Адукацыйны патэнцыял школьнага краязнаўства

15.05.2019
На базе ўстаноў адукацыі Іванаўскага раёна прайшоў двухдзённы рэспубліканскі краязнаўчы форум, прысвечаны арганізацыі і ўдасканаленню краязнаўчай дзейнасці па далучэнні вучняў да пазнання малой радзімы. У мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, галоўных упраўленняў па адукацыі аблвыканкамаў і камітэта па адукацыі Мінскага аблвыканкама, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, навукоўцы і педагогі-краязнаўцы.

У пачатку форуму яго ўдзельнікі азнаёміліся з лепшым педагагічным вопытам і дасягненнямі ў краязнаўчай дзейнасці Іванаўшчыны, прадстаўленымі ў сярэдняй школе № 4 Іванава. Так, педагогі Іванаўскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі правялі майстар-клас па тэхніцы пешаходнага турызму і прэзентавалі краязнаўчыя праекты, педагогі Іванаўскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці паказалі работу аб’яднанняў па інтарэсах. Вялікую цікавасць выклікалі выстава-дэгустацыя “Кулінарныя традыцыі Янаўскага краю” пераможцаў раённага этапу VІІ абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод” і выстава рэдкіх экспанатаў, арганізаваная літаратурна-краязнаўчым музеем Дастоеўскай сярэдняй школы імя Ф.М.Дастаеўскага і гісторыка-краязнаўчым музеем Махроўскай сярэдняй школы.

- Брэстчына валодае вялікім краязнаўчым патэнцыялам выхаваўчай работы, якая абапіраецца на ўнікальную культуру, самабытныя традыцыі і прыроду, - расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама І.А.Папова. – Сёння ў вобласці працуе 11 устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі турыстычна-краязнаўчага профілю, дзе створана больш за 900 аб’яднанняў па інтарэсах. Так, Іванаўскі цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі каардынуе грамадзянска-патрыятычную, музейную і краязнаўчую работу, дзіцячы і юнацкі турызм, экалагічную асвету школьнікаў у рэгіёне.

На Брэстчыне ўдзяляецца вялікая ўвага грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню вучняў сродкамі краязнаўства. Установы адукацыі актыўна ўдзельнічаюць у розных конкурсах і мерапрыемствах, арганізаваных у рамках рэспубліканскіх акцый “Я гэты край радзімаю заву” і “Вялікай Перамозе – 75!”, грамадзянска-патрыятычнага праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” і інш. Асаблівай увагі заслугоўвае вопыт работы педагогаў і юных краязнаўцаў Кобрыншчыны, Піншчыны і Бярозаўшчыны, Баранавіч і Пінска.

На добрым узроўні ажыццяўляецца даследчая дзейнасць педагогаў і вучняў, вынікі якой накіраваны на сацыяльную адаптацыю моладзі, фарміраванне актыўнай жыццёвай пазіцыі. Для школьнікаў арганізоўваюцца паходы па родным краі, экспедыцыі, экскурсіі, профільныя летнікі, краязнаўчыя канферэнцыі, форумы і фестывалі, якія дазваляюць пазнаць родны край і выхаваць важныя маральныя якасці.  

Шмат робіцца з нагоды 75-й гадавіны Вялікай Перамогі і Года малой радзімы. Так, на базе ўстаноў адукацыі дзейнічаюць аб’яднанні па інтарэсах, якія падчас пошукава-даследчай работы аднаўляюць гістарычныя факты, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, збіраюць матэрыялы пра гісторыю малой радзімы, добраўпарадкоўваюць тэрыторыі воінскіх пахаванняў і інш. За школамі Брэстчыны замацавана больш за 1,2 тысячы помнікаў, абеліскаў, месцаў пахаванняў воінаў і мемарыялаў. Акрамя таго, вучні аказваюць шэфскую дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны.

Своеасаблівай візітоўкай грамадзянска-патрыятычнай работы ўстаноў адукацыі Брэста з’яўляецца Вахта Памяці юнармейцаў ля Вечнага агню ў Брэсцкай крэпасці. У горадзе сфарміравана больш за 40 школьных мемарыяльных атрадаў, якія працягваюць традыцыі, закладзеныя ў далёкім 1972 годзе. У рамках акцыі “Вялікай Перамозе – 75!” створана больш за 130 даследчых работ, інтэрактыўных карт і каталогаў па мясцінах баявой славы.

Юныя краязнаўцы Брэстчыны вынікова ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх краязнаўчых і патрыятычных злётах, акцыях, праектах і канферэнцыях. З мэтай актывізацыі краязнаўчай дзейнасці ў вобласці праводзіцца абласная краязнаўчая алімпіяда, падчас якой школьнікі ажыццяўляюць экскурсійную, музейную і даследчую работу. За 12 гадоў існавання алімпіяды аформлены прэзентацыі краязнаўчых маршрутаў, складзены віктарыны, арганізаваны конкурсы юных экскурсаводаў, назапашаны вопыт краязнаўчага арыентавання, апісаны архітэктурныя помнікі і інш.

Вялікую ролю ў краязнаўчай дзейнасці адыгрывае Брэсцкі абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, які арганізоўвае абласныя этапы рэспубліканскіх праектаў, акцый і конкурсаў, семінары, круглыя сталы, інтэрактыўныя віктарыны, турніры і алімпіяды. Сайт установы змяшчае інфармацыю пра акцыі, форумы і канферэнцыі, дасягненні і вынікі краязнаўчай, музейнай, пошука-даследчай і праектнай дзейнасці педагогаў і школьнікаў, метадычныя і практычныя напрацоўкі па папулярызацыі культурна-гістарычнай спадчыны Брэстчыны.

Некаторых педагогаў-краязнаўцаў вобласці ведаюць у краіне. Сярод іх – І.І.Дубейка з Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна, З.Д.Дубінецкая з Плешчыцкай сярэдняй школы Пінскага раёна, Н.Я.Бялевіч з Косаўскай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна, Г.В.Скарына з гімназіі Белаазёрска Бярозаўскага раёна, В.В.Арабейка з Пелішчанскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.     

Загадчыца аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства А.Я.Кравец расказала пра сучасныя падыходы да арганізацыі краязнаўчай работы ва ўстановах адукацыі краіны. Старшы выкладчык кафедры прыродазнаўчанавуковых дысцыплін БарДУ У.М.Зуеў засяродзіў увагу на міжсектарным узаемадзеянні ў арганізацыі і правядзенні краязнаўчых даследаванняў на прыкладзе ўніверсітэцкага эколага-краязнаўчага аб’яднання “Неруш”.

Удзельнікі форуму абмеркавалі пытанні, звязаныя з выкарыстаннем гульнявых і ІТ-тэхналогій у краязнаўстве, арганізацыяй грамадзянска-патрыятычнага выхавання школьнікаў, пошукава-даследчай, турыстычна-краязнаўчай і экскурсійнай работы, дзейнасцю краязнаўчых клубаў і музеяў, рэалізацыяй творчых праектаў і інш. У цэнтры ўвагі педагогаў-краязнаўцаў былі таксама пытанні, якія тычыліся новых напрамкаў краязнаўчай работы з вучнямі ў рамках 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Года малой радзімы. Аказаўся запатрабаваным практычны вопыт грамадзянска-патрыятычнага выхавання школьнікаў сродкамі турыстычна-краязнаўчай работы.

Удзельнікі форуму азнаёміліся з краязнаўчым патэнцыялам Іванаўшчыны, наведаўшы музейны комплекс Напалеона Орды ў аграгарадку Варацэвічы, Свята-Праабражэнскую царкву, Мотальскі музей народнай творчасці і археалагічны музей “Нашы карані”. Завяршылася мерапрыемства круглым сталом, дзе прагучалі інавацыйныя прапановы па арганізацыі краязнаўчай работы ва ўстановах адукацыі і наладжванні ўзаемадзеяння з установамі культуры, грамадскімі аб’яднаннямі і зацікаўленымі арганізацыямі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.