Анлайн-урокі для вучняў-спартсменаў

06.06.2018
У многіх школах і ўніверсітэтах свету ўжо больш за 10 гадоў выкарыстоўваюцца анлайн-заняткі, якія з’яўляюцца альтэрнатывай, няхай і не зусім паўнацэннай, звычайным урокам. У нашай установе адукацыі дзейнічаюць спецыялізаваныя спартыўныя класы. Анлайн-урокі дапамагаюць арганізаваць вучэбны працэс дзяцей, якія прафесійна займаюцца спортам і не заўсёды могуць прысутнічаць на занятках.

У мінулым навучальным годзе ва ўстанове працавалі 10 спецыялізаваных класаў, дзе займаліся 227 вучняў. Цеснае ўзаемадзеянне сярэдняй школы і спартыўных школ горада дазваляе дзецям дасягнуць значных поспехаў у вучобе і спорце. Рэгламент работы класаў складзены з улікам вучэбна-трэніровачнага працэсу ў спартыўных школах. Вялікая загружанасць дзяцей стварае пэўныя цяжкасці ў арганізацыі адукацыйнага працэсу, але педагогі пастаянна ўдасканальваюць работу з вучнямі-спартсменамі, што дазваляе ім быць паспяховымі не толькі ў спорце.

У савецкі час гэтая праблема перад юнымі спартсменамі не паўставала, бо як толькі яны пачыналі дасягаць пэўных вынікаў, то адразу пакідалі школу (а часам і сям’ю) і станавілася выхаванцамі спартыўных устаноў. Прынцып абсалютнай канцэнтрацыі на спорце даваў добрыя вынікі. Але амаль усе спартсмены, якія выйшлі з аматарскага спорту, вельмі цяжка знаходзілі потым сваё месца ў жыцці, паколькі былі сацыяльна неадаптаванымі. Гэта тлумачылася тым, што яны раслі ў закрытым асяродку збораў і трэніровак, не звяртаючы ўвагу на адукацыю і арыентаванасць на прафесію.

Сёння, робячы стаўку на спорт, бацькі і трэнеры вучняў-спартсменаў не забываюць пра адукацыю, бо спартыўная кар’ера, як вядома, не бясконцая. Рашэнне, якім чынам дзеці будуць асвойваць прапушчаны матэрыял, прымаюць бацькі, але кантроль за навучаннем застаецца за школай. А яна, вядома, зацікаўлена ў высокіх паказчыках вучэбнай паспяховасці, таму імкнецца арганізаваць бесперапынны працэс адукацыі для вучняў-спартсменаў.

Анлайн-заняткі – адзін з перспектыўных спосабаў навучання, які прапаноўваюць сучасныя тэхналогіі, у тым ліку інтэрнэт. Дыстанцыйнае навучанне можна рэалізоўваць з дапамогай розных даступных сэрвісаў: электроннай пошты, вэб-канферэнцыі, чатаў, скайпу і інш.

Існуе шмат спецыяльных праграмных прадуктаў, якія дазваляюць вырашыць арганізацыйныя і педагагічныя задачы дыстанцыйнага навучання. Так, пры арганізацыі відэаканферэнцыі адначасова можна бачыць да 12 вучняў. Кожны з аддаленых удзельнікаў можа гаварыць, і яго будуць усе чуць. Падчас анлайн-урокаў вучні могуць удзельнічаць у сумеснай галасавой дыскусіі. У якасці анлайн-дошкі выкарыстоўваецца манітор з неабходным матэрыялам. Чат з’яўляецца месцам для агульнай гутаркі з вучнямі ці індывідуальнай з адным з іх. Такая форма работы дазваляе выклікаць аднаго ці некалькіх вучняў для адказу, а вучням – папрасіць, каб выклікалі іх. Настаўнік добра бачыць актыўнасць усіх удзельнікаў урока.

Анлайн-заняткі па беларускай мове праводзяцца для таго, каб вучні, якія з-за сістэматычных збораў і спаборніцтваў не могуць прысутнічаць на ўроках, ахапілі ўвесь школьны курс па прадмеце. Незалежна ад геаграфічнага і часавага становішча вучні набываюць веды дыстанцыйна. Пры гэтым паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу наладжана зваротная сувязь, што вельмі важна ў навучанні.

Анлайн-урокі – гэта звычайныя заняткі, на якіх выкарыстоўваюцца усе звыклыя прыёмы навучання.

Дыстанцыйнае навучанне дазваляе не прапусціць вучэбны матэрыял і атрымаць пры гэтым добрыя вынікі. Вядома, у гэтага метаду ёсць свае плюсы і мінусы. Але калі чалавек рэальна хоча вучыцца і нешта ведаць, ён паспяхова пераадолее ўсе цяжкасці. 

Вольга МАЙСЮК,

настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 9 Баранавіч.