Школа, якую выбіраюць дзеці

20.05.2019
Школа адыгрывае вялікую ролю ў жыцці чалавека, бо там ён не толькі авалодвае ведамі, але і далучаецца да агульначалавечых каштоўнасцей. Вельмі важна, каб дзеці наведвалі навучальную ўстанову з задавальненнем і добрым настроем.

У нашай школе, адкрытай больш за 30 гадоў назад, створаны неабходныя ўмовы для навучання дзяцей з розным узроўнем развіцця і матывацыі. Ва ўстанове дзейнічаюць інтэграваныя, кадэцкія, праліцэйскія і эксперыментальныя класы, а таксама класы для дзяцей з АПФР.

З 2011 года ў школе ажыццяўляецца інавацыйная і эксперыментальная дзейнасць, накіраваная на ўдасканаленне профільнай адукацыі. А пачалося ўсё з наладжвання супрацоўніцтва з ліцэем № 1 імя А.С.Пушкіна. У 2010 годзе быў распрацаваны інавацыйны праект “Укараненне мадэлі забеспячэння пераемнасці ў сістэме “базавая школа – ліцэй” як сродку прафесійнага самавызначэння вучняў”, які рэалізоўваўся на працягу 2011 – 2014 гадоў. У праекце былі задзейнічаны дзевяцікласнікі. Факультатыўныя заняткі выступалі працягам урокаў, дзе вучні паглыблялі веды і адпрацоўвалі практычныя навыкі. Глыбокае пагружэнне ў пэўны прадмет дазваляла падлеткам упэўніцца ў правільнасці выбранага кірунку навучання ці змяніць яго профіль пры паступленні ў ліцэй.

Але аднаго навучальнага года для паўнацэннай падрыхтоўкі вучняў праліцэйскіх класаў аказалася недастаткова, паколькі базавыя асновы для вывучэння прадметаў на павышаным узроўні закладваюцца ў 8 класе. Дзеці, якія паспяхова асвойвалі многія прадметы, павінны былі мець магчымасць неаднаразовай змены профілю навучання ў адпаведнасці з узніклымі прыярытэтамі. Так з’явіўся эксперыментальны праект па апрабацыі вучэбных планаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах рэалізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання. У выніку навучанне будучых ліцэістаў з 2014 года пачалося з 8 класа.

Разам з праліцэйскімі класамі ў гэты час функцыянавалі і класы, дзейнасць якіх была накіравана на падрыхтоўку вучняў да паступлення ва УВА МУС і МНС. Гэтыя класы з’яўляліся лагічным працягам кадэцкіх. Іх выхаванцы маглі вывучаць дысцыпліны, якія не ўваходзілі ў асноўны пералік (“Асновы права Беларусі”, “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”, польскую ці італьянскую мову).

З 2017 года рэалізоўваецца эксперыментальны праект па апрабацыі вучэбных планаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі як сродку праектавання індывідуальнай адукацыйнай траекторыі вучняў ва ўмовах дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання на ІІ і ІІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі. Навучанне ў 8 – 9 класах арганізавана па 3 мадэлях. Па асноўнай усе школьнікі вывучаюць аднолькавыя прадметы на павышаным узроўні. Эксперыментальныя класы адрозніваюцца ад праліцэйскіх тым, што там на павышаным узроўні выкладаецца толькі адзін прадмет, а астатнія прафілюючыя дысцыпліны – на факультатыўных ці стымулюючых занятках. Такая арганізацыя адукацыйнага працэсу ў эксперыментальных класах дазваляе вучням быць больш мабільнымі пры выбары кірунку навучання на павышаным узроўні.

Сёння ў 8-х праліцэйскіх класах, якія знаходзяцца на базе школы, настаўнікі ліцэя выкладаюць толькі прадметы на павышаным узроўні. Дзевяцікласнікі вучацца ў ліцэі, дзе педагогі выкладаюць ім не толькі профільныя прадметы, але і шэраг няпрофільных. Такім чынам, вучні паступова ўваходзяць у ліцэйскае жыццё і знаёмяцца з настаўнікамі, якія там працуюць. Па выніках уступных экзаменаў 95% выпускнікоў праліцэйскіх класаў паступаюць у 10-я класы ліцэя.

З 2017 года школьнікі атрымалі магчымасць вывучаць у якасці другой замежнай мовы кітайскую. З гэтай мэтай была падпісана дамова аб супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным універсітэтам фізічнай культуры, дзе працуе клас Канфуцыя. Каля 200 хлопчыкаў і дзяўчынак наведваюць заняткі па вывучэнні мовы і культуры Кітая, якія праводзяць не толькі айчынныя спецыялісты, але і валанцёры з Паднябеснай.

Дзякуючы інавацыйнай і эксперыментальнай дзейнасці, вучням быў прапанаваны шырокі выбар кірункаў навучання. Павысілася якасць ведаў школьнікаў, палепшыўся імідж установы, якую ахвотна выбіраюць дзеці для паспяховай самарэалізацыі.

Ірына МАРЧАНКА,

намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 28 Брэста.