Юныя тэатралы

28.04.2018
У Кобрынскім дзіцячым доме выхоўваюцца 30 дзяцей з АПФР, з якімі займаюцца вопытныя педагогі пад кіраўніцтвам дырэктара Н.А.Дудко. Арганізаваць адукацыйны працэс для сірот даволі складана, а для асаблівых – тым больш. Але педагогі дзіцячага дома паспяхова развіваюць творчыя здольнасці выхаванцаў.

- Гуртковая работа дорыць дзецям шмат яркіх уражанняў, - расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ж.А.Астапук. – Радасныя эмоцыі ўзнімаюць жыццёвы тонус, падтрымліваюць бадзёры настрой. Хлопчыкі і дзяўчынкі ахвотна займаюцца ў гуртках “Наш тэатр”, “Чароўны пясок”, “Рытміка”, “Арыгамі”, “Чароўны аркуш паперы”, “Гаспадыня”, “Вясёлыя ноткі”, “Экалабараторыя “Экапазнайка”, “Пазнай сябе”, “Мукасолька”, “Спадчына”, “Калякі-малякі”, “Цудоўная майстэрня” і інш. Асаблівай папулярнасцю ў дзяцей карыстаецца тэатралізаваная дзейнасць, якая максімальна набліжана да гульні і стварае добрыя ўмовы для развіцця звязнага маўлення дашкольнікаў.

Тэатральны гурток “Наш тэатр” дзейнічае з 2009 года. У ім займаюцца асаблівыя дзеці ва ўзросце ад 4 да 8 гадоў. Да тэатральнай творчасці хлопчыкаў і дзяўчынак далучаюць выхавальніцы Ніна Міхайлаўна Борынскіх і Таццяна Васільеўна Аністратава, настаўнік-дэфектолаг Галіна Аляксандраўна Дэль і музычны кіраўнік Таццяна Мікалаеўна Данілюк.

- Гурток ствараўся з мэтай творчай самарэалізацыі дзяцей, павышэння іх цікавасці да тэатральна-гульнявой дзейнасці, развіцця мастацкіх здольнасцей, фантазіі і выразнага маўлення, пашырэння ўяўленняў пра навакольную рэчаіснасць, фарміравання ўменняў і навыкаў перадачы вобразаў рухамі рук і пальцаў, выхавання ўпэўненасці ў сабе, - гаворыць Ж.А.Астапук. – Гурткоўцы выконваюць розныя гульнявыя практыкаванні і эцюды, удзельнічаюць у тэатралізаваных спектаклях і гульнях з цацкамі, разыгрываюць вершы-пацешкі і інш. Сістэматычныя заняткі дазваляюць выхаванцам свабодна і актыўна ўключацца ў гульні, прымяраць пэўныя ролі і нават дапамагаць адно аднаму, што сведчыць пра развіццё памяці і ўзаемавыручку. Сарамлівыя і нясмелыя дзеці ператвараюцца ў сапраўдных артыстаў.

Па словах Ж.А.Астапук, тэатралізаваныя гульні з’яўляюцца для дзяцей першымі ўзорамі для пераймання. У пачатку работы гуртка хлопчыкам і дзяўчынкам вельмі падабалася, як педагогі выконваюць ролі казачных персанажаў, гавораць і дзейнічаюць за іх. Многія дзеці таксама захацелі паўдзельнічаць у гульнях: пакіраваць лялькамі, пабываць Зайчыкам, Мядзведзем ці Лісічкай, паэксперыментаваць з інтанацыяй, мімікай, вымаўленнем гукаў і пабудовай сказаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем далучыліся да гульні, з радасцю пераўвасабляючыся ў розныя вобразы.

Дзеці ахвотна наведваюць заняткі гуртка, дапамагаюць дарослым рыхтаваць касцюмы і дэкарацыі, актыўна ўдзельнічаюць у забаўляльных мерапрыемствах, казках- і гульнях-драматызацыях, лялечных спектаклях і інсцэніроўках. Гурткоўцы паказваюць тэатралізаваныя спектаклі не толькі выхаванцам дзіцячага дома, але і дашкольных устаноў горада.

- Падбіраючы рэпертуар, педагогі ўдзяляюць вялікую ўвагу фарміраванню асноў бяспечных паводзін дзяцей у штодзённым жыцці, - адзначае Ж.А.Астапук. – Падчас тэатралізаваных спектакляў “Агнявушка-Паскакушка”, “Хлопчык-Незгарайчык”, “Кошкін дом”, “Ад бяды ратуе дружба” і “Церамок” дзеці знаёмяцца з правіламі пажарнай бяспекі і бяспечных паводзін у побыце. Удзельнічаючы ў падрыхтоўцы і паказе спектакляў “Цікаўнае цыпляня”, “Не будзіце да вясны”, “Кацюшын сон” і “Казка пра дрэвы”, гульні-забаве “Экскурсія ў вясенні лес”, хлопчыкі і дзяўчынкі спасцігаюць навакольны свет ва ўсёй яго разнастайнасці праз вобразы, фарбы і гукі. Фарміраваць патрыятычныя пачуцці, выхоўваць любоў да Радзімы і беларускай мовы, пашыраць уяўленні пра багацце, прыгажосць і непаўторнасць роднага краю дапамагаюць драматызацыі народных казак “Гарлачык”, “Лісіца-хітрыца” і інш. Дзякуючы педагогам, гурткоўцы навучыліся працаваць з верхавымі лялькамі, тэатрам лыжак, развіваць сюжэт, эмацыянальна выкарыстоўваць міміку, жэсты і інтанацыю, выразна чытаць вершы, выконваць розныя ролі і падражаць дзеянням казачных герояў. Дзеці самастойна і з дапамогай дарослых драматызуюць вядомыя літаратурныя творы і сцэнкі з іх. Важна, што заняткі ў гуртку дазваляюць яго выхаванцам не толькі набываць новыя веды, уменні і навыкі, але і развіваць творчыя і артыстычныя здольнасці, пашыраць кола зносін і знайсці сябе ў цікавым відзе дзейнасці. Формула нашага поспеху: “Узаемная любоў дзяцей і дарослых, захопленых любімай справай”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.