюць самастойна і на ўроках, і дома.

- Развіваць навыкі і прыёмы самастойнай здабычы інфармацыі дапамагае работа з падручнікам і гістарычнымі картамі, - расказвае настаўніца. – Так, працуючы з картамі, прапаноўваю вучням не толькі паказаць межы і месцазнаходжанне пэўных краін і гарадоў, але і выявіць уплыў іх геаграфічнага становішча на гістарычнае развіццё. Гэта дазваляе мне мадэляваць розныя сітуацыі і праводзіць заняткі ў інтэрактыўным рэжыме, а дзецям – лепш успрымаць і засвойваць матэрыял, асабліва пры вывучэнні аб’ёмных тэм і раздзелаў. Вядома, у правядзенні ўрокаў, звязаных з самастойнай работай вучняў, ёсць пэўныя цяжкасці. Настаўніку даводзіцца адначасова арганізоўваць дзейнасць школьнікаў, кансультаваць іх, ствараць умовы для эфектыўнай работы, абагульняць сказанае і зробленае, знаходзіць выйсце з тупіковых сітуацый і нават імправізаваць. Пры выбары актыўных форм і метадаў самастойнай работы вучняў трэба памятаць, што яны патрабуюць вялікай колькасці часу і што на іх нельга будаваць увесь вучэбны працэс. Такія ўрокі варта чаргаваць з традыцыйнымі, уключаючы ў іх элементы самастойнай работы.

Дзейнасць Т.У.Мішчук прыносіць плён: палепшыліся вынікі ўдзелу вучняў у алімпіядах, творчых конкурсах, інтэлектуальных гульнях і канферэнцыях. У фарміраванні камунікатыўных уменняў і навыкаў дзяцей вялікую ролю адыгрывае школьны клуб “Дэбаты”. Фарміраваць даследчыя кампетэнцыі вучняў дапамагае навуковае таварыства “Шанс”.

Вопыт Т.У.Мішчук з’яўляецца часткай рэалізацыі інавацыйнага праекта Міністэрства адукацыі Беларусі па ўкараненні мадэлі суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі ў яе прафесійным станаўленні. У рамках праекта патрабавалася скласці індывідуальныя адукацыйныя праграмы вучняў, немагчымыя без самастойных форм і метадаў работы. З’яўляючыся настаўнікам-цьютарам, Таццяна Уладзіміраўна працавала па такой праграме з адзінаццацікласнікам Мікітам Нічыпаруком. За 3 гады юнак паказаў добрыя вынікі не толькі ў вывучэнні гісторыі і грамадазнаўства, але і іншых прадметаў. Акрамя таго, палепшыліся і асобасныя якасці вучня. На рахунку Мікіты – дыпломы, атрыманыя па выніках раённых навукова-практычных канферэнцый і алімпіяд. Дзякуючы актыўнаму ўдзелу ў клубе “Дэбаты” і навуковым таварыстве “Шанс”, юнак развіў лідарскія якасці і палепшыў камунікатыўныя ўменні. Юнак з’яўляецца сакратаром пярвічнай арганізацыі БРСМ, намеснікам старшыні Рэспубліканскага каардынацыйнага савета маладзёжнага парламента Беларусі і членам маладзёжнага парламента пры гарадскім Савеце дэпутатаў.

Т.У.Мішчук распрацавала 12 урокаў па выкарыстанні метадаў самастойнай работы вучняў. Педагог ахвотна дзеліцца назапашаным вопытам з калегамі падчас семінараў, адкрытых заняткаў, метадычных форумаў, пасяджэнняў метадычнага аб’яднання і інш.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.