Пра важнасць пераемнасці

07.06.2019
Эфектыўнасць карэкцыйна-педагагічнай дапамогі дзецям з множнымі парушэннямі маўлення абумоўлена правільнай арганізацыяй іх знаходжання ў дашкольнай установе, прадуманым размеркаваннем нагрузкі на працягу дня і пераемнасцю ў рабоце настаўніка-дэфектолага і выхавальнікаў.

Вядучая роля ў карэкцыйным працэсе па пераадоленні маўленчых парушэнняў належыць настаўніку-дэфектолагу, таму карэкцыйныя задачы, якія стаяць перад выхавальнікамі спецыяльных груп, узгадняюцца з яго задачамі. Выхавальнікі працягваюць работу па развіцці кагнітыўных здольнасцей дзяцей, іх маўленчай дзейнасці, замацаванні ўменняў і навыкаў, атрыманых на занятках з настаўнікам-дэфектолагам.

Сумесную работу з выхавальнікамі падзяляю на 3 этапы: арганізацыйны, асноўны, выніковы. На першым этапе (у пачатку верасня) знаёмлю выхавальнікаў з высновамі псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі, праводжу комплекснае псіхолага-педагагічнае абследаванне дзяцей, запаўняю маўленчыя карты. У гэты час выхавальнікі назіраюць за малышамі, размаўляюць з імі на розныя тэмы, гуляюць з мэтай вывучэння іх уяўленняў і ўменняў. Пасля абследавання і запаўнення дакументаў абмяркоўваюцца вынікі, складаюцца перспектыўны план работы з дзецьмі, іх бацькамі і педагогамі, расклад заняткаў. Мамы і таты інфармуюцца пра вынікі абследавання і напрамкі карэкцыйна-педагагічнай работы.

Асноўны этап прадугледжвае назіранне за дынамікай развіцця дашкольнікаў, карэкцыйна-педагагічную работу, вызначэнне неспрыяльных фактараў, якія перашкаджаюць эфектыўнаму карэкцыйнаму ўздзеянню.

Засвоеныя маўленчыя ўменні ў дзяцей з множнымі парушэннямі маўлення замацоўваюцца па-за заняткамі падчас рэжымных момантаў: апранання пасля сну і на прагулку, распранання пасля прагулкі і перад сном, умывання ці мыцця рук перад кожным прыёмам ежы, назіранняў у кутку прыроды ці на прагулцы, гульняў і інш. Розныя сітуацыі зносін і віды дзіцячай дзейнасці арганізоўваюцца з улікам этапу навучання і індывідуальных асаблівасцей малышоў.

Заданні для работы выхавальнікаў з дзецьмі абавязкова ўключаюць практыкаванні, накіраваныя не толькі на развіццё маўлення, але і мыслення, увагі, памяці, успрымання і сенсорыкі. У спецыяльным сшытку выхавальнікі адзначаюць ступень асвоенасці матэрыялу і цяжкасці, якія ўзніклі ў дзяцей.

Прывяду некалькі заданняў, накіраваных на замацаванне ведаў і ўменняў 4-5-гадовых дзяцей, атрыманых на занятках з настаўнікам-дэфектолагам, для выканання выхавальнікамі. Так, для замацавання вымаўлення пэўных гукаў прапаноўваю практыкаванні па артыкуляцыйнай гімнастыцы (“Конік”, “Кубачак”, “Грыбок”), а для аўтаматызацыі гукаў – паўтарыць складовыя рады пэўных гукаў: са-са-са, со-со-со, су-су-су і г.д. Пры вывучэнні лексічнай тэмы “Свойскія жывёлы” прапаноўваю разгледзець ілюстрацыі з гэтымі жывёламі, назваць іх дзіцянят, расказаць, чым кормяць жывёл і чым яны адрозніваюцца, якую карысць прыносяць чалавеку, як за імі даглядаюць. З мэтай развіцця дробнай маторыкі дзеці абводзяць трафарэты і шаблоны свойскіх жывёл, размалёўваюць іх, выконваюць практыкаванні “Дапамажы трусу трапіць у клетку”, “Дапамажы дзіцянятам адшукаць сваіх мам” і інш. З мэтай фарміравання ўменняў па арыентацыі ў прасторы малышы выконваюць практыкаванні “Раскажы, што бачыш”, “Знайдзі цацку”, “Раскажы, як адшукаць сябра” і інш.

Сумесная дзейнасць з выхавальнікамі спецыяльнай групы прадугледжвае іх кансультаванне па папаўненні гульнявых куткоў пэўнымі матэрыяламі і атрыбутамі ў адпаведнасці з лексічнымі тэмамі і вучэбнымі задачамі. Разам з выхавальнікамі праводзім бацькоўскія сходы (не радзей 3 разоў у год) і кансультацыі для бацькоў, запрашаем іх на заняткі.

На асноўным этапе ажыццяўляецца маніторынг (снежань-студзень, май), які выяўляе дынаміку маўленчага развіцця выхаванцаў групы ў цэлым і паасобку. Вынікі маніторынгу дазваляюць прааналізаваць і ўнесці змены ў карэкцыйна-педагагічную работу, ацаніць эфектыўнасць супрацоўніцтва з іншымі спецыялістамі і бацькамі.

На заключным этапе праводзіцца выніковая псіхолага-педагагічная дыягностыка. Атрыманыя вынікі агульнага і маўленчага развіцця дзяцей параўноўваюцца з данымі першаснага абследавання, пасля чаго выбіраюцца далейшыя адукацыйныя маршруты малышоў.

Ганна КАБЯЛЬЧУК,

настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада №1 Ляхавіч.