Адкрыць сэрцы для дабра

14.06.2019
Работа нашай установы адукацыі ў шосты школьны дзень арганізавана па мадэлі “Цікавая субота”, якая ўлічвае ўсе запыты вучняў і іх бацькоў. Дзякуючы гэтаму дзеці ахвотна прыходзяць у школу па суботах і займаюцца карыснымі справамі.

Мадэль “Цікавая субота” ажыццяўляецца па напрамках “Здароўе”, “Вольны час”, “Духоўнасць”, “Сям’я”, “Праца” і “Навука”. У рамках напрамку “Духоўнасць” быў рэалізаваны праект “Сэрцы адкрыты для дабра”, накіраваны на фарміраванне ў школьнікаў падчас сацыяльна значных спраў такіх важных якасцей, як міласэрнасць, спачуванне, добразычлівасць і інш. У праекце, акрамя вучняў 5 – 11 класаў, удзельнічалі і бацькі. Галоўная ідэя праекта: “Я павінен зрабіць усё неабходнае, каб колькасць дабра ў свеце павялічылася”.

Праект складаўся з 3 этапаў. Падчас першага, арганізацыйнага, выяўляліся адносіны вучняў да маральнага выхавання, распрацоўваліся сцэнарныя матэрыялы асноўных мерапрыемстваў і акцый, якія ажыццяўляліся на другім этапе.

Праект рэалізоўваўся па 4 напрамках: выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму; выхаванне маральных пачуццяў і этычнай свядомасці; выхаванне працавітасці, творчых адносін да вучобы і працы; выхаванне каштоўнасных адносін да прыроды, навакольнага асяроддзя.

Выдатныя магчымасці для патрыятычнага выхавання і фарміравання любові да малой радзімы адкрыла знаёмства вучняў з традыцыямі, звычаямі, побытам і фальклорам аднавяскоўцаў. Школьнікі сабралі багаты матэрыял пра культурныя традыцыі землякоў, запісалі каляндарна- і сямейна-абрадавыя песні, якія выкарыстоўваліся пры арганізацыі традыцыйных абрадавых свят. Вучні віншавалі з імі вяскоўцаў і пенсіянераў, у тым ліку ветэранаў педагагічнай працы. У рамках першага напрамку праекта школьнікі наведалі мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, музей “Камянецкая вежа” і музей народнай творчасці “Бездзежскі фартушок”.

У рамках другога напрамку праекта былі праведзены акцыі “З клопатам і любоўю”, “З разуменнем і міласэрнасцю”, “Ад сэрца да сэрца”, “З павагай да старэйшых” і “Ветэран жыве побач”, падчас якіх вучні наведвалі ветэранаў вайны і працы, дзяцей-інвалідаў.

З мэтай павышэння сацыяльнай актыўнасці школьнікаў, выхавання ў іх адказных адносін да праблем аховы навакольнага свету і прыродакарыстання, фарміравання экалагічнай культуры вучні ўдзельнічалі ў акцыях “Падтрымаем птушак!”, “Не дай жывому дрэву загінуць”, “Захаваем планету чыстай” і інш. У рамках акцыі “Памяць сэрца” члены атрада “Міласэрнасць” прыбіралі тэрыторыю вакол помнікаў і брацкіх магіл у суседніх вёсках.

Дзякуючы праекту быў назапашаны цікавы і карысны вопыт выхаваўчай работы. Па выніках анкетавання адносіны вучняў да жыццёвых каштоўнасцей палепшыліся. Хлопчыкі і дзяўчынкі зрабілі шмат карысных спраў, навучыліся быць больш уважлівымі, добрымі, ветлівымі і адказнымі, працаваць у камандзе. Калі кожны чалавек авалодае гэтымі важнымі якасцямі, то ў свеце будзе менш пакрыўджаных людзей, кінутых жывёл і дрэннага настрою, а будзе больш усмешак, шчасця і дабрыні.

Вольга БЕЛЯМУК,

настаўніца рускай мовы і літаратуры Пагранічнай сярэдняй школы Камянецкага раёна,

кіраўнік школьнага вучэбна-метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў.