У цэнтры ўвагі – псіхолага-педагагічныя асаблівасці сучаснага ўрока
10.06.2019Адкрываючы семінар, метадыст раённага ВМК Н.М.Крывалапава адзначыла важнасць і актуальнасць арганізацыі сучаснага ўрока з улікам псіхолага-педагагічных патрабаванняў да яго правядзення і новых падыходаў. Дацэнт кафедры сацыяльнай работы сацыяльна-педагагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна К.М.Сіда засяродзіла ўвагу на тэарэтычных аспектах псіхолага-педагагічных асаблівасцей сучаснага ўрока. Так, традыцыйная (класна-ўрочная) дыдактычная мадэль эфектыўна выкарыстоўваецца ў нашай краіне на працягу многіх дзесяцігоддзяў. У гэтай мадэлі склаўся паняційны апарат (трыадзіная мэта ўрока, план урока, форма арганізацыі працэсу навучання, яго метады і прыёмы, тыпы ўрокаў) і культура адносін педагогаў. Дзякуючы тэхналагізацыі адукацыі ў 90-я гады мінулага стагоддзя, змяніліся формы і метады навучання школьнікаў, якія сталі больш актыўнымі і ўзаемазвязанымі. Ва ўмовах інфармацыйнага грамадства асабліва актуальнай становіцца мадэль кампетэнтнаснага падыходу, якой ўласцівы такія паняцці, як базавыя кампетэнцыі, вопыт вучня, уменне аналізаваць жыццёвыя і псіхолага-педагагічныя сітуацыі і інш.
Педагогі прэзентавалі панараму вопыту па пытаннях сучаснага ўрока. Так, В.М.Куліч з сярэдняй школы №9 Кобрына падзялілася напрацоўкамі па фармулёўцы мэт вучэбнай дзейнасці малодшых школьнікаў. Н.В.Варзакава з дзіцячага сада – сярэдняй школы №4 Кобрына расказала пра распрацоўку кампетэнтнасна-арыентаваных заданняў, якія дапамагаюць арганізаваць дыферэнцыраваную работу на занятках, павысіць пазнавальную матывацыю вучняў, фарміраваць агульнавучэбныя ўменні і навыкі, развіваць самастойнае мысленне. А.Б.Мурашка з гімназіі Кобрына вяла гаворку пра тэхналогію праблемнага навучання на ўроках матэматыкі, рускай і беларускай мовы. М.А.Сакалюк з сярэдняй школы №6 Кобрына падзялілася вопытам па фарміраванні рэфлексіўнай дзейнасці вучняў на сучасным уроку. Пра асаблівасці кантрольна-ацэначнай дзейнасці настаўніка і вучняў гаварыла С.В.Кульжык з Акцябрскага дзіцячага сада – сярэдняй школы, а І.С.Раманюк з сярэдняй школы №1 Кобрына – пра зваротную сувязь педагога і дзяцей.
У рамках семінара А.М.Вабішчэвіч з сярэдняй школы №7 Кобрына правяла інтэрактыўны ўрок для дарослых па мадэляванні сучаснага ўрока літаратурнага чытання. Педагогі асвойвалі метадычную мадэль пабудовы заняткаў па вывучэнні тэксту апавядальнага характару, вучыліся арыентавацца ў безлічы метадаў і прыёмаў работы з такімі тэкстамі.
Па выніках семінара былі выпрацаваны рэкамендацыі па ўдасканаленні сучаснага ўрока ў кантэксце кампетэнтнаснага падыходу.
Кацярына СІДА,
дацэнт кафедры сацыяльнай работы сацыяльна-педагагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна,
кандыдат псіхалагічных навук.