Фарміруем полікультурную адукацыйную прастору

04.05.2019
Адна з важных задач сучаснай адукацыі – вучыць людзей жыць у полікультурным свеце, цесным узаемадзеянні дзяржаў, народаў і сацыяльных груп. Чалавек павінен не толькі выразна ўсведамляць свае карані і вызначаць сваё месца ў соцыуме, але і паважаць іншыя культуры. Педагогі гімназіі № 5 Брэста дапамагаюць вучням асвоіць этнічную, агульнанацыянальную і сусветную культуру для духоўнага абагачэння, фарміравання талерантнасці, гатоўнасці і ўмення жыць у полікультурным асяроддзі. Важную ролю ў гэтым адыгрывае праектны падыход у адукацыі.

Яшчэ ў 1975 годзе настаўнікі тагачаснай сярэдняй школы № 2 з паглыбленым вывучэннем іспанскай мовы аднымі з першых у краіне пачалі ўкараняць рознаўзроўневае навучанне замежнай мове, а ў 1989 годзе першыя ўвялі навучанне другой замежнай мове (англійскай/польскай). З 2007 года гімназісты атрымалі магчымасць вывучаць кітайскую мову, якая з’яўляецца асноўнай замежнай мовай шэрага вучняў з 3 класа. Педагогі назапасілі багаты вопыт па выкарыстанні ўзроўневай дыферэнцыяцыі пры навучанні замежным мовам. Сёння па іх арганізаваны факультатывы і курсы па выбары: “Краіназнаўства”, “Асновы перакладу”, “Камунікатыўная граматыка”, “Другая замежная мова” і “Лексіка-граматычны практыкум”.

У працэсе свайго станаўлення і развіцця гімназія неаднаразова станавілася эксперыментальнай і інавацыйнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі Беларусі па апрабацыі розных напрамкаў моўнай адукацыі. Гімназія з’яўляецца інавацыйным цэнтрам павышэння кваліфікацыі настаўнікаў Брэстчыны па асваенні сучасных адукацыйных тэхналогій, базавай установай для правядзення педагагічнай практыкі пры павышэнні кваліфікацыі педагогаў вобласці па кіраўніцкай дзейнасці, псіхалогіі, замежных мовах, пачатковай адукацыі, біялогіі, рускай і беларускай мовах. На базе гімназіі часта праводзяцца мерапрыемствы рознага ўзроўню па абмене эфектыўным вопытам работы. Установа – пераможца абласнога конкурсу па выкарыстанні ІКТ у кіраўніцкай дзейнасці (2012) і конкурсу на лепшую ўстанову адукацыі Ленінскага раёна Брэста за 2016 год.

За 5 апошніх гадоў 24 выпускнікі скончылі гімназію з залатымі і 2 з сярэбранымі медалямі. Штогод больш за 90% колішніх вучняў працягваюць адукацыю ва УВА. Гімназісты – неаднаразовыя пераможцы раённых, абласных і заключных этапаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. За 5 апошніх гадоў яны атрымалі 156, 51 і 10 дыпломаў адпаведна. Не менш вынікова вучні выступаюць і ў конкурсах даследчых работ.

Высокія вучэбныя вынікі – заслуга дружнага калектыву педагогаў-прафесіяналаў, які доўгі час узначальвала заслужаная настаўніца Беларусі Л.М.Амельянюк. 78% настаўнікаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, 14 педагогаў узнагароджаны граматамі і ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Беларусі, 8 – выдатнікі адукацыі, 3 – лаўрэаты спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў.   

Дзейнасць педагогаў накіравана на фарміраванне адаптыўнага полікультурнага адукацыйнага асяроддзя, якое дазваляе кожнаму вучню рэалізаваць свае прыродныя здольнасці і магчымасці. Дасягаць гэтага дапамагаюць тэхналогіі рознаўзроўневага навучання, калектыўных спосабаў навучання, буйнаблочнай падачы матэрыялу, педагагічных майстэрань, калектыўнай мысліцельнай дзейнасці, практнага навучання, а таксама ІКТ. Педагогі вучаць дзяцей вучыцца, стасавацца, карыстацца інфармацыяй, ствараць камфорт і прыносіць карысць сабе і іншым.

Вядучую ролю ў фарміраванні полікультурнай адукацыйнай прасторы адыгрывае сістэма выхаваўчай работы, якая рэалізоўваецца праз агульнагімназічныя і рэспубліканскія акцыі (“Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, “Здаровы я – здаровая краіна”), праграмы (“Лідар”, “Я – брэстаўчанін”), праекты (“Свет вакол нас”, “Мая Айчына”, “Мой дом, мая краіна, мая планета”) і інш. У гімназіі праводзіцца “Фіеста”, свята культуры народаў, чые мовы вывучаюцца ва ўстанове, ладзяцца фестывалі славянскай культуры і замежных моў, тэатральныя фестывалі. Працуе тэлестудыя Five TV.

Важнае месца ў полікультурнай адукацыйнай прасторы гімназіі займае музей інтэрнацыянальнай дружбы “Амістад”, створаны ў 1980 годзе. У ім сабрана больш за тысячу ўнікальных экспанатаў, прывезеных настаўнікамі, вучнямі і гасцямі ўстановы з Іспаніі, Кубы, Польшчы і іншых краін. За вялікі ўклад у наладжванне міжнародных сяброўскіх адносін музей адзначаны сярэбраным медалём ВДНГ БССР і граматай Міністэрства адукацыі Беларусі. За час існавання ў ім пабывалі дэлегацыі з Польшчы, Швейцарыі, Кубы, Венесуэлы, Іспаніі, Шатландыі, В’етнама, Лаоса, Лівана, Афганістана і інш. У 1983 годзе школе было прысвоена імя Герояў Кубінскай рэвалюцыі. Летам 1984 года лепшыя вучні пабывалі на востраве Свабоды ў гасцях у равеснікаў. Вопыт работы школы па інтэрнацыянальным і патрыятычным выхаванні абагульняўся на ВДНГ СССР. Музейная экспазіцыя пастаянна абнаўляецца і пашыраецца.

Пры музеі створаны клуб замежных спраў, які займаецца падрыхтоўкай экскурсій на розных мовах, арганізацыяй пазакласных мерапрыемстваў, накіраваных на вывучэнне культуры і традыцый Беларусі і замежных краін, пошукавай работай. Штогод арганізоўваюцца тэматычныя выставы і масавыя мерапрыемствы: “Ажыві карціну”, “7 цудаў краіны мовы, якая вывучаецца, і Беларусі”, “Музей васковых фігур”, “ХХ стагоддзе – час адкрыццяў”, “Гісторыя аднаго экспаната” і інш. На базе музея праходзяць факультатыўныя заняткі, мастацкія гасцёўні, літаратурныя вечарыны, сустрэчы з цікавымі людзьмі, краіназнаўчыя гульні, конкурсы і віктарыны.

Полікультурная адукацыя – перспектыўны напрамак работы, паколькі дапамагае наладжваць сацыяльна-культурныя сувязі з іншымі краінамі, якія, у сваю чаргу, аблягчаюць узаемадзеянне і ў эканамічнай сферы. А набытыя моўныя ўменні і навыкі, засвоеныя культурныя каштоўнасці заўсёды спатрэбяцца адукаванаму чалавеку, у тым ліку ў зносінах з замежнікамі.

Галіна КАБАЙДА,

дырэктар;

         Аліна РУДЗЕНКА,

намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 5 Брэста.