Размаўляем па-беларуску змалку

11.06.2019
На базе Брэсцкага абласнога ІРА прайшоў І абласны фестываль “Размаўляем па-беларуску”. У мерапрыемстве, арганізаваным галоўным упраўленнем па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкім абласным ІРА, удзельнічалі спецыялісты ўпраўленняў (аддзелаў) па адукацыі рай(гар)выканкамаў, метадысты ВМК і педагогі-дашкольнікі.

- Фестываль праводзіўся з мэтай пошуку сучасных падыходаў да выхавання ў дашкольнікаў любові да малой радзімы, выяўлення і распаўсюджвання цікавага вопыту работы па сямейным выхаванні, папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы, прэзентацыі творчых матэрыялаў, вырабленых педагогамі, дзецьмі і іх бацькамі, - расказала начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі на І ступені Брэсцкага абласнога ІРА Г.Б.Лявіцкая.

У рамках фестывалю працавала тэматычная выстава, дзе былі прадстаўлены аўтарскія (індывідуальныя і калектыўныя) матэрыялы (відэаролікі), інфармацыйныя буклеты, метадычныя распрацоўкі, гульні і цацкі. Педагогі расказвалі пра эфектыўнасць і выніковасць іх выкарыстання ў адукацыйным працэсе і сямейным выхаванні.

Вялікую цікавасць выклікалі творчыя майстэрні, арганізаваныя выхавальніцамі Т.І.Ненадавец з Любашаўскага ясляў-сада – пачатковай школы Ганцавіцкага раёна (“Лялькі з бабулінага куфэрка”), І.С.Ляўша з Парахонскага ясляў-сада Пінскага раёна (“Беларуская казка сваімі рукамі”) і В.І.Ерафеевай з ясляў-сада № 50 Брэста (“Выраб тканага міні-габелена “Матулін абярэг”), а таксама намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 56 Брэста Н.А.Герасіменя (“Выраб паштоўкі ў тэхніцы выяўленчай ніткі “Беларусь у родных узорах”).

Не абышлі ўвагай удзельнікі фестывалю акцыю букросінгу “Прачытаў кнігу сам – перадай іншаму”.

Даволі змястоўнай і пазнавальнай атрымалася панарама педагагічных ідэй. Так, метадыст ВМК Маскоўскага раёна Брэста Т.У.Паўлючук вяла гаворку пра сучасныя падыходы да арганізацыі работы з педагогамі-дашкольнікамі па павышэнні іх прафесійнага майстэрства. Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Мотальскага дзіцячага сада Іванаўскага раёна А.М.Калілец падзялілася вопытам выкарыстання інтэрактыўных гульняў у рабоце з педагогамі. Выхавальніца Начаўскага дзіцячага сада Ляхавіцкага раёна Ю.А.Кобель прэзентавала напрацоўкі па далучэнні старшых дашкольнікаў да нацыянальных традыцый сродкамі даследчай дзейнасці. Намеснікі загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-садоў №№ 57 і 71 Брэста А.І.Кузаўка і А.Я.Цяцерская засяродзілі ўвагу на выкарыстанні матэрыялаў інфармацыйнага зборніка “Дзіцячы атлас”. Настаўнік-дэфектолаг Н.М.Кулецкая з Косаўскага ясляў-сада Івацэвіцкага раёна расказала пра выкарыстанне выцінанкі як сродку развіцця цікавасці дашкольнікаў да беларускай мовы.  

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.