Да вяршынь алімпа змалку

02.07.2019
Алімпійская адукацыя – перспектыўны напрамак выхаваўчай дзейнасці. Далучаць дзяцей да ідэй алімпізму неабходна з дашкольнага ўзросту. Але адна справа, калі дзеці жывуць у вялікім горадзе, дзе ў крокавай даступнасці знаходзяцца стадыёны, спартыўныя пляцоўкі і ДЮСШ, і зусім іншая, калі ў аддаленай вёсцы, дзе, акрамя школьнага стадыёна, нічога няма. Задача педагогаў – арганізаваць работу такім чынам, каб сельскія дзеці таксама адчувалі сябе часткай спартыўнага жыцця краіны і верылі, што могуць стаць сапраўднымі спартсменамі.

Адным з этапаў работы ў гэтым кірунку стала стварэнне ў адной з груп алімпійскага кутка, своеасаблівага цэнтра спартыўнага жыцця дашкольнікаў. У ім шмат розных алімпійскіх атрыбутаў і сімвалаў, тэматычных матэрыялаў, спартыўнага інвентару. Змест кутка дазваляе дзецям самім арганізаваць гульні ці спаборніцтвы па пэўным відзе спорту, павысіць рухальную актыўнасць.

Наш куток – гэта не толькі цэнтр інтэлектуальнага і эмацыянальнага развіцця, але і цэнтр псіхалагічнага здароўя, аздараўленчай гімнастыкі, самамасажу, асноў здаровага ладу жыцця. У ім знаходзяцца мадэлі для карэкцыі паставы, схемы фізічных практыкаванняў, карткі рухавых гульняў, трэнажоры, гульні і дапаможнікі для ўмацавання мускулатуры. Асобную частку займае “Алімпійскі п’едэстал”, дзе дашкольнікі размяшчаюць фотаздымкі са спаборніцтваў у рубрыках “Лепшы скакун”, “Бегуны”, “Алімпійскія пераможцы” і інш. Дзецям падабаецца, што гэтыя фотаздымкі суседнічаюць з фотаздымкамі беларускіх спартсменаў.

У кутку ёсць настольныя (“Міні-футбол”, “Міні-тэніс”), дыдактычныя (“Што неабходна спартсмену?”, “Назаві летнія (зімовыя) віды спорту”, “Выберы гульні з мячом”, “Стадыёны і спартыўныя пляцоўкі Мінска”) і сюжэтна-ролевыя (“Спартыўныя тавары”, “Турагенцтва”, “Фітнесклуб”) гульні.

Багаты матэрыял дазваляе праводзіць алімпійскія тыдні, кожнаму дню якіх адпавядае пэўны алімпійскі кірунак. Сучасныя тэхнічныя сродкі дазваляюць паказаць дзецям цырымоніі адкрыцця і закрыцця Алімпійскіх гульняў, праслухаць алімпійскі гімн. Слоўнікавы запас дашкольнікаў папаўняецца алімпійскай тэрміналогіяй, а тэарэтычны вопыт замацоўваецца ў рухальнай дзейнасці на фізкультурных занятках, ранішняй гімнастыцы, рухавых гульнях, святах, забавах і інш.

У рамках пазнавальна-практычнай дзейнасці праводзіліся даследаванні “Як стаць алімпійскім чэмпіёнам?” і “Хто прыдумаў мяч?”, ствараліся праекты будучых стадыёнаў, альбомы “Летнія віды спорту”, “Зімовыя віды спорту” і “Нашы алімпійцы”.

Алімпійскія тыдні насычаны віртуальнымі падарожжамі ў свет спартыўных дасягненняў, пазнавальна-этычнымі гутаркамі пра спорт, фізкультуру, правільнае харчаванне і загартоўку. Арганізоўваюцца хвілінкі бегуноў, скакуноў і акрабатаў, аб’яднаныя духам спаборніцтва і сяброўства. Усё гэта дапамагае раскрыць спартыўны патэнцыял дзяцей, падтрымаць іх першыя дасягненні і замацаваць цікавасць да фізічных практыкаванняў і пэўнага віду спорту.

Дзякуючы сістэмнай рабоце, у дзяцей фарміруюцца ўяўленні пра гісторыю ўзнікнення алімпійскіх гульняў, іх сімволіку, правілы правядзення, розныя віды спорту, уключаныя ў праграму летніх і зімовых Алімпійскіх гульняў. У зносінах між сабой дзеці часта выкарыстоўваюць алімпійскія тэрміны, слоўнікавы запас пастаянна папаўняецца назвамі спартыўных гульняў і спаборніцтваў, спартыўнага інвентару і абсталявання. Дашкольнікі ведаюць беларускіх спартсменаў, якія праславілі нашу краіну на ўвесь свет. У дзяцей змалку фарміруецца звычка весці сумленную і справядлівую спартыўную барацьбу, паважаць сваіх сапернікаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі з радасцю дзеляцца ўражаннямі ад прагляду спартыўных трансляцый з бацькамі.

Педагогі паказваюць выхаванцам, што любыя спартыўныя дасягненні – гэта вынік вялікай працы і трэніровак, а заняткі фізічнай культурай у дзіцячым садку могуць стаць пачаткам вялікай спартыўнай кар’еры. І няхай дзеці не стануць вядомымі спартсменамі, але яны вырастуць здаровымі і моцнымі.

Валянціна БЕЛАВУС,

выхавальніца Стружскага ясляў-сада Столінскага раёна.