Павышаць кампетэнтнасць кіраўніцкіх кадраў

29.05.2018
На Піншчыне прайшоў абласны семінар, прысвечаны рэгіянальнай сістэме работы па фарміраванні і развіцці прафесійных кампетэнцый сучаснага кіраўніка. У мерапрыемстве ўдзельнічалі намеснікі начальнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, якія наведалі Чухаўскую сярэднюю школу, Пагост-Загародскую сярэднюю школу імя славянскіх асветнікаў Кірыла і Мяфодзія і Пагост-Загародскі яслі-сад, дзе падчас тэматычных выстаў і майстар-класаў азнаёміліся з эфектыўным вопытам кіраўніцкай дзейнасці.

- Адна з важных задач сучаснай адукацыі – развіццё і ўдасканаленне прафесійных кампетэнцый кіраўнікоў, якія дазвалялі б ім аператыўна і паспяхова вырашаць пастаўленыя задачы. Без належнага кіраўніцкага патэнцыялу немагчыма забяспечыць выніковую работу адукацыйнай галіны ў цэлым. Вырасціць дасведчанага, кампетэнтнага і эфектыўнага кіраўніка – справа не аднаго года, - адзначыў начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Пінскага райвыканкама А.І.Прылоўская расказала пра адукацыйную прастору рэгіёна і работу па стварэнні ўмоў для прафесійнага росту педагогаў. Сёння на Піншчыне адсутнічае праблема з забяспечанасцю месцамі ў дашкольных установах. У адпаведнасці з запытамі бацькоў працуюць розныя формы дашкольнай адукацыі, якія дазваляюць ахапіць ёй як мага больш дзяцей. Шмат робіцца для арганізацыі крокавай даступнасці дашкольных устаноў, што станоўча ўплывае на здароўе іх выхаванцаў. Выпраўляецца сітуацыя з наведвальнасцю дзіцячых садкоў: зніжаюцца пропускі па няўважлівай прычыне. Аснашчанасць дашкольных устаноў сродкамі навучання складае каля 85%, а надворным абсталяваннем – толькі 63%.

Пазітыўныя зрухі назіраюцца ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі. Каля 27% старшакласнікаў займаюцца ў профільных класах. На базе Малоткавіцкай і Пінкавіцкай сярэдніх школ дзейнічаюць групы педагагічнай накіраванасці, дзе займаюцца 30 вучняў. Павялічваецца колькасць выпускнікоў з залатымі медалямі. Радуюць вынікі цэнтралізаванага тэсціравання. Так, мінулагодняя выпускніца Малоткавіцкай сярэдняй школы Дар’я Гетман набрала на ЦТ па рускай мове 100 балаў, па гісторыі Беларусі – 98, а па англійскай мове – 94. Вучні Піншчыны паспяхова ўдзельнічаюць у абласных навукова-практычных канферэнцыях. Усе школы працуюць з сэрвісам “Электронны дзённік/журнал”.

Па словах А.І.Прылоўскай, кадравы патэнцыял рэгіёна забяспечвае належную якасць адукацыі на ўсіх яе ўзроўнях. Сёння на Піншчыне працуюць 996 педагогаў, з якіх 72% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. На базе ўстаноў адукацыі раёна праводзяцца рэспубліканскія мерапрыемствы, дзе прэзентуецца лепшы вопыт па розных напрамках дзейнасці. Эфектыўныя напрацоўкі выхавальнікаў Піншчыны прадстаўлены на міжрэгіянальных кірмашах педагагічных ідэй.

- Сістэмная работа адукацыйнай галіны дазваляе не толькі павышаць прафесійную кампетэнтнасць педагогаў, але і выяўляць сярод іх ініцыятыўных і творчых людзей, якія вынікова працуюць над развіццём сваіх прафесійных якасцей, - адзначыла А.І.Прылоўская. – Так, настаўніца біялогіі і хіміі Людміла Уладзіміраўна Амельчанка з Бярозавіцкай сярэдняй школы з’яўляецца лаўрэатам абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года – 2017” у адпаведнай намінацыі.

З мэтай развіцця і ўмацавання міжнароднага і трансгранічнага супрацоўніцтва з Украінай у 5 школах раёна рэалізоўваецца праект “Трансгранічныя водныя інспектары: на шляху да сумеснага маніторынгу і развіцця водных рэсурсаў басейна ракі Прыпяць”. Вучні ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, накіраваных на маніторынг, ачыстку і паляпшэнне інфраструктуры малых рэк і водных рэсурсаў на пэўных тэрыторыях.

Шмат увагі ўдзяляецца дадатковай адукацыі і арганізацыі занятасці непаўналетніх. У аб’яднаннях па інтарэсах, з якіх 76% працуюць па суботах, займаюцца 80% школьнікаў. Па выніках абласнога этапу мінулагодняга Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня праекты Гарадзішчанскай, Пінкавіцкай і Малоткавіцкай сярэдніх школ атрымалі дыпломы ІІ ступені. Тры праекты ад Піншчыны былі адзначаны дыпломамі ІІ ступені ў мінулагоднім абласным конкурсе праектаў на лепшы аздараўленчы лагер. Па выніках ХVIІ Рэспубліканскай выставы-кірмашу навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі “Правільны прафесійны выбар – упэўненая будучыня маладога пакалення” педагогі Малоткавіцкай, Лапацінскай і Бабрыкоўскай сярэдніх школ атрымалі дыпломы рознай вартасці. Даволі паспяхова дзевяцікласнікі Пінкавіцкай сярэдняй школы выступілі ў Рэспубліканскім конкурсе школьных бізнес-ідэй у намінацыі “Лепшая бізнес-ідэя ў сферы вытворчасці тавараў і рамесніцтва”, дзе прэзентавалі дзейнасць школьнага атэлье “ТриНити”.

- З кіраўніцкімі кадрамі вядзецца індывідуальная метадычная работа, - расказала намеснік начальніка раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Л.М.Двараніновіч. – Сёння на Піншчыне працуюць 35 дырэктараў школ, 27 загадчыкаў дзіцячых садоў і 56 іх намеснікаў. Кіраўніцкі склад паступова абнаўляецца. Сярэдні ўзрост кіраўнікоў школ – 47 гадоў, загадчыкаў дзіцячых садоў – 44,5, іх намеснікаў – каля 40. Каля 17% дырэктараў школ і амаль 15% загадчыкаў дзіцячых садоў дасягнулі пенсіённага ўзросту. Фарміраванне сучасных кіраўніцкіх кампетэнцый, якія дазвалялі б ажыццяўляць паспяховую прававую, юрыдычную, эканамічную, інфармацыйную, аналітычную і фінансава-гаспадарчую дзейнасць, - надзвычай актуальная праблема. Яе вырашэнне не абмяжоўваецца толькі павышэннем кваліфікацыі кіраўніцкіх кадраў у міжкурсавы перыяд. Так, з мэтай развіцця іх эканамічнай і прававой кампетэнтнасці арганізоўваецца тэматычная вучоба з удзелам спецыялістаў дзяржаўнай інспекцыі працы, пракуратуры, абкама галіновага прафсаюза і іншых службаў. Практыкуюцца навучальныя курсы, якія праводзяць спецыялісты цэнтра дадатковай адукацыі “Альтэрнатыва”, напрыклад, па фарміраванні сацыялькультурнай кампетэнтнасці кіраўнікоў. Для фарміравання іх сацыяльнай кампетэнтнасці вывучаецца замежны вопыт у галіне дашкольнай адукацыі. З гэтай мэтай была арганізавана паездка кіраўнікоў у Славакію. Даволі эфектыўнай формай работы з’яўляецца ўдзел адміністрацый устаноў адукацыі Піншчыны ў форуме сацыяльна-педагагічных інавацый у Іванаве.

Вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю інавацыйных кампетэнцый кіраўніцкіх кадраў. У Малоткавіцкай сярэдняй школе, дзе інавацыйная дзейнасць ажыццяўляецца ўжо не адзін год, назапашаны эфектыўны вопыт работы ў гэтым напрамку дзейнасці.

Цікавымі і запатрабаванымі формамі метадычнай работы з кіраўніцкімі кадрамі з’яўляюцца майстар-класы, практыкумы, семінары, круглыя сталы, камунікатыўныя трэнінгі, дзелавыя гульні, тэматычныя скайп-канферэнцыі і інш. У рабоце з кіраўнікамі акцэнтуецца ўвага на іх практычнай дзейнасці і самаадукацыі.

Дырэктар Бярозавіцкай сярэдняй школы А.С.Галаўко расказала пра работу раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання дырэктараў школ, кіраўніком якога з’яўляецца. На пасяджэннях аб’яднання разглядаюцца праблемныя пытанні кіраўніцкай дзейнасці, звязаныя з яе праектаваннем, кадравай палітыкай, электронным дакументаабаротам, павышэннем інфармацыйнай культуры, прававым забеспячэннем адукацыйнага працэсу і інш. Асаблівая ўвага ўдзяляецца эканамічнай кампетэнтнасці дырэктараў школ. З гэтай мэтай прайшоў выязны семінар-практыкум на базе Здзітаўскай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна, прысвечаны дзейнасці па развіцці пазітыўнага іміджу ўстаноў адукацыі ў соцыуме. Сёння кіраўнікі 4 школ Піншчыны са сваімі камандамі працуюць над арганізацыяй школьных бізнес-кампаній, накіраваных па фарміраванне эканамічнай культуры і прадпрымальнасці ў вучняў.

Намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Валішчанскай сярэдняй школы Н.Б.Аляхновіч азнаёміла ўдзельнікаў семінара з дзейнасцю раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання намеснікаў дырэктара па вучэбнай рабоце. Задача аб’яднання – павышаць іх метадычную кампетэнтнасць у кіраванні для забеспячэння якаснай адукацыі. Пасяджэнні аб’яднання праводзяцца ў форме семінараў-практыкумаў, майстар-класаў, круглых сталоў, метадычных і творчых дыялогаў, метадычных мастоў, дыспутаў, канферэнцый і педагагічных кансіліумаў. Павышаная ўвага ўдзяляецца аналітычнай і кантрольна-дыягнастычнай дзейнасці намеснікаў, павышэнню іх інфармацыйнай кампетэнтнасці. У полі зроку ўдзельнікаў аб’яднання – пошук сучасных падыходаў у рабоце з высокаматываванымі вучнямі і прафарыентацыя школьнікаў. Так, з наступнага навучальнага года старшакласнікі Піншчыны будуць асвойваць на базе шэрага ўстаноў адукацыі прафесіі вадзіцеля колавых трактараў катэгорыі А і агародніка.

Цікавым вопытам работы падзялілася намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Малоткавіцкай сярэдняй школы В.В.Трапачка, якая прэзентавала дзейнасць раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання намеснікаў дырэктара па выхаваўчай рабоце. У цэнтры ўвагі педагогаў – інавацыйныя метады і прыёмы ў выхаванні вучняў. На пасяджэннях аб’яднання яго ўдзельнікі дзеляцца назапашаным вопытам, знаёмяцца з новымі напрамкамі развіцця сучаснай адукацыі. У рабоце выкарыстоўваюцца розныя метадычныя і педагагічныя тэхналогіі. Мерапрыемствы праходзяць у форме трэнінгаў, квест-гульняў, семінараў-сусветных кафэ, форумаў-дыялогаў і інш.

Сёння на базе ўстаноў адукацыі Піншчыны з мэтай канцэнтрацыі матэрыяльна-тэхнічных, вучэбна-метадычных і кадравых рэсурсаў, узмацнення практычнай значнасці выхаваўчай работы дзейнічаюць 9 профільных рэсурсных цэнтраў, якія ўзначальваюць намеснікі дырэктара па выхаваўчай рабоце. На базе гэтых цэнтраў праводзяцца выязныя семінары-практыкумы, творчыя майстэрні і майстар-класы для педагогаў, ажыццяўляецца кансультацыйная дзейнасць.

Аб’яднанне намеснікаў дырэктара па выхаваўчай рабоце – гэта каманда паспяховых кіраўнікоў і аднадумцаў, куратарам якіх з’яўляецца галоўны спецыяліст раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму І.М.Ліра. На іх рахунку шмат дасягненняў. Так, педагогі Піншчыны з году ў год паказваюць высокія вынікі ў абласным конкурсе на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня. Дзякуючы сістэмнай і мэтанакіраванай рабоце з вучнямі і бацькамі, ва ўстановах адукацыі раёна зніжаецца колькасць проціпраўных учынкаў непаўналетніх. На працягу 5 гадоў у Малоткавіцкай сярэдняй школе няма правапарушэнняў, здзейсненых вучнямі. На працягу 7 гадоў гэтая ўстанова займае 1-е месца ў выхаваўчай рабоце па выніках агляду-конкурсу “За стварэнне аптымальных умоў для развіцця і ўдасканалення адукацыі ў Пінскім раёне”.

Загадчыца Пінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета А.Я.Шпакоўская засяродзіла ўвагу на развіцці лідарскіх здольнасцей і асобаснага патэнцыялу будучых кіраўнікоў праз школу рэзерву кіраўніцкіх кадраў. Сёння ў кадравым рэзерве Піншчыны знаходзіцца 118 чалавек з высокай дзелавой рэпутацыяй, лідарскімі якасцямі і аўтарытэтам. 78% рэзервістаў – гэта педагогі ва ўзросце ад 32 да 49 гадоў. На жаль, сярод іх толькі 8% мужчын. Рэзервісты актыўна прыцягваюцца да розных мерапрыемстваў, якія дазваляюць набыць неабходныя веды і выпрацаваць практычныя ўменні і навыкі кіраўніцкай работы. Сёлета ў раёне адбылася змена 5 кіраўнікоў устаноў адукацыі. На іх месца былі прызначаны асобы з рэзерву, што сведчыць пра якаснае фарміраванне кіраўніцкага рэзерву кадраў.

Удзельнікі семінара азнаёміліся з панарамай вопыту педагогаў, якія знаходзяцца ў рэзерве кіраўніцкіх кадраў. Так, настаўнік інфарматыкі В.К.Кахавец з Валішчанскай сярэдняй школы расказаў пра рэалізацыю адукацыйнага праекта Парка высокіх тэхналогій і Міністэрства адукацыі Беларусі “Праграмаванне – другая дасведчанасць”. Настаўнік інфарматыкі і фізікі М.М.Кашэўскі са Ставоцкай сярэдняй школы падзяліўся напрацоўкамі па развіцці інавацыйнай і тэхнічнай творчасці вучняў праз дзейнасць рэсурснага цэнтра. Настаўнік фізкультуры І.І.Леўкавец з Ахоўскай сярэдняй школы прэзентаваў вопыт клуба фізічнай культуры і здароўя “Ахова” па развіцці масавага спорту.

Пра асаблівасці развіцця кіраўніцкіх кампетэнцый загадчыкаў дашкольных устаноў расказалі метадыст Пінскага раённага ВМК А.М.Шамшорык, загадчыца Стытычаўскага ясляў-сада А.І.Чолач, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 3 В.І.Палхоўская і выхавальніца Л.М.Кахнюк з Бярозавіцкага ясляў-сада.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.