Усвядомлена і надоўга

14.05.2019
У горадзе над Бугам падвялі вынікі V Абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Малады настаўнік Брэстчыны”. Пераможцамі спаборніцтва, арганізаванага галоўным упраўленнем па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкім абласным ІРА, сталі настаўніца англійскай мовы Яўгенія Мікалаеўна Локун з сярэдняй школы № 3 Пінска і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Валер’еўна Дзяйнека з сярэдняй школы № 13 імя В.І.Хована Брэста.

Смотреть Фотогалерею

- Конкурс праводзіцца раз у тры гады з мэтай выяўлення творчых маладых педагогаў, іх прафесійнага росту, самарэалізацыі і замацавання ва ўстановах адукацыі, прапаганды лепшага педагагічнага вопыту, - расказаў старшыня журы конкурсу першы прарэктар Брэсцкага абласнога ІРА С.Р.Рачэўскі. – У спаборніцтве ўдзельнічалі настаўнікі са стажам работы не менш за 3 гады і не больш за 5 гадоў. Пры адборы канкурсантаў улічвалася, наколькі яны валодаюць праграмным матэрыялам на ўроках, умеюць выбіраць мэтазгодныя метады і сродкі дасягнення мэт і задач вучэбных заняткаў, рэфлексаваць і аналізаваць прафесійную дзейнасць. Браліся пад увагу вынікі падрыхтоўкі вучняў да алімпіяд і конкурсаў даследчых работ, актыўнасць у рабоце вучэбна-метадычных аб’яднанняў, інавацыйным ці эксперыментальным праектаванні, камунікатыўная і інфармацыйная культура, творчыя здольнасці, імкненне да педагагічнага пошуку і інш. Паспяховае выступленне ў конкурсе ўлічваецца пры атэстацыі на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі.

Па выніках раённых (гарадскіх) этапаў конкурсу ў фінал выйшаў 21 педагог: настаўніцы англійскай мовы Вольга Іванаўна Рокач з сярэдняй школы №2 Ляхавіч, Наталля Дзмітрыеўна Пашкевіч са Стружскай сярэдняй школы Столінскага раёна, Наталля Іванаўна Пятручык з сярэдняй школы №2 Кобрына, Настасся Сяргееўна Сакута з Русіноўскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна, Таццяна Аляксандраўна Молаш з сярэдняй школы №4 Івацэвіч, Кацярына Рыгораўна Каржук з Пелішчанскай сярэдняй школы Камянецкага раёна, Яўгенія Мікалаеўна Локун з сярэдняй школы №3 Пінска, Вольга Сяргееўна Лагодзіч з сярэдняй школы №1 Драгічына, Хрысціна Анатольеўна Міхайлоўская з сярэдняй школы №2 Лунінца і Вольга Анатольеўна Андрухіна з Варацэвіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Іванаўскага раёна, настаўнікі пачатковых класаў Кірыл Анатольевіч Заўражны з сярэдняй школы №7 Брэста і Юлія Юр’еўна Кахновіч з Пінкавіцкай сярэдняй школы імя Якуба Коласа Пінскага раёна, настаўнік фізікі і астраноміі Андрэй Канстанцінавіч Любас з гімназіі №5 Баранавіч, настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Дзмітрый Станіслававіч Арабчык з сярэдняй школы №5 Пружан, настаўнікі гісторыі і грамадазнаўства Васіль Мікалаевіч Каляда з Клейніцкай сярэдняй школы імя Ю.В.Харытончыка Брэсцкага раёна і Настасся Яраславаўна Ляўковіч з сярэдняй школы №3 Жабінкі, настаўнікі біялогіі Ірына Віктараўна Ерамеева з Малецкага ясляў-сада – сярэдняй школы Бярозаўскага раёна, Настасся Віктараўна Шэмет з гімназіі Ганцавіч і Дзяніс Анатольевіч Піпко з Ланской сярэдняй школы Маларыцкага раёна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Валер’еўна Дзяйнека з сярэдняй школы №13 імя В.І.Хована Брэста і настаўніца геаграфіі Кацярына Васільеўна Трафімчук з Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава.

На базе Брэсцкага абласнога ІРА і сярэдніх школ №№22 і 31 Брэста фіналісты конкурсу праходзілі тэсціраванне, рыхтавалі вусныя маналогі пра настаўніцкія дасягненні і вынікі, адказвалі на пытанні журы, праводзілі ўрокі ў незнаёмых класах і рабілі іх самааналіз. Падчас конкурсных выпрабаванняў педагогі паказалі добрае валоданне ІКТ, якасную метадычную і псіхалагічную падрыхтоўку. Адчувалася, што некаторым не хапала вопыту, але імкненне да самаўдасканальвання было ва ўсіх. І гэта галоўнае.

- Прыняўшы ўдзел у конкурсе прафесійнага майстэрства, маладыя педагогі даказалі родным, сябрам і калегам, што прыйшлі ў сістэму адукацыі надоўга, - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі. – Толькі актыўныя, нераўнадушныя і мэтанакіраваныя людзі выбіраюць педагогіку ў якасці прафесійнай дзейнасці. Сучасныя маладыя настаўнікі вызначаюцца добрай эрудыцыяй, творчым пошукам і высокай матывацыяй. Кожны педагог павінен разумець, што прыйшоў у школу дзеля будучыні дзяцей.

Падчас урачыстай цырымоніі падвядзення вынікаў конкурсу ў Брэсцкім абласным ІРА маладыя педагогі дзяліліся ўражаннямі ад прафесійнай дзейнасці, цікавымі напрацоўкамі і першымі дасягненнямі, планамі на перспектыву. Настаўнікі прызналіся, што цяжкасці іх не палохаюць і яны гатовы натхнёна працаваць над сабой.

Хочацца спадзявацца, што маладыя педагогі не расчаруюцца ў прафесіі і застануцца ў ёй назаўсёды, прынясуць шмат карысці адукацыйнай галіне Брэстчыны.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Фота аўтара.