У адзінай інфармацыйна-адукацыйнай прасторы

08.05.2018
На базе ўстаноў адукацыі Івацэвіцкага раёна прайшоў абласны семінар начальнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, прысвечаны выкарыстанню інфармацыйных рэсурсаў у кіраванні адукацыйнай галіной. Удзельнікі мерапрыемства наведалі сярэднюю школу № 4 і яслі-сад № 1 Івацэвіч, ліцэй Івацэвіцкага раёна і Косаўскую сярэднюю школу, дзе азнаёміліся з цікавымі напрацоўкамі ў гэтым напрамку дзейнасці.

- Інфармацыйныя рэсурсы адыгрываюць важную ролю не толькі ў адукацыйным працэсе, але і ва ўсёй сістэме адукацыі ў цэлым, дазваляючы аператыўна і эфектыўна вырашаць многія задачы, у тым ліку кіраўніцкага характару, - адзначыў начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі.

- Сёння на Івацэвіччыне працуюць 63 установы адукацыі: 26 школ, 29 дзіцячых садкоў, 3 установы дадатковай адукацыі і інш., - расказаў начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму І.М.Куіс. – У школах атрымліваюць веды каля 6 тысяч вучняў. Дашкольныя ўстановы наведваюць больш за 2,1 тысячы дзяцей. У адукацыйным працэсе задзейнічаны амаль 1,2 тысячы педагогаў. Каля 83% настаўнікаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. 3 педагогі – настаўнікі-метадысты. Каля 94% кіраўнікоў устаноў адукацыі – сертыфікаваныя карыстальнікі інфармацыйных тэхналогій.

Інфарматызацыя адукацыйнага працэсу – прыярытэтны напрамак інавацыйнай дзейнасці сярэдняй школы № 4 Івацэвіч, ліцэя Івацэвіцкага раёна і Косаўскай сярэдняй школы, дзе рэалізоўваюцца праекты “Укараненне мадэлі фарміравання медыякультуры вучняў ва ўмовах сучаснага інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі” і “Укараненне мадэлі рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы”. Атрымалі распаўсюджанне інавацыі, заснаваныя на сучасных камп’ютарных і тэлекамунікацыйных тэхналогіях.

У школах праводзіцца мэтанакіраваная работа па прафарыентацыі вучняў. Ва ўстановах прафесійнай адукацыі працягваюць адукацыю каля 15% учарашніх дзевяцікласнікаў і больш за 51% учарашніх адзінаццацікласнікаў, ва ўстановах вышэйшай адукацыі – 44% выпускнікоў.

У школах працуюць рэсурсныя цэнтры па рабоце з таленавітымі дзецьмі, арганізаваны міжшкольныя факультатывы па падрыхтоўцы да алімпіяд. Профільныя групы дзейнічаюць у 6 школах і ліцэі. У сярэдняй школе № 4 Івацэвіч арганізаваны профільны спартыўны клас.

- Інфарматызацыя адукацыйнага працэсу прадугледжвае фарміраванне адзінай інфармацыйнай прасторы ў галіне кіравання і навучання школьнікаў, - адзначыў І.М.Куіс. – Усе ўстановы адукацыі падключаны да інтэрнэту. У школах налічваюцца 202 аўтаматызаваныя рабочыя месцы педагогаў, 36 камп’ютарных класаў і 94 вучэбныя класы, аснашчаныя камп’ютарамі. У адукацыйным працэсе актыўна выкарыстоўваюцца спецыяльныя праграмныя сродкі: навучальныя і тэсціруючыя комплексныя праграмы, электронныя версіі энцыклапедый і слоўнікаў, электронныя бібліятэчныя сістэмы. З мэтай аўтаматызацыі асноўных кіраўніцкіх працэсаў у школах створаны сеткавыя аўтаматызаваныя сістэмы адміністрацыйнага прызначэння. Укараняецца сэрвіс “Электронны журнал/электронны дзённік”. Усе школы падключаны да сістэмы электроннага дакументаабароту.

- Мэта інфарматызацыі адукацыі заключаецца ў павышэнні яе якасці і эфектыўнасці кіравання галіной з улікам сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, - расказала намеснік начальніка раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму А.І.Данілюк. – У аддзеле адукацыі, спорту і турызму ажыццяўляецца мэтанакіраваная і сістэмная работа па інфарматызацыі кіраўніцкай дзейнасці. Для сумеснага выкарыстання інфармацыйных рэсурсаў і абмену інфармацыяй створана лакальная сетка. З мэтай больш эфектыўнага ўзаемадзеяння аддзела і ўстаноў адукацыі наладжаны электронны дакументаабарот, з дапамогай якога перадаецца больш за 50% дакументаў. Інфармацыйна-пошукавая сістэма “Эталон”, усталяваная ў аддзеле і школах, з’яўляецца крыніцай поўнай, актуальнай і сістэматызаванай інфармацыі для прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў. Адзін з важных напрамкаў інфарматызацыі – укараненне аўтаматызаваных сістэм, якія дазваляюць у рэальным часе атрымліваць і апрацоўваць інфармацыю пра дзейнасць школ: справаздачы пра колькасць і напаўняльнасць класаў, якасць адукацыі па асобных прадметах, класах і ўстановы ў цэлым. Сеткавая аўтаматызаваная сістэма адміністрацыйнага прызначэння забяспечвае збор і аналіз інфармацыі пра кадры, вучняў, іх паспяховасць, пропускі заняткаў і інш. Статыстычныя даныя з’яўляюцца інфармацыйным базісам аналітычных сістэм, прызначаных для прыняцця абгрунтаваных і эфектыўных кіраўніцкіх рашэнняў у планаванні, маніторынгу і прагназаванні развіцця галіны ў каротка- і доўгатэрміновай перспектыве. Для больш аператыўнага і глыбокага аналізу даных пра якасць адукацыйнага працэсу спецыялісты аддзела і кіраўнікі ўстаноў выкарыстоўваюць і іншыя праграмныя комплексы.

Шырокае распаўсюджанне атрымала сістэма відэаканферэнцсувязі. Так, у фармаце відэаканферэнцыі праводзяцца раённыя бацькоўскія сходы. Ужо сталі традыцыйнымі Skype-нарады з кіраўнікамі ўстаноў па выніках вывучэння іх дзейнасці.

Інфарматызацыя адукацыі прадугледжвае аказанне электронных паслуг вучням і іх бацькам. Сёння ў 9 школах раёна ўкаранёны сэрвіс “Электронны журнал/электронны дзённік”. Ва ўсіх дашкольных установах арганізаваны камп’ютарны ўлік прадуктаў харчавання і складання штодзённых меню. 2 школы працуюць у тэставым рэжыме з новым праграмным модулем па забеспячэнні рацыянальнага і збалансаванага харчавання з улікам ліміту грашовых сродкаў.

Карыстальнікі афіцыйных сайтаў аддзела і ўстаноў адукацыі атрымліваюць аператыўныя адказы на свае запыты. Для апытанняў і вэб-анкетавання спецыялісты аддзела выкарыстоўваюць сэрвісы Google.

- Актуальным пытаннем інфарматызацыі адукацыі з’яўляецца павышэнне інфармацыйнай кампетэнтнасці педагогаў і кіраўнікоў, - адзначыла

А.І.Данілюк. – У ідэале інфармацыйная культура павінна садзейнічаць больш эфектыўнаму кіраванню адукацыяй. Так, дырэктар сярэдняй школы № 4 Івацэвіч вядзе анлайн-дзённік, створаны на платформе вэб-майстэрні, з мэтай арганізацыі новай мабільнай і запатрабаванай формы ўзаемадзеяння з вучнямі, іх бацькамі і калегамі, а таксама дэманстрацыі асабістага прыкладу кіраўніка ў выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій. Сярод прыярытэтных задач – далейшае развіццё сеткавага ўзаемадзеяння педагогаў для павышэння іх кампетэнтнасці ў прымяненні эфектыўных адукацыйных методык, пашырэнне адукацыйных паслуг праз дыстанцыйныя формы работы, укараненне электронных карт вучняў і праграмных прадуктаў, прызначаных для вырашэння кіраўніцкіх задач.

Загадчыца Івацэвіцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Г.І.Паўловіч засяродзіла ўвагу на фарміраванні ІТ-кампетэнтнасці педагогаў праз дзейнасць ВМК. З гэтай мэтай на працягу навучальнага года праводзіцца шэраг метадычных мерапрыемстваў. Маніторынг паказвае, што толькі 20% педагогаў маюць пэўныя праблемы ў выкарыстанні ІКТ у адукацыйным працэсе. Найбольш запатрабаванай формай павышэння кваліфікацыі настаўнікаў з’яўляюцца тэматычныя семінары-практыкумы: “Дыстанцыйнае навучанне ў адукацыі: арганізацыя і рэалізацыя”, “Выкарыстанне вэбінараў у працэсе навучання інфарматыцы”, “Выкарыстанне сэрвісаў Web 2.0 у рабоце настаўнікаў інфарматыкі (пачатковых класаў)” і інш. На базе ўстаноў адукацыі рэгулярна праходзяць тэматычныя пасяджэнні раённых метадычных фарміраванняў педагогаў: “Выкарыстанне электронных адукацыйных рэсурсаў для павышэння якасці адукацыі вучняў” (для настаўнікаў матэматыкі і фізікі), “Віртуальная кніжная выстава” (для школьных бібліятэкараў), “Аптымізацыя адукацыйнага працэсу па працоўным навучанні (тэхнічнай працы) шляхам выкарыстання ІКТ” і інш.

Добра павышаюць ІТ-кампетэнтнасць педагогаў раённыя конкурсы, майстар-класы, анлайн-кансультацыі і е-mail-канферэнцыі. Даволі перспектыўнай формай работы з’яўляецца дзейнасць сеткавых педагагічных суполак, дзякуючы якім ствараюцца новыя адукацыйныя прадукты. Настаўнікі-прадметнікі дзеляцца ў персанальных блогах уласнымі напрацоўкамі па іх выкарыстанні на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці.

Па выніках рэспубліканскага інтэрнэт-праекта “ІТ-рашэнні для адукацыі будучыні” педагогі Івацэвіччыны А.Ф.Ляховіч і Г.А.Левашэня атрымалі дыпломы І ступені ў намінацыі “ІТ-магчымасці ў выхаваўчай рабоце”, а Г.А.Стаскевіч – дыплом ІІ ступені ў намінацыі “ІТ-педагог”. А.Ф.Ляховіч і Г.А.Ярошкіна – пераможцы абласнога конкурсу “Мультымедыйны ўрок у адукацыйнай практыцы педагога”. Штогод настаўнікі раёна вынікова ўдзельнічаюць у рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Сёлета А.Ф.Ляховіч прадставіць на ім праект “Сайт “Мая Радзіма – Беларусь”.

Дырэктар сярэдняй школы № 4 Івацэвіч А.В.Раўчэня падзяліўся вопытам эфектыўнай інфарматызацыі адукацыйнага працэсу. Загадчыцы ясляў-садоў №№ 1 і 4 Івацэвіч Л.І.Сцепанчук і А.І.Навумчык вялі гаворку пра ролю інфармацыйных рэсурсаў у павышэнні якасці дашкольнай адукацыі.

Дырэктар ліцэя Івацэвіцкага раёна С.А.Гарайнава расказала пра асаблівасці выкарыстання ІКТ для паспяховай самарэалізацыі вучняў і педагогаў. Дырэктар Косаўскай сярэдняй школы В.У.Каліноўская разам з педагогамі засяродзіла ўвагу на рэалізацыі інавацыйнай дзейнасці з дапамогай ІКТ.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.