Ствараем здароўезберагальнае асяроддзе

20.05.2019
Здароўезберажэнне – адзін з асноўных напрамкаў работы нашага ясляў-сада. Педагогі актыўна далучаюць дзяцей да здаровага ладу жыцця, фарміруюць у іх навыкі бяспечных паводзін у побыце, на вуліцы, у лесе, на вадзе і г.д. Для гэтага ва ўстанове ствараюцца адпаведныя ўмовы.

Пытанні здаровага ладу жыцця і бяспечнай жыццядзейнасці рэгулярна ўзнімаюцца на агульных (групавых) бацькоўскіх сходах, асвятляюцца на інфармацыйных стэндах. Так, вялікую цікавасць у бацькоў выклікаюць тэматычныя буклеты “Здаровы лад жыцця” і фотавыставы “Выхадны дзень”. Асаблівая ўвага ўдзяляецца арганізацыі здаровага і рацыянальнага харчавання дзяцей.

Педагогі выдатна разумеюць, што дзіцячае здароўе ў вялікай ступені залежыць ад якасці прадметна-гульнявога асяроддзя, якое ўключае сістэмную адукацыйную, аздараўленчую, выхаваўчую і прафілактычную работу. У цэнтры павышанай увагі – зніжэнне ўзроўню прастудных захворванняў. Для паспяховага вырашэння пастаўленых задач ёсць адпаведная матэрыяльна-тэхнічная база: фізкультурная і музычная залы з неабходным абсталяваннем, спартыўная пляцоўка, цэнтры рухальнай актыўнасці ў групах са спартыўным інвентаром і інш. У адукацыйным працэсе шырока выкарыстоўваюцца здароўезберагальныя тэхналогіі.

У сваёй рабоце педагогі інтэгруюць розныя віды вучэбнай і выхаваўчай дзейнасці. Дзецям вельмі падабаюцца гульні “Добры доктар Айбаліт”, “Хуткая дапамога спяшаецца да нас” і “Крама карысных прадуктаў”, заняткі “Карысная ежа”, “Каб быць здаровым”, “Правілы здаровага ладу жыцця”, “Міні-агарод на падаконніку” і інш.

Фізічнае выхаванне выхаванцаў ажыццяўляецца праз рухальную актыўнасць падчас ранішняй гімнастыкі, фізкультурных заняткаў, фізкультхвілінак на занятках, рухавых перапынкаў паміж імі, рухавых гульняў і фізічных практыкаванняў на прагулках, фізкультурных свят, дзён здароўя і інш.

Педагогі фарміруюць у дзяцей рухальныя ўменні і навыкі пры засваенні асноўных відаў рухаў, выкананні гімнастычных і спартыўных практыкаванняў, элементаў спартыўных гульняў, развіваюць у выхаванцаў важныя фізічныя якасці (спрытнасць, хуткасць, вынослівасць, гнуткасць), расказваюць пра фізічныя асаблівасці арганізма, знаёмяць з прасцейшымі правіламі захавання і ўмацавання здароўя, фізічнымі практыкаваннямі, якія можна выконваць дома, і інш.

Музыкатэрапія дазваляе дзецям адпачыць, аднавіць сілы, палепшыць настрой і псіхічны стан у цэлым. Настаўнік-дэфектолаг і выхавальнікі звяртаюцца да казкатэрапіі. Дыхальная гімнастыка, моўныя гульні, комплексы практыкаванняў на развіццё дробнай маторыкі, гімнастыка для вачэй, фізкультхвілінкі, хвілінкі цішыні, пальчыкавая і псіхагімнастыка, рэлаксацыя, самамасаж – усё гэта павышае якасць адукацыйнаму працэсу.

У садку дзейнічае адаптацыйная група для дзяцей, якія не наведваюць яго. Гэтай рабоце мы ўдзяляем асаблівую ўвагу. Ствараем умовы, максімальна набліжаныя па камфорце да дамашніх, арганізоўваем аптымальны распарадак дня, праводзім кансультацыі для бацькоў па арганізацыі рэжыму дня, харчавання і адзення дзяцей.

Дасканала прадуманае здароўезберагальнае асяроддзе і комплексны падыход да фізкультурна-аздараўленчай работы станоўча ўплываюць на здароўе выхаванцаў, фарміруюць у іх каштоўнасныя арыенціры, накіраваныя на захаванне і ўмацаванне ўласнага здароўя і здароўя блізкіх.

Мы знаходзімся ў пастаянным пошуку новых форм і метадаў работы з дзецьмі, педагогамі і бацькамі, якія дапамагаюць зрабіць знаходжанне ў садку цікавым, карысным і бяспечным.

Святлана ЛЯШКЕВІЧ,

намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Манькавіцкага ясляў-сада Столінскага раёна.