Праца як крыніца радасці
07.05.2018У пачатку семінара яго ўдзельнікі азнаёміліся з работай міні-фермы ў Церабяжоўскім яслях-садзе і міні-трактара, вырабленага вучнямі Атвержыцкага ясляў-сада – базавай школы пад кіраўніцтвам настаўніка тэхнічнай працы М.А.Яхнаўца. Выхаванцы аб’яднання па інтарэсах “Юны пчаляр” з Дома дзіцячай творчасці Давыд-Гарадка арганізавалі для гасцей дэгустацыю прадуктаў пчалярства і расказалі пра лячэбныя ўласцівасці мёду. Удзельнікі мерапрыемства пабывалі на выставе дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці вучняў і педагогаў.
Начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму А.М.Вячорка засяродзіў увагу на перспектывах адкрыцця ў школах з будучага навучальнага года аграрных класаў. Століншчына вельмі зацікаўлена ў сваіх высокакваліфікаваных кадрах, здольных эфектыўна працаваць на зямлі: у асабістых, фермерскіх і дзяржаўных гаспадарках. На жаль, сельскагаспадарчы профіль сярод вучняў раёна не запатрабаваны. Таму настаўнікі на ўроках і падчас прафарыентацыйнай работы скіроўваюць увагу дзяцей на аграрныя спецыяльнасці.
Метадыст Брэсцкага абласнога ІРА А.М.Чаркасевіч адзначыў, што ўсе вучэбныя прадметы так ці інакш звязаны з працоўным навучаннем. Задача педагогаў – сарыентаваць школьнікаў на практычную дзейнасць, навучыць іх самастойна вырабляць карысныя прадметы побыту, дапамагчы авалодаць важнымі працоўнымі ўменнямі і навыкамі.
Метадыст Столінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета А.Л.Літвінчук расказаў, што сёння ў школах рэгіёна працуе 46 настаўнікаў тэхнічнай працы. У многіх з іх ёсць пэўныя дасягненні. Але па-ранейшаму праблемнымі застаюцца пытанні, звязаныя з матэрыяльна-тэхнічнай базай майстэрань, павышэннем кваліфікацыйнага ўзроўню педагогаў і ўдзелам вучняў у прадметнай алімпіядзе. Паколькі выхаванцы настаўніка тэхнічнай працы А.А.Шпака з сярэдняй школы № 3 Століна штогод з’яўляюцца пераможцамі раённага і абласнога этапаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, вырашана стварыць на базе гэтай установы рэсурсны цэнтр па падрыхтоўцы алімпіяднікаў.
Па словах А.Л.Літвінчука, вялікая ўвага ўдзяляецца ўзаемадзеянню школ і ўстаноў прафесійнай адукацыі сельскагаспадарчага профілю. Арганізацыя такой работы дазваляе фарміраваць у вучняў першасныя прафарыентацыйныя запыты.
Падчас прамога эфіру “Правільны прафесійны выбар – упэўненая будучыня заўтра”, арганізаванага дырэктарам Церабяжоўскай сярэдняй школы Л.Л.Цупа, удзельнікі семінара абмяркоўвалі падрыхтоўку спецыялістаў, запатрабаваных на сучасным рынку працы, выслухоўвалі меркаванні вучняў, педагогаў, выкладчыкаў і навучэнцаў Столінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці.
У другі дзень госці азнаёміліся з работай настаўніка тэхнічнай працы А.Ю.Камарова са Столінскай дзяржаўнай гімназіі, дзе рэалізоўваецца рэспубліканскі інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў. У гэтай установе адукацыі вядзецца сістэмная і выніковая прафарыентацыя старшакласнікаў.
Дырэктар Гараднянскага ясляў-сада – сярэдняй школы Ф.М.Гмір падзяліўся вопытам развіцця вучэбна-пазнавальнай дзейнасці выхаванцаў праз урокі тэхнічнай працы і прафарыентацыю. Даволі цікавым і змястоўным атрымаўся майстар-клас “Сучасны ўрок у рамках кампетэнтнаснага падыходу”, праведзены загадчыцай Столінскага раённага ВМК В.А.Грэчка. Незабыўныя ўражанні пакінулі экскурсіі ў сядзібу ганчара і Цэнтр ганчарства вёскі Гарадная.
Навучыць дзяцей працаваць – значыць зрабіць іх шчаслівымі на ўсё жыццё, бо ў працы яны будуць знаходзіць не толькі яго сэнс, але і крыніцу радасці. Педагогі Століншчыны добра разумеюць гэта, таму падыходзяць да справы з душой і адказнасцю, што і паказаў абласны семінар.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.