Школа + вёска: разам да ўстойлівага развіцця
28.05.2019- Сёння на Бярозаўшчыне дзейнічаюць 56 устаноў адукацыі, якія наведваюць каля 7,2 тысячы дзяцей, - расказала намеснік начальніка аддзела па адукацыі Бярозаўскага райвыканкама А.В.Мінко. – Іх навучаннем і выхаваннем займаюцца каля 1,4 тысячы педагогаў. 75% настаўнікаў і выхавальнікаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. 3 педагогі – настаўнікі-метадысты. Установы адукацыі працуюць у інавацыйным рэжыме, рэалізоўваюць цікавыя праекты. Так, Здзітаўская сярэдняя школа з 2011 года з’яўляецца рэспубліканскім рэсурсным цэнтрам комплекснай падтрымкі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця сельскіх тэрыторый. Яго задача – арганізаваць сістэму ініцыятыўнай дзейнасці ўстаноў адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця. Педагогі і вучні канкрэтнымі дзеяннямі імкнуцца палепшыць жыццё людзей.
- Можна жыць у маленькай вёсцы і адчуваць сябе часткай сусветнай супольнасці, імкнуцца ўдзельнічаць у вырашэнні глабальных праблем, а можна жыць у мегаполісе і заставацца адзінокім, - лічыць дырэктар Здзітаўскай сярэдняй школы В.П.Жуковіч. – Займаць актыўную жыццёвую пазіцыю, уносіць пасільны ўклад у вырашэнне сацыяльных праблем, не заставацца раўнадушным да падзей у свеце – такі выбар зрабіла наша ўстанова адукацыі.
Здзітаўская сярэдняя школа – член каардынацыйнага савета па адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця пры Міністэрстве адукацыі Беларусі, сузаснавальнік асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”, куды ўваходзяць БДПУ імя Максіма Танка, Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, Магілёўскі абласны ІРА і гімназія № 19 Мінска. Адукацыя для ўстойлівага развіцця – гэта магчымасць для людзей любога ўзросту ўплываць на якасць свайго жыцця, несці адказнасць за свае дзеянні і пабудову стабільнай будучыні, рыхтаваць сябе да реальнага жыцця ў зменлівым свеце, развіваць навыкі супрацоўніцтва, навучаць грамадзянскай актыўнасці і інш.
На працягу 10 гадоў у Здзітаўскай сярэдняй школе актыўна ўкараняюцца ідэі і прынцыпы ўстойлівага развіцця. Дзякуючы гэтаму павысілася прафесійная кампетэнтнасць педагогаў, актывізавалася праектная, інавацыйная і даследчая дзейнасць, сфарміравалася каманда аднадумцаў і партнёраў, акрэсліліся стратэгічныя мэты.
“Мы хочам, каб у нашай вёсцы было камфортна і прэстыжна жыць, каб кожны жыхар раіў сваім сябрам прыехаць жыць менавіта сюды – у край, дзе захаваная прырода і багатая гісторыя суседнічаюць з сучаснымі тэхналогіямі і магчымасцямі атрымаць добрую адукацыю”, - такім дарослыя і дзеці вызначылі вобраз жаданай будучыні ў 2007 годзе, калі стваралі стратэгію развіцця школьнай супольнасці.
Педагогі падышлі да справы грунтоўна: уважліва азнаёміліся з айчынным і міжнародным вопытам, наведалі шэраг семінараў і трэнінгаў, пабывалі ў адукацыйнай паездцы па Германіі, наладзілі супрацоўніцтва з прафесійнымі экспертамі ў галіне ўстойлівага развіцця. Вынікам сумесных намаганняў сталі стратэгічныя планы “Школа + вёска: разам да ўстойлівага развіцця” і “Стратэгія ўстойлівага развіцця для Спораўскага сельсавета”. Іх задача заключалася ў комплексным вырашэнні праблем развіцця з улікам сацыяльных, экалагічных і эканамічных эфектаў і наступстваў, аб’яднаўшы сілы ўсіх зацікаўленых бакоў.
На працягу 2009 – 2017 гадоў былі рэалізаваны 10 сацыяльна значных праектаў, у якіх удзельнічала большасць педагогаў, школьнікаў і вяскоўцаў. Так, быў створаны эколага-этнаграфічны музей “Здзітаўскі фальварак”, арганізаваны Здзітаўскія алімпійскія гульні, вывучаны і сістэматызаваны цыкл народных абрадавых свят, сабраны матэрыялы пра народныя гульні вёскі і стравы мясцовай кухні, падрыхтаваны ілюстраваная брашура “Легенды і паданні Здзітава” і дыялектны слоўнік Здзітава з фразеалагізмамі, прыказкамі і параўнаннямі, выдадзена кніга “Здзітава – Радзіма мілая!”, арганізаваны факультатыў “Здзітавазнаўства”, праведзены даследаванні па вывучэнні флоры, фаўны, гісторыі і моўнай прасторы Здзітава, распрацаваны зялёны маршрут “Паміж трох азёр” і інш. Рэгіянальны кампанент шырока ўключаны ў змест урокаў і выхаваўчых мерапрыемстваў.
- Дзякуючы праектам вучні пераканаліся, што іх уклад у паляпшэнне якасці жыцця можа быць значным, - адзначыў В.П.Жуковіч. – Школьнікі на практыцы асвоілі шлях ад ідэі да рэалізацыі праекта, шукалі партнёраў, прадбачылі эфекты, магчымыя няўдачы. Гэта вельмі важна, бо сфарміраваць экалагічныя і сацыяльныя каштоўнасці як простую сістэму ведаў немагчыма, як немагчыма перадаць чалавеку пэўныя адносіны да свету. Яны ўзнікаюць толькі з набыццём сацыяльнага вопыту. Вучні – не спажыўцы, а ўдзельнікі пераўтварэнняў.
У 2017 годзе на базе школы адкрыўся рэсурсны цэнтр эканамічнага развіцця Спораўскага сельсавета. Рэалізаваны праект “Да ўстойлівага Спораўскага сельсавета – праз актывізацыю маладзёжнага прадпрымальніцтва”, значнасць якога заключаецца ў магчымасці даць вучням не толькі якасную адукацыю па базавых прадметах, але і дадатковыя практычныя веды для рэалізацыі ва ўмовах рыначнай эканомікі.
Вялікая ўвага ўдзяляецца міжнароднаму супрацоўніцтву. Так, работа па вывучэнні Спораўскіх балот праводзілася пад кіраўніцтвам нямецкіх эколагаў. Асаблівую цікавасць у вучняў выклікаў глабальны міжнародны праект па вывучэнні тэмпаў драпежніцтва траваядных насякомых у залежнасці ад змен геаграфічнай шыраты з дапамогай штучных вусеняў. Работа над праектам доўжылася 4 гады ў партнёрстве з універсітэтам Хельсінкі (Фінляндыя). Праведзенае даследаванне было прызнана лепшым на мінулагодняй абласной навукова-практычнай канферэнцыі і на сёлетняй рэспубліканскай. Сёння пад кіраўніцтвам выкладчыка БрДУ імя А.С.Пушкіна А.В.Такарчука рэалізоўваецца праект па кліматычных зменах.
Здзітаўскія школьнікі ў складзе беларуска-расійскай каманды ўдзельнічаюць у экалагічнай экспедыцыі па вывучэнні дэльты Нёмана. На працягу двух сезонаў вучні выязджалі для даследаванняў у Калінінград. Цяпер яны працягваюцца на тэрыторыі Беларусі.
- Удзел у інавацыйных праектах дазваляе ўкараняць новыя педагагічныя падыходы ў адукацыйны працэс, забяспечваючы самаразвіццё ўстановы, - адзначыў В.П.Жуковіч. – З 2017 года ў школе ажыццяўляецца праект па ўкараненні мадэлі арганізацыі адукацыйных практык у інтарэсах устойлівага развіцця з мэтай фарміравання творчага патэнцыялу вучняў. Наш вопыт неаднаразова прэзентаваўся на міжнародных мерапрыемствах у Польшчы, Бельгіі, Украіне, Малдове, ЗША, Грузіі і Італіі. Мы бачым, што дзейнасць школы прыносіць рэальную карысць мясцовай супольнасці Здзітава, прапаноўвае дадатковыя адукацыйныя магчымасці вучням і настаўнікам. Мы верым, што працяг работы ў гэтым напрамку забяспечыць устойлівае і збалансаванае развіццё лакальнай тэрыторыі сельскага рэгіёна і Беларусі ў цэлым.
Удзельнікаў мерапрыемства ўразіў калейдаскоп даследчых работ школьнікаў, прысвечаных малой радзіме: “Карова на двары – малако на стале”, “Вымярэнне шыротных змен тэмпаў драпежніцтва траваядных з дапамогай штучных вусеняў”, “Паляванне за дажджавой вадой, або Эканом з розумам” і “Дыялектны слоўнік як крыніца ведаў пра нацыянальную культуру”.
Ініцыятыўная група вучняў пад кіраўніцтвам настаўніцы геаграфіі А.В.Пракурат прэзентавала вынікі школьнага маніторынгу мясцовага клімату на тэрыторыі Спораўскага сельсавета, а другая ініцытыўная група вучняў пад кіраўніцтвам настаўніцы працоўнага навучання Г.П.Юзэфовіч расказала пра ролю школьнай цяпліцы ў развіцці сельскага бізнесу. Добрыя ўражанні пакінуў эколага-краязнаўчы музей “Здзітаўскі фальварак”, які з’яўляецца адным з пунктаў зялёнага маршруту “Паміж трох азёр”. Госці з задавальненнем прадэгуставалі стравы традыцыйнай здзітаўскай кухні.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.