З комплексным падыходам да ранняй дапамогі

16.05.2018
Апошнім часам павялічваецца колькасць дзяцей з праблемамі маўленчага развіцця, якія выяўляюцца ўжо ў раннім узросце. Любая затрымка ў развіцці можа прывесці ў далейшым да адхіленняў у паводзінах, таму ранняму папярэджанню і выяўленню маўленчых парушэнняў удзяляецца асаблівая ўвага.

У Драгічынскім раённым ЦКРНіР створана сістэма аказання ранняй комплекснай дапамогі дзецям да 3 гадоў. Выяўленнем, абследаваннем і карэкцыяй фізічных і псіхічных парушэнняў, індывідуальным навучаннем і псіхолага-педагагічным суправаджэннем дзяцей займаюцца настаўнікі-дэфектолагі, педагог-псіхолаг, урач-псіхіятр і медсястра па масажы.

Заняткі ў цэнтры носяць індывідуальны характар: для кожнага дзіцяці распрацоўваецца праграма, якая адпавядае ўзроўню яго развіцця, падбіраюцца адпаведныя формы работы. На занятках абавязкова прысутнічаюць бацькі. Удзел мам і татаў у навучанні дазваляе ім працягваць яго дома.

Работа грунтуецца на прадметна-гульнявой дзейнасці, якая з’яўляецца асноўнай для дзяцей ранняга ўзросту. Заняткі праходзяць ва ўмовах, якія садзейнічаюць маўленчаму развіццю малышоў, маюць комплексны характар, праводзяцца ў гульнявой форме і аб’яднаны адзінай тэматыкай.

Актыўнае выкарыстанне прадуктыўных відаў дзейнасці дазваляе развіваць творчыя здольнасці, пазнавальныя і маўленчыя ўменні і навыкі. Малышы працуюць з пластылінам, алоўкамі і фарбамі. Асаблівую цікавасць у дзяцей выклікае цестапластыка. Гульні з салёным цестам гарманізуюць эмацыянальны стан малышоў, развіваюць тактыльна-мнемічную адчувальнасць, якая стымулюе цэнтр маўлення ў галаўным мозгу, і актывізуюць маўленчае развіццё ў цэлым.

Насычанасць заняткаў эксперыментальнымі відамі дзейнасці садзейнічае больш поўнаму пазнанню і разуменню ўласцівасцей прадметаў і абагачэнню сенсорнага вопыту. Так, эмацыянальны водгук у дзяцей выклікаюць музычныя і лагарытмічныя практыкаванні. Музыка не толькі ўсебакова развівае асобу дзіцяці і яго эмацыянальную сферу, але і стымулюе маўленчую актыўнасць. Выкананне простых рытмічных рухаў пад музыку фарміруе пачуццё раўнавагі і правільнай каардынацыі ў прасторы.

Асаблівая ўвага на занятках удзяляецца рабоце з прыродным матэрыялам. Падчас гульняў з вадой і пяском, камянямі і шышкамі, жолудамі і каштанамі дзеці вучацца параўноўваць аб’екты і з’явы, вылучаць прыкметы падабенства і розніцы, класіфікавасць аб’екты па форме, колеры і велічыні, што развівае памяць, увагу, успрыманне, мысленне і маўленне. Малышы атрымліваюць новыя ўражанні, адчуваюць станоўчыя эмоцыі, развіваюць тонкую маторыку рук.

З 2013 года для павышэння псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў па пытаннях выхавання і развіцця дзяцей ранняга ўзросту ў цэнтры працуе бацькоўскі клуб “Першыя крокі”, на пасяджэннях якога мамы і таты знаёмяцца з узроставымі асаблівасцямі, праблемамі развіцця, навучання і выхавання дзяцей да 3 гадоў. Падчас інтэрактыўных сустрэч, семінараў, круглых сталоў і групавых заняткаў бацькі набываюць неабходныя веды і авалодваюць эфектыўнымі прыёмамі ўзаемадзеяння з дзецьмі. Своечасовасць і даступнасць атрымання інфармацыі забяспечваюць анлайн-кансультацыі для бацькоў. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца старонка “МалышОК” у сацыяльнай сетцы “УКантакце”, дзе размяшчаюцца карысныя парады, рэкамендацыі і гульні па развіцці дзяцей ранняга ўзросту.

Разам з аказаннем комплекснай дапамогі вельмі важным напрамкам работы з’яўляецца своечасовае выяўленне дзяцей ранняга ўзросту з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Цеснае супрацоўніцтва з Драгічынскай цэнтральнай раённай бальніцай, сумесныя міжведамасныя мерапрыемствы, семінары і дні інфармавання ў ФАПах раёна, распаўсюджванне інфармацыйна-асветніцкіх матэрыялаў дазваляюць не толькі своечасова выяўляць дзяцей, якія маюць патрэбу ў дапамозе, але і інфармаваць бацькоў пра нормы развіцця дзяцей ранняга ўзросту і магчымасці атрымання дапамогі ў ЦКРНіР.

Штогод павялічваецца колькасць дзяцей ранняга ўзросту, якія атрымліваюць прафесійную дапамогу спецыялістаў нашага цэнтра. Работа па арганізацыі ранняй дапамогі сем’ям і дзецям у ЦКРНіР пастаянна ўдасканальваецца, распрацоўваюцца новыя напрамкі дзейнасці з дзецьмі і іх бацькамі.

Святлана КАСЯК,

настаўнік-дэфектолаг Драгічынскага раённага ЦКРНіР.