Супрацьстаім булінгу

28.04.2018
Даволі часта ў СМІ можна сустрэць матэрыялы пра булінг, які ўяўляе сабой хуліганства, насілле, цкаванне аднаго чалавека іншым. Упершыню пра гэтую сацыяльную з’яву загаварылі ў пачатку мінулага стагоддзя. З таго часу яна актыўна вывучаецца і абмяркоўваецца ва ўсім свеце. Гэтая праблема асабліва актуальная сёння, калі падобная мадэль паводзін становіцца ледзь не нормай.

З булінгам можна сутыкнуцца ў любым узросце, нават будучы дарослым. Але найбольш распаўсюджаны ён сярод моладзі. Школьны булінг адрозніваецца жорсткасцю і непрымірымасцю, бо дзеці па сваёй прыродзе даволі бязлітасныя. У іх яшчэ не выпрацаваліся механізмы, якія стрымліваюць негатыўныя эмоцыі. І калі дзіця вылучаецца чым-небудзь сярод равеснікаў, то ёсць верагоднасць, што яно стане ахвярай булінгу. А ёй можа стаць любы школьнік, нават моцны, здольны супрацьстаяць націску групы аднакласнікаў. Але некаторыя дзеці мімаволі правакуюць равеснікаў і часцей за астатніх становяцца ахвярамі булінгу. Сярод іх – тыя, хто нязвыкла апрануты або “дзіўна” паводзіць сябе, хто не можа даць адпор і вельмі чуллівы. Школьнікі, якія лягчэй ладзяць з дарослымі, чым з аднакласнікамі, і з любой нагоды скардзяцца настаўніку, выклікаюць у класа хутчэй раздражненне, чым сімпатыю.

Школьны булінг бывае фізічным (наўмысныя штуршкі, удары, пабоі) і псіхалагічным (абразы, дражненне, распаўсюджванне крыўдных чутак). Хлопчыкі і дзяўчынкі карыстаюцца рознымі відамі булінгу. Калі першыя дэманструюць ахвяры толькі фізічную выключнасць, то другія пачынаюць супраць яе псіхалагічную вайну. Апошнім часам з’явіўся кібербулінг, калі ахвяра атрымлівае абразы праз электронную пошту, сацыяльныя сеткі, мабільны тэлефон. І калі рэальны булінг завяршаецца з прыходам дзіцяці дамоў, то кібербулінг працягваецца ўвесь час. Ад кібернападаў схавацца немагчыма, бо гаджэты сталі неад’емнай часткай жыцця падлеткаў.

Булеры – гэта дзеці, якія часцей за ўсё растуць без забарон, не ведаюць, што такое аўтарытэт бацькоў. Ім вельмі не хапае ўвагі і павагі дарослых. Гэта выклікае моцную агрэсію, і дзеці шукаюць ахвяру для здзекаў. На думку псіхолагаў, большасць булераў – гэта дзеці з яркімі нарцысічнымі рысамі характару, актыўныя і камунікабельныя дзеці, што прэтэндуюць на ролю лідараў у класе, і дзеці, якія прызвычаіліся ставіцца да іншых з пачуццём перавагі. Завадатарамі цкавання становяцца некалькі чалавек, астатнія з’яўляюцца іх паслядоўнікамі. Яны з задавальненнем смяюцца з няўдач ахвяры, хаваюць яе рэчы ў туалеце, прыдумляюць крыўдныя мянушкі, адкрыта зневажаюць ці дэманстратыўна ігнаруюць, не прымаюць у свае гульні. Адны падтрымліваюць булераў, другія не ўмешваюцца, трэція здымаюць здзекі на мабільныя прылады і выкладваюць у сацыяльныя сеткі. Чаму так адбываецца? Па-першае, многія падпарадкоўваюцца статкаваму інстынкту. Яны не ўсведамляюць, што адчувае ахвяра, як ёй балюча, крыўдна і страшна. Па-другое, некаторыя спадзяюцца заслужыць за сваю падтрымку адабрэнне лідара ў класе. Па-трэцяе, хтосьці ўдзельнічае ў цкаванні ад суму і дзеля забавы. Некаторыя актыўна цкуюць ахвяру, каб самім не апынуцца на яе месцы, а некаторыя такім чынам самасцвярджаюцца, бяруць рэванш за свае няўдачы ў чым-небудзь.

Булінг – вельмі сур’ёзная праблема, бо перанесеныя траўмы (фізічныя і псіхалагічныя) абавязкова паўплываюць на далейшае жыццё дзіцяці. Нават адзінкавы выпадак булінгу пакідае глыбокі эмацыянальны шрам, які патрабуе дапамогі псіхолага. Дзіця становіцца агрэсіўнае і трывожнае, у яго з’яўляюцца цяжкасці ў паводзінах і зносінах з дарослымі. Першай прыкметай булінгу даволі часта бываюць фізічныя недамаганні: ад стрэсу і бяссілля ўзнікаюць праблемы з сэрцам, парушаецца сон. Насмешкі і знявагі з дзяўчынак-падлеткаў прыводзяць іх да анарэксіі ці буліміі. Паводле статыстыкі, дарослыя, якія перанеслі ў дзяцінстве здзекі, у большасці выпадкаў застаюцца адзінокімі, вядуць адасобленае жыццё і стасуюцца пераважна ў сацыяльных сетках, чым у рэальным свеце.

Што рабіць пры булінгу? Як дапамагчы дзіцяці выйсці з непрыемнага становішча з найменшымі стратамі? У такой сітуацыі важную ролю адыгрываюць бацькі і настаўнікі. Многае залежыць ад іх увагі і чуйнасці. Заўважыўшы незвычайныя паводзіны дзіцяці, неабходна найперш зразумець іх сапраўдную прычыну. А пераканаўшыся, што дзіця стала ахвярай школьнага булінгу, супакоіць і падтрымаць. Адзінага алгарытму дзеянняў не існуе, кожны выпадак індывідуальны. Галоўнае – ні ў якім выпадку не ігнараваць тое, што адбылося з дзіцем і не пускаць сітуацыю на самацёк.

Таццяна САВІЛА,

настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 8 Пінска.