Павышаем матывацыю з дапамогай аўтэнтычных матэрыялаў

14.06.2019
У сярэдняй школе №20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Брэста рэалізоўваецца інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі ў працэсе яе прафесійнага станаўлення. У рамках праекта настаўніца англійскай мовы Вольга Яўгенаўна Кудачка назапасіла цікавы вопыт па выкарыстанні аўтэнтычных матэрыялаў для развіцця матывацыі дзесяцікласнікаў да вывучэння замежнай мовы.

- Задача педагога заключаецца ў стварэнні ўмоў для фарміравання, захавання і развіцця матывацыі школьнікаў да прадмета, - гаворыць В.Я.Кудачка. – Чым большым аб’ёмам ведаў, уменняў і навыкаў авалодвалі мае вучні, тым больш актуальным станавілася пытанне, звязанае з іх выкарыстаннем ва ўмовах адсутнага натуральнага іншамоўнага асяроддзя зносін. Аўтэнтычныя відэаматэрыялы, створаныя носьбітамі мовы, дазволілі павысіць матывацыю вучняў 5 – 11 класаў.

Спачатку педагог вывучыла псіхалагічныя асаблівасці матывацыі і вучэбныя магчымасці аўтэнтычных відэаматэрыялаў для яе павышэння. Падчас практычнай дзейнасці настаўніца назапасіла іх базу і распрацавала ўрокі па выкарыстанні гэтых матэрыялаў, пасля чаго абагуліла вопыт, правяла адкрытыя ўрокі, прааналізавала вынікі і вызначыла эфектыўнасць сваёй работы.

- Мэтанакіравана развіваць матывацыю вучняў дапамагае выкананне шэрага псіхолага-дыдактычных прынцыпаў: аптымальнага ўзроўню цяжкасці, праблемнасці ў навучанні, паслядоўнага абагульнення вучэбнага матэрыялу, актыўнасці асобы ў працэсе навучання, - расказвае В.Я.Кудачка. – Аўтэнтычныя відэаматэрыялы дазваляюць паспяхова выканаць іх, індывідуалізуючы навучанне і развіваючы матывацыю маўленчай дзейнасці. Відэматэрыялы забяспечваюць узаемадзеянне з рэальнымі з’явамі, якія стымулююць амаль сапраўдную камунікацыю, ствараючы эмацыянальны эфект удзелу ў жыцці краіны, чыя мова вывучаецца. Гэта не толькі прыносіць задавальненне, але і падштурхоўвае да далейшага ўдасканалення ведаў. Эмацыянальна-пазнавальныя адносіны да прадмета ўзмацняюць унутраную матывацыю.

Вольга Яўгенаўна назапасіла шмат тэматычных відэаматэрыялаў, разнастайных па змесце, складанасці, месцы прымянення на занятках, мэтах і задачах. Настаўніца сістэматызавала гэтыя матэрыялы, старанна вывучыла іх эфектыўнасць і выніковасць, а таксама матывацыйны патэнцыял для канкрэтных урокаў і ў доўгатэрміновай перспектыве.

- У вучэбнай дзейнасці рэдка можна прысвяціць цэлы ўрок ці яго большую частку рабоце з адным відэафільмам, - заўважае В.Я.Кудачка. – Гэтую праблему вырашыла профільнае навучанне. Выкладаючы ў профільных старшых класах, рэгулярна праводжу ўрокі, дзе вучу навыкам гаварэння ці ўспрымання маўлення на слых на аснове пэўнага відэафільма. Падбіраю яго з улікам актульнасці, цікавасці і эмацыянальнага ўздзеяння. Дзеці працуюць з ім у групах і парах, абапіраючыся на ўласны вопыт і атрымліваючы канкрэтны прадукт напрыканцы заняткаў. Так, на адным з урокаў вучні паглядзелі відэа Deception or Magic?, разабраліся ў паказаных там фокусах і паказалі іх адно аднаму.

Нягледзячы на эфектыўнасць такіх урокаў, настаўніца звяртаецца да іх нячаста. Відэаматэрыялы выкарыстоўваюцца часцей за ўсё на адным з этапаў заняткаў з пэўнай мэтай. Такі падыход забяспечвае найбольш эфектыўнае іх прымяненне.

- На арганізацыйным этапе ўрока відэаматэрыялы выкарыстоўваюцца для ўводзін у атмасферу іншамоўных зносін, дэманстрацыі тэмы і праблемы заняткаў, - тлумачыць В.Я.Кудачка. – Так, пры вывучэнні асаблівасцей школьнай сістэмы ў розных краінах стаўлю перад вучнямі ў пачатку ўрока праблемнае пытанне. Пасля прагляду відэа яны самі фармулююць тэму і мэты заняткаў. На этапе актуалізацыі фонавых ведаў перад вывучэннем новай тэмы відэаматэрыялы дазваляюць зняць першасныя цяжкасці і ўспомніць вывучанае па тэме. Так, перад чытаннем тэксту пра сістэму адукацыі Англіі дзеці глядзяць відэа, дзякуючы якому ўспамінаюць многае з таго, што ўжо ведаюць па гэтай тэме.

Відэаматэрыялы паспяхова прымяняюцца і пры вывучэнні новага матэрыялу (уводзін у тэму і першаснага замацавання). Так, пасля ўводзін паняцця “разумны дом” і прапрацоўкі лексікі па тэме школьнікі глядзяць адпаведнае відэа, якое актуалізуе гэтае паняцце. Вучні бачаць прыклад “разумнага дома”, удасканальваюць навыкі ўспрымання маўлення на слых, адзначаюць у прапанаваным спісе функцыі, якімі валодае такі дом, і тым самым замацоўваюць актыўную лексіку заняткаў.

- Добры эфект відэматэрыялы прыносяць на этапе замацавання тэмы, дзе накіраваны на фарміраванне навыкаў спантаннага гаварэння і стварэнне праблемнай сітуацыі, - гаворыць В.Я.Кудачка. – Так, пры вывучэнні тэмы “Вялікія людзі Амерыкі” мэтазгодна паглядзець фільм пра Хілары Клінтан. Вучні аналізуюць яе дасягненні і няўдачы на пасадзе дзяржаўнага сакратара ЗША і інш. Пастаноўка праблемнага пытання правакуе дзяцей да актыўнага ўспрымання матэрыялу і актыўнай мысліцельнай дзейнасці на аснове ўласнага вопыту. Гэта фарміруе станоўчую матывацыю.

Старшакласнікі з усмешкай успрымаюць вясёлыя дзіцячыя песенькі, таму відэаматэрыялы з’яўляюцца добрым памочнікам настаўніка на этапе рэлаксацыі, адпачынку і пераключэння ўвагі. Вольга Яўгенаўна звяртаецца да відэа вывучаных ці папулярных песень, гумарыстычных замалёвак, пазнавальных фільмаў, фільмаў з тыповай англійскай і беларускай прыродай і г.д.

- Дзякуючы аўтэнтычным відэаматэрыялам, павысілася актыўнасць вучняў на ўроках, павялічылася колькасць дзяцей з сярэднім і высокім узроўнем унутранай матывацыі, паскорыўся тэмп заняткаў, палепшылася паспяховасць школьнікаў. Эфектыўнай рабоце садзейнічала добрая матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы. Назапашаным вопытам дзялілася з калегамі на розных семінарах, - падагульняе В.Я.Кудачка.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.