З увагай да кожнага вучня, з павагай да кожнага настаўніка
22.06.2018- Ці ўяўлялі вы калі-небудзь, што звяжаце прафесійную дзейнасць з педагогікай і станеце кіраўніком установы адукацыі?
- Не ўяўляў. У дзяцінстве не марыў стаць настаўнікам і ў педагогіцы сябе не бачыў. Я быў простым вясковым хлопцам, які планаваў працаваць у сельскай гаспадарцы. Да службы ў арміі адвучыўся ў сельскагаспадарчым тэхнікуме. Пасля арміі пазнаёміўся з дзяўчынай, выпускніцай фізіка-матэматычнага факультэта БДУ. Закахаліся і ажаніліся. Дзяўчына пераехала ў Мікашэвічы і ўладкавалася ў сярэднюю школу. Прапанавала і мне перайсці туды. Я з невялікім энтузіязмам згадзіўся. Пачынаў з піянерважатага. Некалькі гадоў працаваў настаўнікам. Вельмі палюбіў дзяцей. Работа з імі спадабалася настолькі, што застаўся ў школе. Завочна скончыў БДПУ імя Максіма Танка. 7 гадоў адпрацаваў намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. На гэтай турботнай пасадзе атрымаў добрую загартоўку. Калі ў 1999 годзе ў Мікашэвічах адкрылася гімназія, мне прапанавалі ўзначаліць новы калектыў.
- Без працаздольнага, высокапрафесійнага і дружнага калектыву немагчыма ўявіць паспяховую работу кіраўніка і ўстановы адукацыі ў цэлым. На каго вы абапіраецеся ў сваёй дзейнасці? Каму аддаяце перавагу пры прыёме на работу?
- Школа – гэта найперш не будынак, нават самы прыгожы, а педагагічны калектыў. Настаўнікі, якія шмат ведаюць, могуць і шмат зрабіць. Менавіта такіх педагогаў мы шукаем і запрашаем у гімназію. Наш калектыў невялікі, але надзвычай працавіты, высокапрафесійны, згуртаваны і адказны. Уладзімір Уладзіміравіч Зылевіч, Раіса Уладзіміраўна Сінькевіч і Алена Аляксандраўна Аляксюк штогод рыхтуюць пераможцаў абласнога і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі, матэматыцы і біялогіі. Вольга Аляксандраўна Войткус, Святлана Іванаўна Баброўнік і Ірына Мікалаеўна Шэўчык паспяхова кіруюць навукова-даследчай дзейнасцю вучняў. Настаўніца англійскай мовы Наталля Станіславаўна Літвіновіч – фіналіст абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года – 2017”. У педагагічным друку актыўна публікуюцца Ірына Леанідаўна Федаровіч, Наталля Анатольеўна Стральчэня, Вольга Іванаўна Грудзько і Таццяна Аляксандраўна Сулкоўская.
У кіраўніцкай дзейнасці абапіраюся на надзейную каманду намеснікаў-аднадумцаў. Вельмі ўдзячны Лідзіі Васільеўне Кіслюк, Алене Мікалаеўне Вабішчэвіч і Святлане Мікалаеўне Брыль за высокую працаздольнасць, крэатыў, прафесіяналізм і цудоўныя чалавечыя якасці.
- Як вы працуеце з маладымі кадрамі, каб яны не сыходзілі з настаўніцкай прафесіі?
- Гэта вельмі важная праблема сучаснай адукацыі. Моладзь, якая прыходзіць у гімназію, чакае ад калег увагі, разумення і падтрымкі. І мы імкнёмся ствараць для гэтага належныя ўмовы. Важна накіраваць, падказаць і падтрымаць маладых педагогаў. Летась у калектыў прыйшла маладая настаўніца геаграфіі Кацярына Валер’еўна Ляшкевіч. Гэта надзвычай мэтанакіраваны і эрудзіраваны спецыяліст, які добра ведае сваю справу. Педагог з вялікім задавальненнем выкладае прадмет. Выхаванец настаўніцы васьмікласнік Ягор Корнеў стаў пераможцам раённай прадметнай алімпіяды. Такі вынік парадаваў і настаўніцу, і бацькоў юнака. Безумоўна, адміністрацыя гімназіі заахвочвае маладых спецыялістаў у матэрыяльным плане. Але не менш важнай з’яўляецца і маральная падтрымка.
- Падзяліцеся прынцыпамі эфектыўнай кіраўніцкай дзейнасці, якія настройвалі б калектыў на паспяховую работу.
- Першы прынцып – псіхалагічны: не нашкодзь. Кіраўнік павінен добра ведаць моцныя і слабыя бакі кожнага педагога, яго сям’ю, здароўе, асабістыя якасці, кола інтарэсаў і г.д. У такім выпадку з чалавекам лягчэй працаваць: у чымсьці пераконваць, нешта прапаноўваць, пра штосьці прасіць. З людзьмі варта быць шчырым, тады яны заўсёды зразумеюць цябе, пойдуць насустрач і стануць надзейнымі паплечнікамі і аднадумцамі. І ўсе працоўныя пытанні будуць вырашацца без праблем.
Другі важны прынцып – павага. Чалавек адчувае сябе камфортна і ўтульна, калі яго паважаюць: людзі, калегі, кіраўніцтва ўстановы. Задача кіраўніка – стварыць камфортныя ўмовы для падначаленых. І гэтыя ўмовы абавязкова створаць станоўчы псіхалагічны настрой усяго калектыву.
Трэці важны пранцып – заахвочванне. Гэта даволі цяжкая для кіраўніка справа з улікам абмежаваных фінансавых магчымасцей. Таму найчасцей заахвочваю настаўнікаў добрым словам, віншаваннем, граматамі ці дыпломамі, якія матывуюць педагогаў і дапамагаюць ім з задавальненнем ісці на работу.
- Раскажыце пра асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу ў гімназіі.
- З першага года работы гімназіі мы думалі над стварэннем духоўнага падмурку для калектыву. Разумелі, што пачынаць трэба з простага, але вельмі важнага – фарміравання традыцый. Пачалі з правядзення агульнагімназічных турыстычных злётаў у першы дзень летніх канікул. Потым да злётаў далучыўся штогадовы кірмаш салідарнасці з асаблівымі дзецьмі. Паспрабавалі правесці спаборніцтвы па плаванні сярод вучняў, бацькоў і настаўнікаў – і гэта прыжылося. Штогод 17 кастрычніка праводзім вялікае свята, прысвечанае памяці пісьменніка-земляка Уладзіслава Нядзведскага, чыё імя носіць гімназія. Да нас прыязджае шмат гасцей з усёй Беларусі. У свой час у гімназіі пабывалі вядомыя беларускія пісьменнікі
Уладзімір Ліпскі, Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, Ніна Мацяш, Генадзь Бураўкін, Сяргей Законнікаў, Навум Гальпяровіч, Міхась Скобла і інш.
Вялікая ўвага ўдзяляецца інавацыйнай дзейнасці. У гэтым напрамку назапашаны значны вопыт. Сёння мы рэалізоўваем чацвёрты рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі “Перавернуты ўрок” як механізм павышэння якасці адукацыі вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”, кансультантам якога з’яўляецца прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі кандыдат педагагічных навук Мікалай Іванавіч Запрудскі. Спадзяёмся на станоўчыя вынікі сумеснай работы.
- У чым сакрэт эфектыўнай работы з адоранай моладдзю?
- Адзін з важных паказчыкаў дзейнасці гімназіі – выніковасць удзелу вучняў у алімпіядным руху. Для гэтага педагогі выкарыстоўваюць розныя формы індывідуальнай і групавой работы. Так, на базе гімназіі працуе раённы рэсурсны цэнтр, у рамках якога праводзяцца міжшкольныя факультатыўныя заняткі для высокаматываваных вучняў горада. Актыўна ўзаемадзейнічаем з установамі вышэйшай адукацыі, з якімі заключаны дамовы аб супрацоўніцтве: БДПУ імя Максіма Танка, БНТУ, БДУ, ПалесДУ і БарДУ. Усё большую папулярнасць набываюць дыстанцыйныя формы работы з вучнямі, у тым ліку з дапамогай персанальных сайтаў і Google-класаў настаўнікаў гімназіі.
За апошнія 5 гадоў гімназісты заваявалі 250 дыпломаў у раённых, 31 – у абласных і 10 – у заключных этапах рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. З сёлетняй рэспубліканскай алімпіяды дыпломы ІІІ ступені прывезлі дзевяцікласнік Антон Кірыевіч (матэматыка) і адзінаццацікласнік Алег Зылевіч (астраномія).
- Якім чынам ажыццяўляюцца дапрофільная падрыхтоўка, профільнае навучанне і прафарыентацыя гімназістаў?
- Наша ўстанова адукацыі стваралася з мэтай задавальнення патрэб дзяцей у вывучэнні прадметаў на павышаным узроўні і падрыхтоўкі выпускнікоў да паступлення ва УВА. Профільнае навучанне ажыццяўляецца па фізіка-матэматычным, хіміка-біялагічным і філалагічным напрамках.
Работа па прафесійным самавызначэнні вучняў абумоўлена асаблівасцямі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна. У Мікашэвічах дзейнічаюць найбуйнейшае ў краіне прадпрыемства па здабычы граніту РУВП “Граніт”, ліцейна-механічны і камнеапрацоўчы заводы, аўтатранспартнае прадпрыемства і ААТ “Спецжалезабетон”. Нядзіўна, чаму чвэрць выпускнікоў апошніх 10 гадоў аддавала перавагу тэхнічным спецыяльнасцям, звязаным з электрамеханікай, машынабудаваннем, горнай справай і інжынернай экалогіяй, прамысловым і грамадзянскім будаўніцтвам, транспартам і лагістыкай. 22% былых вучняў выбіраюць у якасці прафесійнай сферы эканоміку, кіраванне і фінансавую дзейнасць, 12% - камп’ютарныя тэхналогіі, радыёэлектроніку і тэлекамунікацыі, 7% - спецыяльнасці тэхналагічнага профілю. Прыцягваюць выпускнікоў медыцына і фармакалогія (18%), гуманітарныя навукі (16%). Зразумела, што такая шырокая прафарыентацыя патрабуе цеснага ўзаемадзеяння з УВА рознага профілю.
Вучэбна-метадычнае забеспячэнне профільнага навучання ўключае якасную дадатковую падрыхтоўку дзяцей па профільных дысцыплінах не толькі для паспяховай здачы цэнтралізаванага тэсціравання, але і для паспяховага старту пры навучанні ва УВА. З гэтай мэтай праводзяцца семінары-лекцыі, практычныя заняткі з выкладчыкамі ўніверсітэтаў у рамках летняга профільнага лагера. Назапашаны вопыт арганізацыі вочна-завочнага навучання гімназістаў на факультэтах даўніверсітэцкай падрыхтоўкі УВА.
Дзякуючы сістэмнай і мэтанакіраванай рабоце, больш за 95% выпускнікоў паспяхова здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне і становяцца студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі.
- Якія праблемы вас хвалююць больш за ўсё як кіраўніка гімназіі?
- Замацаванне маладых кадраў. Раблю ўсё магчымае, каб лепшыя педагогі заставаліся працаваць у гімназіі. Без іх яна, як і сістэма адукацыі ў цэлым, будучыні не мае.
Гутарыў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.