У кінаклуб па… метадычную дапамогу

07.06.2019
Сярод вялікай колькасці педагагічных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца ў метадычнай дзейнасці, важна знайсці тыя, што дазваляюць арганізаваць найбольш прадуктыўную работу настаўнікаў і выхавальнікаў, матывуюць іх да самаразвіцця і самарэалізацыі, павышаюць прафесійную кампетэнтнасць. З гэтай мэтай у мінулым навучальным годзе на Жабінкаўшчыне працаваў дыскусійны кінаклуб, які аб’яднаў 13 выхавальнікаў дашкольных устаноў.

У рамках кінаклуба яго ўдзельнікі развівалі камунікатыўныя кампетэнцыі падчас сумеснай дзейнасці, павышалі матывацыю да самаразвіцця, аналізавалі і разам абмяркоўвалі кінастужкі, займаліся творчай і пошукава-даследчай работай. Выбар кінапрофілю невыпадковы. Педагагічная дзейнасць падобная на рэжысёрскую. Гэта сапраўднае мастацтва. Работа педагога на ўроку, як і работа рэжысёра над фільмам, патрабуе высокага майстэрства і натхнення. Добрае кіно дае цікавую інфармацыю для роздуму, разважанняў і абмеркаванняў з калегамі.

Савецкі кінарэжысёр С.А.Герасімаў гаварыў: “Мне здаецца незвычайна значным пачынаннем – арганізацыя кінаклубаў у інстытутах, школах, на заводах. Я ўпэўнены ў тым, што дыскусійныя клубы вакол кінематографа ці любога іншага мастацтва куды больш карысныя, чым арганізацыя дзяжурнага драмгуртка. Вакол кожнага фільма можна правесці дыскусію, якая будзе садзейнічаць росту не толькі эстэтычнаму, але і грамадзянскаму”.

Падрыхтаваныя да кожнага пасяджэння кінаклуба даклады і практычныя практыкаванні дапамагаюць глыбей пранікнуць у задуму мастацкага фільма, раскрыць вобразы і характары галоўных і другасных персанажаў. Гэта дазваляе пашырыць кругагляд педагогаў і па-новаму зірнуць на сваю работу.

Дзейнасць кінаклуба арганізавана па прынцыпе дыялогавага навучання. Інтэрактыўная форма пасяджэнняў дазваляе будаваць зносіны педагогаў у максімальна камфортных умовах, дзе кожны адчувае сябе значным і паспяховым. Гэта робіць зносіны прадуктыўнымі і эфектыўнымі. Сумесная дзейнасць у добразычлівай атмасферы падштурхоўвае да інтэнсіўнага абмену ведамі, ідэямі і спосабамі работы.

На працягу навучальнага года адбыліся 3 пасяджэнні кінаклуба, кожнае з якіх уключала прагляд фільма па пэўнай тэме і яго абмеркаванне з дапамогай метаду аналізу канкрэтных сітуацый супярэчлівага характару. Гэты від метадычнай работы з выхавальнікамі атрымаўся даволі дзейсным. Так, па выніках анкетавання ўсе педагогі засталіся задаволенымі дзейнасцю кінаклуба, бо ён дазволіў выйсці за рамкі звыклай работы, падштурхнуў да творчага пошуку, самаразвіцця і інш. Работа кінаклуба прадоўжыцца ў новым навучальным годзе.

Вольга ДАНІЛЮК,

кіраўнік дыскусійнага кінаклуба,

метадыст Жабінкаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.