З любоўю і павагай да спадчыны

26.04.2018
- У час інавацый і тэхнічнага прагрэсу людзі забываюць нацыянальную культуру і гісторыю, падмяняюцца традыцыйныя каштоўнасці і светапоглядныя арыенціры, - гаворыць выхавальніца Кобрынскага дзіцячага дома Лілія Аркадзьеўна Галаўко. – Забываць тое, што дасталася нам у спадчыну ад продкаў, недапушчальна, таму вельмі важна выхоўваць у дзяцей цікавасць і павагу да нацыянальнай культуры, мастацтва і традыцый, пачуццё гонару за гісторыю Радзімы.

На працягу многіх гадоў Лілія Аркадзьеўна з’яўляецца кіраўніком гуртка “Спадчына”, дзе замацоўвае веды выхаванцаў пра сваю краіну, знаёміць з культурай і традыцыямі беларускага народа, вучыць шанаваць спадчыну.

- Дашкольнікі вельмі ўспрымальныя да пацешак, песень, вершаў, казак і гульняў, таму пачынаю знаёміць дзяцей з нацыянальнай культурай з фальклору, - расказвае Л.А.Галаўко. – Дзеці з вялікім задавальненнем займаюцца ў гуртку: гуляюць у беларускія гульні, спяваюць песні, чытаюць вершы, слухаюць казкі і інш.

Вынікам гуртковай дзейнасці з’яўляюцца паказальныя забаўляльныя мерапрыемствы “Дзівосны куфэрак”, “Вячоркі”, “Пасядзелкі ў бабулі Алёны” і іншыя, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі паказваюць добрыя веды малых форм беларускага фальклору, культуры, мастацтва і народных традыцый.

Работа Л.А.Галаўко не абмяжоўваецца толькі гуртковымі заняткамі. Педагог штодзень знаёміць дзяцей з новымі беларускімі словамі, вершамі, скорагаворкамі, прыказкамі і прымаўкамі. Падчас шматлікіх экскурсій і паездак хлопчыкі і дзяўчынкі бачаць прыроднае багацце роднай краіны, далучаюцца да гістарычнага мінулага свайго народа. Усё гэта, лічыць Лілія Аркадзьеўна, з’яўляецца надзейным падмуркам патрыятычнага выхавання.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.