Перш за ўсё – любоў да дзяцей

13.06.2018
Прафесійная падтрымка маладых спецыялістаў – адзін з прыярытэтных напрамкаў работы Столінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета. З гэтай мэтай арганізоўваюцца розныя мерапрыемствы. Традыцыйнымі сталі сустрэчы з маладымі педагогамі пасля першага года іх работы.

Абарона стажорскай практыкі – першы прафесійны экзамен для 33 сённяшніх маладых спецыялістаў Століншчыны. За год работы ў школах і дзіцячых садках педагогі не толькі апрабавалі на практыцы тэарэтычныя веды, атрыманыя ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, але і вызначылі для сябе найбольш эфектыўныя методыкі і шляхі ўдасканалення прафесійных навыкаў.

Загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета В.А.Грэчка і яе калегі-метадысты адзначылі, што маладыя педагогі даволі добра валодаюць тэарэтычнымі ведамі і практычнымі ўменнямі. Настаўнікі ведаюць, як, дзе і калі лепш за ўсё выкарыстаць набытыя веды. Педагогі, якія зусім нядаўна пачалі прафесійны шлях, па-сучаснаму глядзяць на ўрок і не баяцца новых тэхналогій, метадаў і нестандартных прыёмаў, здольных зрабіць яго цікавым, карысным і запамінальным.

У настаўніцы нямецкай мовы Юліі Анатольеўны Булан з Плотніцкай сярэдняй школы ўжо ёсць першыя прафесійныя сакрэты. Для таго каб зацікавіць вучняў сваім прадметам, педагог выкарыстоўвае метад інтэлектуальных карт.

Настаўніца нямецкай мовы Алена Юр’еўна Кох з Рухчанскага ясляў-сада – сярэдняй школы, настаўнік фізкультуры Сяргей Іванавіч Грыб з Харомскага ясляў-сада – сярэдняй школы і настаўнік фізікі і астраноміі Дзяніс Яўгенавіч Кавальскі з Плотніцкай сярэдняй школы прызналіся, што ў выбранай прафесіі не расчараваліся. Вельмі задаволены работай настаўніца матэматыкі і інфарматыкі Дзіяна Вітальеўна Гук са Стахаўскай сярэдняй школы і сацыяльны педагог Марыя Аляксандраўна Альгамец, якіх аб’ядноўвае любоў да дзяцей, шчырасць і чуласць. Ураджэнка Піншчыны Д.В.Гук не хавае, што спачатку было цяжка, але, дзякуючы дружнаму і згуртаванаму педкалектыву, яна плануе застацца ў школе. М.А.Альгамец, выбіраючы прафесію, кіравалася найперш чалавечымі якасцямі. Ёй вельмі падабаецца дапамагаць людзям, таму нядзіўна, што малады педагог знайшоў у сваёй рабоце прызванне.

Настаўніцу пачатковых класаў Алёну Валер’еўну Піліпчук з Асаўской сярэдняй школы вылучаюць шчырасць і павышаная адказнасць. Сур’ёзна падыходзіць да работы і настаўнік хіміі і біялогіі Мікалай Іванавіч Яруціч з Дубойскага ясляў-сада – сярэдняй школы. Педагог актыўна займаецца з вучнямі на прышкольным участку.

Правільную прафесійную дарогу выбралі выхавальніцы Юлія Раманаўна Літвінчык з Рэчыцкага ясляў-сада № 3 і Марыя Уладзіміраўна Мішкова з Альшанскага ясляў-сада № 1, якія працуюць па тэхналогіі развіцця творчага мыслення дзяцей.

Зацікаўленая размова адбылася з настаўнікам фізікі Міхаілам Іванавічам Козакам з Альшанскай сярэдняй школы № 1, настаўніцай пачатковых класаў Юліяй Юр’еўнай Савіч з сярэдняй школы № 2 Століна, педагогамі-арганізатарамі Яўгеніяй Мікалаеўнай Касцюк з сярэдняй школы № 3 Рэчыцы і Аленай Іванаўнай Струга з Рамельскай сярэдняй школы.

Не ўсе маладыя педагогі працуюць па спецыяльнасці, але яны не засмучаюцца і штосьці мяняць не збіраюцца, бо знайшлі сябе ў сваёй дзейнасці.

- Моладзь упэўнена глядзіць у прафесійную будучыню, усведамляе праблемы і бачыць шляхі іх вырашэння, - адзначыла В.А.Грэчка. – Радуе пазітыўны настрой педагогаў і іх нацэленасць на далейшае ўдасканаленне ведаў. Падчас усіх выступленняў адчувалася шчырая любоў да дзяцей, якія адказваюць узаемнасцю. Маладыя спецыялісты запэўнілі, што не збіраюцца спыняцца на дасягнутым. Ім яшчэ шмат трэба працаваць над методыкай урока, пастаноўкай яго мэт і многім-многім іншым. Галоўнае – моладзь гатова павышаць прафесійны ўзровень. І ў гэтым раённая метадычная служба ім абавязкова дапаможа.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.