З улікам сельскай спецыфікі
20.05.2019Па ўласных назіраннях колькасць дзяцей з маўленчымі парушэннямі за апошнія 8 гадоў павялічылася больш як у 7 разоў. У 90% дашкольнікаў, якія займаюцца ў пункце карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, назіраецца дызартрыя (парушэнне вымаўлення з-за парушэння інервацыі маўленчага апарату, якое ўзнікае ў выніку паражэння нервовай сістэмы). Пры дызартрыі абмежавана рухавасць органаў маўлення (мяккага паднябення, языка, губ), з-за чаго ўскладнена артыкуляцыя. Карэкцыйна-педагагічная работа пры такім дыягназе будзе больш эфектыўнай, калі дзіця атрымае комплексную дапамогу настаўніка-дэфектолага, масажыста, інструктара па лячэбнай фізкультуры і педагога-псіхолага, а таксама пройдзе курс фізіяпрацэдур і медыкаментознага лячэння. Мая задача – дапамагчы дзецям з дызартрыяй выправіць маўленчыя парушэнні ў дашкольным узросце, каб яны ў далейшым маглі паспяхова асвойваць вучэбную праграму ў школе.
Але карэкцыйна-педагагічная работа ў сельскай дашкольнай установе мае сваю спецыфіку, звязаную з адсутнасцю такіх спецыялістаў, як інструктар ЛФК, масажыст і педагог-псіхолаг. З дзецьмі з дызартрыяй працуе толькі настаўнік-дэфектолаг. Для большай эфектыўнасці карэкцыйна-педагагічнай работы выкарыстоўваю розныя віду масажу, практыкаванні для развіцця агульнай і дробнай маторыкі, развіцця памяці, увагі, мыслення і ўспрымання, а таксама псіхалагічныя рэфлексіі.
Амаль усе бацькі дзяцей працуюць у мясцовай сельскай гаспадарцы. Даволі часта яны ў час палявых работ з-за занятасці і ненармаванага рабочага дня не выконваюць з дзецьмі дамашнія заданні. На жаль, не ўсе мамы і таты ўсведамляюць сур’ёзнасць парушэння гукавымаўлення ў сваіх дзяцей, таму да дамашніх заданняў ставяцца скептычна. Не заўсёды бацькі могуць адвезці дзяцей на фізіяпрацэдуры ў раённую бальніцу, ды і да медыкаментознага лячэння не праяўляюць належнай увагі з-за банальнай некампетэнтнасці. А шкадаваць пра страчаны час пачынаюць толькі тады, калі дзеці пайшлі ўжо ў школу.
Дзейнасць дашкольнай установы ў вёсцы навідавоку. Мы цесна супрацоўнічаем з мясцовай школай, бібліятэкай, домам культуры. Да розных свят у ім арганізоўваюцца канцэрты і забаўляльныя праграмы для жыхароў. Даволі часта дзеці выступаюць на сцэне. Усе бацькі жадаюць, каб маўленне іх дзяцей было прыгожым і бездакорным. Каб зрабіць мам і татаў сваімі памочнікамі, я распрацавала план сумеснай дзейнасці з імі, які ўключае як традыцыйныя, так і сучасныя формы работы, у тым ліку з выкарыстаннем ІКТ. Мне як настаўніку-дэфектолагу, зацікаўленаму ў выніках сваёй работы, даводзіцца быць майстрам на ўсе рукі: нестандартна праводзіць індывідуальныя і падгрупавыя заняткі з дзецьмі, кансультацыі з бацькамі.
Алена КОЗЕЛ,
настаўнік-дэфектолаг Русінавіцкага дзіцячага сада Ляхавіцкага раёна.