Не на словах, а на справе

02.07.2019
На працягу года ў яслях-садзе №7 г.Баранавіч рэалізоўваўся шматфункцыянальны практыка-арыентаваны праект “Рабі дабро!”, прымеркаваны да Года малой радзімы. У праекце, аўтарамі якога выступілі загадчыца ўстановы А.У.Кунцэвіч і яе намеснік па асноўнай дзейнасці Т.В.Вілента, актыўна ўдзельнічалі педагогі, бацькі, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і міжведамасных арганізацый.
- Мы пастараліся зрабіць яслі-сад домам радасці, шчасця і дабрыні для выхаванцаў, згуртаваць педагогаў, бацькоў і зацікаўленыя структуры для вырашэння важных задач, паказаць, што свет можна заваяваць дабрынёй, - расказвае А.У.Кунцэвіч.

– Пастаўленыя мэты ажыццяўляліся ў разнастайнай і цікавай творчай дзейнасці, якая ўключала сумесныя фотавыставы, конкурсы, экалагічныя акцыі і інш. Галоўная мэта – сфарміраваць ва ўдзельнікаў праекта паважлівыя адносіны да іншых людзей і адказныя адносіны да навакольнага асяроддзя. На гэта былі разлічаны шматлікія мерапрыемствы, накіраваныя на вывучэнне малой радзімы, міжведамаснае ўзаемадзеянне па пажарнай, экалагічнай і інфармацыйнай бяспецы, захаванне сямейнага дабрабыту, псіхічнага і фізічнага здароўя дарослых і дзяцей, паляпшэнне стану навакольнага свету праз раздзельны збор розных відаў пластыку і збор другаснай сыравіны для далейшай перапрацоўкі.

Пачаўся праект з акцыі “Мая маленькая радзіма”, якая ўяўляла сабой заклік да наведвання месцаў нараджэння родных. Бацькі і дзеці рыхтавалі эсэ і фотаздымкі, якія расказвалі пра малую радзіму.

У рамках праекта прайшоў адкрыты дыялог “Беражыце сябе!” з удзелам розных спецыялістаў, падчас якога ўзнімаліся пытанні, звязаныя з партнёрскім узаемадзеяннем бацькоў і педагогаў у вырашэнні выхаваўчых задач, сямейнай нядобранадзейнасцю, алкагольнай, наркатычнай і інтэрнэт-залежнасцю дарослых, выкананнем правіл бяспекі і інш.

Праект “Новае жыццё ў абмен на накрыўкі” дазволіў заняцца ўскоснай дабрачыннасцю, якая не патрабавала фінансавых, матэрыяльных, часавых і фізічных затрат, і палепшыць стан навакольнага асяроддзя праз раздзельны збор розных відаў пластыку. У калідоры ўстановы былі створаны 2 зоны для збору накрывак. Акрамя таго, ёмістасці для іх размяшчаліся і ў групах. Бацькам прапаноўвалася размясціць іх на сваёй рабоце.

Акцыя “Захавай дрэва – здай макулатуру” – адна з самых любімых у дашкольнікаў. З году ў год колькасць яе ўдзельнікаў павялічваецца, а вынікі паляпшаюцца. Сёлета выхаванцы разам з бацькамі сабралі ўжо тону макулатуры. І гэта, як запэўніваюць мамы і таты, далёка не мяжа. Падчас выніковага мерапрыемства казачны Лесавік падзякаваў дзецям за ўдзел у акцыі і ўручыў ім сувеніры, а бацькам нагадаў пра важнасць беражлівых адносін да прыроды.

Даволі цікавым атрымаўся праект “Парк сямейных дрэў”, ініцыіраваны БРСМ. Выхаванцы ясляў-сада ўнеслі сціплы ўклад у азеляненне роднага горада, заклаўшы алею сямейных дрэў на тэрыторыі ўстановы. Побач з высаджанымі дрэўцамі былі ўсталяваны таблічкі з генеалагічнымі дрэвамі сем’яў. Педагогі лічаць, што важная роля ў фарміраванні маральных якасцей належыць сямейнаму выхаванню і сумеснай працоўнай дзейнасці.

Завяршыўся праект творчай вечарынай “Успаміны…”, прысвечанай 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У рамках святкавання гэтай даты прайшлі тэматычныя гутаркі і выставы, падрыхтаваны творчыя нумары.

- Вынікам рэалізацыі праекта сталі пастаянна дзеючая фотавыстава “Мая маленькая радзіма” ў холе ўстановы, падрыхтоўка памяткі для бацькоў “Уступаючы ў дыскусію на інтэрнэт-форумах, задумайся!”, збор 30 кг накрывак і тоны макулатуры, алея сямейных дрэў, - падагульняе А.У.Кунцэвіч. – Праект завяршыўся, але цікавыя і карысныя справы працягваюцца. Педагогі, бацькі і дзеці не на словах даказалі, што дзякуючы дабрыні свет становіцца прыгажэйшым.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.