Паспяховая прафарыентацыя

16.05.2018
Адным з прыярытэтных напрамкаў работы педагогаў гімназіі Драгічына з’яўляецца развіццё асобасных якасцей вучняў, неабходных для паспяховага авалодання прафесіяй. З 2016 года ва ўстанове рэалізоваўваецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў ва ўмовах узаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі, сям’і і соцыуму”.

- Кожная ступень агульнай сярэдняй адукацыі вырашае свае прафарыентацыйныя задачы, - гаворыць намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце гімназіі Людміла Васільеўна Братчэня. – Так, першая ступень накіравана на развіццё асобы вучняў і фарміруе іх першасныя погляды на прыроду, чалавека і грамадства на матэрыяле культурна-гістарычнай спадчыны роднага краю, знаёміць са светам прафесій. Адукацыйны працэс на гэтай ступені ажыццяўляецца на прадметнай аснове. Дзецям абавязкова прапаноўваюцца заняткі па інтарэсах. На другой ступені працягваецца развіццё асобы вучняў, выяўляюцца і развіваюцца іх здольнасці і схільнасці, у тым ліку да пэўных навук, фарміруюцца навуковы светапогляд і ўяўленні пра асаблівасці розных прафесій. Дзеці авалодваюць спецыяльнымі і культурнымі правіламі, маральнымі нормамі, рыхтуюцца да працоўнай дзейнасці. Вучні 5 – 9 класаў вывучаюць на павышаным узроўні замежныя мовы, а вучні 7 – 9 класаў – матэматыку. Трэцяя ступень забяспечвае гатоўнасць школьнікаў да навучання ва ўстановах вышэйшай і прафесійнай адукацыі ці ўсвядомленага і актыўнага ўключэння ў працоўную дзейнасць. На гэтай ступені дзеці вывучаюць асобныя прадметы на павышаным узроўні па дзвюх мадэлях.

З мэтай больш эфектыўнай прафарыентацыі гімназія цесна супрацоўнічае з УВА. Так, з 2002 года вучні 8 – 11 класаў, якія жадаюць вывучаць на павышаным узроўні фізіку і матэматыку, займаюцца на падрыхтоўчых курсах пры Інстытуце інтэграваных форм навучання і маніторынгу адукацыі БНТУ. Праводзяцца экскурсіі ў ПалесДУ і БрДУ імя А.С.Пушкіна.

- З мэтай дыферэнцыяцыі навучання і развіцця творчага патэнцыялу вучняў арганізаваны факультатыўныя заняткі па гуманітарным, прыродазнаўчанавуковым, фізіка-матэматычным, гістарычным і іншых напрамках, - расказвае Л.В.Братчэня. – Групы для гэтых заняткаў камплектуюцца па выніках папярэдняй дыягностыкі інтарэсаў і пазнавальных патрэб вучняў. Усе гімназісты наведваюць факультатывы. Эфектыўнасць іх правядзення пацвярджаецца вынікамі ўдзелу ў прадметных алімпіядах, інтэлектуальных конкурсах і вучэбна-даследчай рабоце. За апошнія 5 гадоў больш за 200 гімназістаў адзначаны дыпломамі рознай вартасці на раённых і 20 на абласных этапах рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Па выніках мінулага навучальнага года гімназія прызнана лепшай установай адукацыі Драгічыншчыны па арганізацыі работы з высокаматываванымі і адоранымі вучнямі.

Для выяўлення схільнасцей, здольнасцей і прафесійных запытаў дзяцей педагог-псіхолаг два разы ў год праводзіць дыягностыку. Для вучняў 8 – 10 класаў арганізаваны гурток “Мая прафесійная будучыня”, на занятках якога гімназісты знаёмяцца з айчынным рынкам працы, новымі і запатрабаванымі прафесіямі, магчымасцямі атрымання далейшай адукацыі і патрабаваннямі, якія прад’яўляюцца да пэўных прафесій. Ладзяцца экскурсіі на прадпрыемствы горада і раёна. Педагогі праводзяць мерапрыемствы, накіраваныя на развіццё творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу вучняў, пашырэнне іх кругагляду і ведаў аб прафесійнай дзейнасці розных спецыялістаў.

Для больш прадуктыўнага супрацоўніцтва з бацькамі арганізаваны гурткі “Акварэлька”, “Майстрылка”, “Штукары”, “Юны шахматыст” і “Цуда-шашкі” для вучняў 2 – 3 класаў, кіраўнікамі якіх з’яўляюцца мамы і таты. На занятках дзеці знаёмяцца з работай мастака, дызайнера, арганізатара, акцёра, сцэнарыста, дэкаратара. Ва ўзаемадзеянні з Драгічынскім раённым цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі на базе гімназіі для вучняў 2 – 4 класаў працуюць гурткі “Майстрыца”, “Умелыя ручкі”, “Юныя майстры”, “Салёнае цеста” і “Рукадзелле”, дзе малодшыя школьнікі знаёмяцца з прафесіямі вязальшчыцы, швачкі, дызайнера і інш. Для павышэння цікавасці вучняў 6 – 8 класаў да працоўнай дзейнасці дзейнічаюць гурткі “Сталярны”, “Журналіст”, “ЮІР”, “Турыстычны” і “Стралковы”, дзе гімназісты спрабуюць сябе ў розных прафесіях, і клубы “Вакаліст”, “Патрыёт”, “Юны ратавальнік”, “Юны эколаг” і “Узыходжанне”.

У гімназіі рэалізоўваецца праект “Прафарыентацыйная субота”, у рамках якога праходзяць сустрэчы з прадстаўнікамі УВА і ССНУ, спецыялістамі розных сфер дзейнасці. Прафарыентацыя праводзіцца на інфармацыйных і класных гадзінах, пры выкананні творчых праектаў “Дапаможам крылатым сябрам”, “Асенні кірмаш”, “Дню маці прысвячаецца” і “Навагодняя казка”. У арганізацыі і правядзенні прафарыентацыйных мерапрыемстваў актыўна ўдзельнічаюць бацькі. Важную ролю ў прафарыентацыі адыгрывае летні лагер працы і адпачынку “Дрогіч”, дзейнасць якога неаднаразова высока адзначалася на абласным і рэспубліканскім узроўні.

- 80% выпускнікоў працягваюць адукацыю ва УВА, прычым 90% з іх – па профілі навучання ў гімназіі. Па выбраных спецыяльнасцях працуюць 86% колішніх вучняў. Гэта лепшы паказчык эфектыўнай прафарыентацыі, - падагульняе Л.В.Братчэня.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.