Абмеркавалі праблемы гульнявой культуры дашкольнікаў

11.06.2018
Больш за 70 педагогаў дашкольнай адукацыі сабраліся ў Брэсцкім абласным ІРА для ўдзелу ў абласной навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай гульнявой культуры сучаснага дзяцінства. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі галоўнае ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны ІРА.

- Гульнявая дзейнасць адыгрывае важную ролю ў сацыялізацыі дзяцей ад нараджэння да 7 гадоў, - адзначыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама І.А.Папова. – З дапамогай гульняў і цацак малышы асвойваюць розныя сацыяльныя ролі, пазнаюць свет, вучацца зносінам, развіваюць творчыя здольнасці. Пытанні, звязаныя з фарміраваннем дзіцячай гульнявой культуры, актуальныя як для сямейнага выхавання, так і для дашкольнай адукацыі, бо тычацца псіхолага-педагагічнай сферы.

- У зацікаўленым дыялогу педагогі не толькі абмяркоўвалі розныя метадычныя праблемы, але і дзяліліся эфектыўным вопытам, - расказала начальнік вучэбна-метадычнага аддзела дашкольнай і пачатковай школьнай адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА Г.Б.Лявіцкая. – Тэматыка дакладаў закранала шырокае кола пытанняў: “Сучасныя праблемы дзіцячай гульні і цацкі”, “Сюжэтна-ролевая гульня як сродак сацыялізацыі дашкольнікаў”, “Адукацыйная каштоўнасць дыдактычнай гульні”, “Гульня ў жыцці дзяцей ранняга ўзросту”, “Народная цацка – люстэрка культуры”, “Беларускія гульні як сродак развіцця цікавасці да культуры роднага краю”, “Праектаванне сюжэтна-ролевых гульняў”, “Гульня і дзіцячая творчасць” і інш.

Загадчыца кафедры спецыяльных педагагічных дысцыплін БрДУ імя А.С.Пушкіна кандыдат педагагічных навук Г.М.Казаручык засяродзіла ўвагу на месцы гульні ў сучаснай дашкольнай адукацыі. Па словах Галіны Мікалаеўны, сёння гульня падмяняецца гульнявымі формамі навучання і выкарыстоўваецца пераважна для набыцця новых уменняў і фарміравання карысных навыкаў. У выніку гэтага гульня становіцца не самастойнай дзейнасцю з вялікім развіццёвым патэнцыялам, а сродкам навучання. Дэфіцыт гульні спараджае розныя праблемы ў развіцці дзяцей: сітуацыйнасць паводзін, залежнасць ад дарослых і асяроддзя, немагчымасць самаарганізацыі, адсутнасць уяўлення і ўнутранага плана дзеянняў, недаразвіццё волі, камунікатыўныя цяжкасці, беззмястоўныя зносіны, неразвітасць матывацыйна-сэнсавай сферы. Усе гэтыя якасці і здольнасці складваюцца і развіваюцца менавіта ў дашкольным узросце, таму іх адсутнасць ці нізкі ўзровень вядуць да дэфармацыі ключавых асобасных уласцівасцей. Такая сітуацыя выклікае трывогу і патрабуе пошуку шляхоў аднаўлення паўнацэннай гульні ў жыцці дзяцей і дашкольнай адукацыі. Сярод іх – адкрытасць адукацыйнай праграмы, адэкватнае прадметна-прасторавае асяроддзе і гульнявая кампетэнтнасць педагогаў.

Выхавальніца В.З.Драбышэўская з ясляў-сада № 10 Пінска вяла гаворку пра гуманістычную сутнасць цацкі ў народнай педагогіцы. Цацка ў ёй – гэта не толькі атрыбут гульні, але і магутны сродак выхавання і фарміравання ў дзяцей пэўных адносін да навакольнага свету. Такі падыход патрабаваў ад майстроў асаблівай дасканаласці і адказнасці пры вырабе цацак. Як правіла, народныя цацкі пазбаўлены падрабязнасцей, іх вобраз ствараецца з дапамогай адной-двух рыс, што дазваляе дзецям самім дадумваць яго. А гэта моцна ўздзейнічае на іх унутраны свет і адкрывае шырокі прастор для творчасці. Акрамя таго, роспіс цацак нёс светапоглядны сэнс.

Народныя цацкі абавязкова ўлічвалі ўзроставыя асаблівасці дзяцей, замяняліся і ўскладняліся ў залежнасці ад іх патрэб у пэўны перыяд жыцця. Так, малышам да 1,5 года прызначаліся бразготкі і трашчоткі. Для дзяцей, якія вучыліся хадзіць, вырабляліся рухальныя цацкі: каталкі, конікі на колах і інш. Цацкі, прызначаныя для дзяцей ад 3 да 14 гадоў, набывалі палавую дыферэнцыяцыю і прывучалі да канкрэтных заняткаў. Так, хлопчыкі аддавалі перавагу цацкам, якія ўвасаблялі мужчынскую работу (плуг, барана, рыдлёўка), а дзяўчынкі – жаночую (лялькі, кухонны посуд). Важна, што дзеці маглі назіраць за вырабам цацак і ствараць іх самастойна. Іх выраб быў сямейнай справай і суправаджаўся песнямі, казкамі і гутаркамі. Гэта фарміравала каштоўнасныя арыенціры дзяцей у адносінах да родных, грамадства, прыроды і навакольнага свету ў цэлым. Народныя цацкі валодаюць вялікім патэнцыялам для развіцця дзяцей у эстэтычным, разумовым, фізічным, працоўным і творчым плане.

Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці спецыяльнага дзіцячага сада № 17 для дзяцей з парушэннем зроку Пінска С.А.Гаўрыловіч падзялілася вопытам выкарыстання інавацыйных дыдактычных сродкаў у пазнавальным развіцці выхаванцаў. Сярод іх – інтэрактыўная кніга, якая ўяўляе сабой дзіцячую кніжку-цацку, што прапаноўвае іншыя віды дзейнасці, акрамя чытання. Выкарыстанне такіх кніг дазваляе педагогу перайсці ад звыклых заняткаў з дзецьмі да пазнавальнай гульнявой дзейнасці. Дашкольнікі вельмі любяць кніжкі-цацкі за зместавую разнастайнасць і магчымасць маніпуляцый з гульнявым матэрыялам, што задавальняе патрэбу ў маторнай актыўнасці і руху.

Інтэрактыўная рукадзельная кніга – гэта рознакаляровае выданне з ілюстрацыямі, выкананымі з розных матэрыялаў. Старонкі кнігі могуць быць выраблены з кардону, тканіны, меху, скуры, паперы, пластыку, пацерак і інш. Шырока выкарыстоўваюцца кішэні, мяшочкі і кашалькі, якія можна адкрываць і закрываць, нешта класці туды і даставаць. Прадметы і персанажы такіх кніг мацуюцца з дапамогай ліпучак, шнуркоў і заклёпак. Некаторыя аб’екты могуць выдаваць гукі: шамацець, звінець і інш. Інтэрактыўныя кнігі аб’ёмныя і камфортныя для візуальнага ўспрымання. Карыстаючыся імі, дзеці вучацца мысліць і самастойна развівацца. Акрамя таго, кніжкі-цацкі адыгрываюць вялікую ролю ў сацыялізацыі, набыцці важных ведаў і ўменняў. Падчас работы з такой кнігай дзеці пазнаюць уласцівасці і якасці прадметаў і матэрыялаў, усталёўваюць сувязі і залежнасці з’яў.

Падарожнічаючы па кнізе “Лік”, у дашкольнікаў фарміруюцца элементарныя матэматычныя ўяўленні пра форму прадметаў, іх велічыню, колькасць і аднароднасць. Падчас пазнавальнай дзейнасці дзеці вучацца групаваць прадметы па пэўных прыкметах і матэрыялах.

Інтэрактыўная кніга “Абутак” дапамагае развіваць сацыяльна-бытавыя навыкі. Дапаможнік знаёміць дзяцей з рознымі відамі абутку і матэрыялаў для яго вырабу. На старонках кнігі малышы могуць расшпільваць гузікі, завязваць шнуркі, расцёгваць маланкі.

Інтэрактыўная кніга “Дзе абедаў верабей?” уяўляе сабой рукадзельную кнігу-казку, дзе галоўны персанаж прымацаваны да стужкі і можа свабодна перасоўвацца па старонках. Кніга змяшчае тэкст і ілюстрацыі і знаёміць дзяцей з жывёламі з заапарка.

- Дзякуючы інтэрактыўным кнігам, развіваюцца інтарэсы дзяцей, іх цікаўнасць і пазнавальная матывацыя, уяўленне і творчая актыўнасць, сацыяльныя і камунікатыўныя навыкі, а таксама выхоўваюцца важныя маральныя якасці, - адзначыла С.А.Гаўрыловіч.

Выхавальніца В.М.Карогвіч з Бездзежскага дзіцячага ясляў-сада Драгічынскага раёна азнаёміла калег з цікавымі напрацоўкамі па развіцці дзіцячай цікавасці да культуры роднага краю праз беларускія гульні. Так, з дапамогай мясцовых гульняў “Спрытны бусел” і “Велікоднае яечка” выхаванцы не толькі далучаюцца да народных трацыцый і культуры, гісторыі і мовы, але і развіваюць фізічныя якасці.

Выхавальніца А.У.Грамадская з ясляў-сада № 3 Лунінца актыўна выкарыстоўвае ў сваёй рабоце сучасныя гульнявыя тэхналогіі, адной з якіх з’яўляюцца квест-гульні. Квест уяўляе сабой падарожжа да пэўнай мэты праз пераадоленне розных цяжкасцей. Квест-гульні дазваляюць далучыць дзяцей да актыўнага творчага пошуку, развіваюць цікавасць, ініцыятыву і ўяўленне дашкольнікаў, выхоўваюць адказнасць за выкананне задання. Асаблівая ўвага пры арганізацыі такіх гульняў адводзіцца прадметна-развіццёваму асяроддзю.

Квесты праводзяцца ў розных узроставых групах, але найчасцей у старшых, выхаванцы якіх ужо маюць пэўны запас ведаў і ўменняў. У многіх квестах удзельнічаюць не толькі дзеці, але і бацькі. Адукацыйныя квесты праходзяць на тэрыторыі дашкольнай установы і ў групавых памяшканнях. Кожная гульня сумяшчае навучанне і адпачынак, прычым навучанне адбываецца незаўважна. Пры вырашэнні гульнявых задач дзеці даведваюцца шмат новага. Квесты дазваляюць камбінаваць розныя віды дзейнасці і формы работы.

Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Мотальскага дзіцячага сада Іванаўскага раёна А.М.Калілец расказала пра выкарыстанне электронных інтэрактыўных гульняў у навучанні дашкольнікаў. Педагогі ўстановы паспяхова ствараюць электронныя дыдактычныя і пазнавальныя дапаможнікі, дзякуючы якім дзеці з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі пазнавальнай дзейнасці. У аснове інтэрактыўных дапаможнікаў – гульня. Паказ інфармацыі на экране камп’ютара ў гульнявой форме выклікае ў дзяцей вялікую цікавасць.

Выхавальнікі выкарыстоўваюць навучальныя электронныя гульні, створаныя сродкамі MSPowerPoint. Гульні ўяўляюць сабой паслядоўнасць зменных старонак, дзе выхаванцы павінны выканаць пэўнае заданне. Ва ўстанове створана медыятэка электронных інтэрактыўных гульняў па адукацыйных галінах вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі “Элементарныя матэматычныя ўяўленні” (“Прыгоды ў чароўным лесе”, “Знайдзі суседа”), “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін” (“Чароўная яблынька”, “Знайдзі домік”, “Падбяры пару”), “Дзіця і грамадства” (“Раздзяляй правільна”, “Каму гэта трэба?”, “Бяспечныя прадметы”) і “Дзіця і прырода” (“Вясёлы цягнік”, Поўны кошык”, “Рыхтуем суп з садавіны і агародніны”, “У грыбы”). Усе гульні аб’яднаны ў гульнявы комплекс “Вясёлыя гульні са Смяшарыкамі”. Акрамя таго, з дапамогай сродкаў MSPowerPoint створаны практыкаванні для зрокавай гімнастыкі.

- Электронныя інтэрактыўныя гульні дазваляюць ствараць вучэбныя сітуацыі ў гульнявой форме, задзейнічаць зрокавую, слыхавую і маторную памяць, развіваць адвольную ўвагу і пазнавальную актыўнасць. Дзякуючы такім гульням, заняткі становяцца цікавымі і займальнымі. Але важна памятаць, што камп’ютар павінен дапаўняць педагога, а не замяняць яго, - заўважыла А.М.Калілец.

Падчас канферэнцыі дзейнічала выстава “Гульня і цацка сваімі рукамі” і працавалі 4 секцыі: творчыя майстэрні “Тэатр сваімі рукамі”, “Вясёлыя нітачкі” і “Выраб цацак з фетру”, майстар-клас “Гуляем? Гуляем!”. Адметнымі напрацоўкамі з калегамі дзяліліся выхавальніцы Т.В.Лемяшэўская з Парахонскага ясляў-сада Пінскага раёна, Г.Г.Калесніковіч з ясляў-сада № 3 Пінскага раёна і Т.М.Гойка з ясляў-сада № 3 Століна, а таксама намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 7 Кобрына С.В.Сёміна.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Фота аўтара.