Чалавек працы – чалавек будучыні

18.06.2018
У час лічбавых тэхналогій здаецца, што людзі хутка развучацца працаваць рукамі. Але рабочыя па-ранейшаму запатрабаваны. Сучасныя рабочыя спецыяльнасці патрабуюць новых ведаў і падыходаў да іх атрымання. І роля школы ў гэтым надзвычай вялікая.

Сёння вядуцца розныя размовы пра будучыню рабочых прафесій у зменлівы час. Як паказвае практыка, нішто так не развівае чалавека, як магчымасць рэалізаваць свае ідэі, задумы і знаходкі на практыцы на карысць сабе і грамадству. Гэта вельмі важна для рынку працы, дзе заўсёды запатрабаваны кваліфікаваныя рабочыя кадры.

Аднойчы назіраў, як працавалі два муляры, малады і сталы. Адзін хутка працаваў і шмат мітусіўся, але работу выконваў добра і дакладна. Старэйшы калега амаль стаяў на месцы, рабіў мінімум рухаў і крокаў, але яго цагліны клаліся больш роўна і без дарэмна патрачанага раствору. Першы працаваў добра і хутка, а другі – якасна і дакладна.

Сённяшнім работадаўцам патрэбны найперш хуткасць і якасць працы, але дасягнуць гэтага адначасова і адразу немагчыма. Настаўнікі тэхнічнай працы добра ведаюць, як адно і тое ж заданне кожны вучань выконвае па-рознаму: з рознай доляй імпэту, шчырасці і любові. Без апошняга моманту немагчыма вырабіць прыгожую рэч. Задача педагогаў – падрыхтаваць працавітых выпускнікоў, здольных любіць прафесію і дасягнуць у ёй высокага майстэрства.

Вучняў 8 – 9 класаў трэба абавязкова знаёміць з шырокім спектрам рабочых прафесій, запатрабаваных на сучасным рынку працы. Для гэтага можна выкарыстоўваць спецыяльныя заняткі, праводзіць сустрэчы з прадстаўнікамі пэўных прафесій і ветэранамі вытворчасці. Магчыма, тады некаторыя вучні зацікавяцца працай будаўніка, слесара, наладчыка і інш. У полі зроку настаўніка павінны быць і рэдкія прафесіі накшталт чырванадрэўшчыка, разьбяра, бондара, пчаляра, ганчара, каваля, шапавала і інш. Вялікую ўвагу трэба ўдзяляць развіццю ў моладзі канструктарскага і дызайнерскага мыслення.

Значную частку школьнай праграмы па тэхнічнай працы складае работа з драўнінай. Гэта вялікае поле для цікавай і карыснай дзейнасці. Сталярная праца ўключае зборку дэталей з драўніны, яе габляванне, шліфаванне, піленне, тачэнне і г.д. Вучні павінны ўмець не толькі апрацаваць драўніну, але і выкарыстаць яе ўласцівасці для вырабу практычных рэчаў і прадметаў: палічак, шпакоўняў, кармушак для птушак, падставак для кніг, тэлефонаў і смартфонаў, школьных указак, фотарамак і інш. Дзецям прапаноўваецца самастойна вызначыць від вырабу і яго канструктыўныя асаблівасці, памеры і ўласцівасці драўніны. На тачыльным станку вучні вырабляюць розныя гаспадарчыя прылады: качалкі, бульбамялкі, падстаўкі, шахматныя фігуркі, дэталі інтэр’ера, часткі розных зборных канструкцый з драўніны.

У сталярнай дзейнасці не абысціся і без слясарных ведаў, паколькі ў канструкцыях многіх вырабаў прысутнічаюць металічныя часткі. Вучні асвойваюць сячэнне, рэзку, шліфоўку і свідраванне металу, зборку металічных дэталей на заклёпках. Кожная з гэтых аперацый вымагае дакладнай працы, канструктарскага мыслення і навыкаў работы з інструментамі. І хаця сёння большасць работ з металам механізавана, школьнікі з цікавасцю працуюць са слясарскай нажоўкай і нажніцамі, напільнікамі, малаткамі і зубіламі. У дзяцей выпрацоўваюцца ўменні па зборцы металічных аплікаў для адзення і зашчапак, жэтонаў для гардэробаў, падшклянкаў, падставак для прасаў ці паяльнікаў і іншых карысных рэчаў.

Школьная праграма арыентавана на падрыхтоўку будучых сталяроў, слесараў і механікаў. Практычныя ўменні і навыкі вучняў – гэта вялікі рэсурс і добры падмурак для атрымання ў далейшым карысных і важных рабочых прафесій. Менавіта на ўроках тэхнічнай працы фарміруюцца інтарэсы дзяцей да пэўнага віду дзейнасці: выпальвання, выпільвання лобзікам, работы з нажоўкай, цяслярскай працы, разьбы па дрэве, апрацоўкі драўніны ці металу. Вучні ахвотна авалодваюць ведамі, якія могуць спатрэбіцца ў будучыні.

Вячаслаў КОРБУТ,

настаўнік працоўнага навучання сярэдняй школы № 18 Брэста.