Адукацыйны патэнцыял блога

22.06.2018
Інтэграцыя сучасных інфармацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс – не даніна модзе, а надзённая неабходнасць для педагогаў, якія імкнуцца аптымізаваць яго і зрабіць больш эфектыўным і матываваным для вучняў. Найбольшы вынік прыносіць умелае спалучэнне ІКТ з класічнымі прынцыпамі і метадамі навучання.

Многія сённяшнія настаўнікі замежнай мовы адчуваюць патрэбу ў выкарыстанні аўтэнтычных матэрыялаў і ІКТ у адукацыйным працэсе з мэтай павышэння яго эфектыўнасці і дадатковай практыкі для вучняў. Менавіта па гэтай прычыне я вырашыла стварыць адукацыйны блог, размешчаны па адрасе http://rechitsnatallia.blogspot.com.by/.

Пры стварэнні блога я выкарыстоўвала магчымасці бясплатнага сэрвіса GoogleBlogs, які дазваляе запрашаць іншых карыстальнікаў да сумеснай работы і кантраляваць іх доступ да матэрыялаў. Блогам можна карыстацца ў прыватным рэжыме з доступам да інфармацыі толькі пасля аўтарызацыі. Абмежаванняў у дызайне блога няма. Пра кошт стварэння і развіцця рэсурса клапаціцца не трэба. Запусціўшы блог, можна займацца толькі яго аптымізацыяй.

Паколькі блог – гэта вэб-сайт, асноўны змест якога – запісы, выявы ці мультымедыя, што рэгулярна туды дабаўляюцца, у пачатку работы паўстала пытанне пра яго структуру і напаўненне. Тэкставыя, аўдыя-, відэа- і фотапаведамленні з заданнямі да іх і інтэрактыўныя заданні сталі асноўнымі відамі дзейнасці са школьнікамі. Пры напаўненні блога вучэбным матэрыялам арыентуюся найперш на патрабаванні вучэбнай праграмы па прадмеце, інтарэсы і захапленні дзяцей.

Асобнымі блокамі ў блогу размешчаны матэрыялы для самастойнай работы вучняў: інтэрактыўныя заданні, фота- і відэаматэрыялы, тэсты і ўзоры алімпіядных заданняў. З мэтай удасканалення граматычных навыкаў дзяцей прапаноўваю ім выкарыстоўваць спасылкі на карысныя інтэрнэт-рэсурсы. Інфармацыя пра рэгіянальны кампанент размешчана для яе далейшага выкарыстання вучнямі пры міжкультурным узаемадзеянні і павышэння іх пазнавальнай актыўнасці. У блогу ёсць рубрыка для настаўнікаў з карыснымі матэрыяламі для работы і рубрыка пра даследчую дзейнасць.

Пасля знаёмства вучняў са зместам блога мая задача заключалася ў каардынацыі іх дзейнасці праз фармулёўку розных тыпаў заданняў, вызначэнне працэдуры іх выканання, тэрмінаў і крытэрыяў ацэнкі. Выкарыстоўваючы заданні, дзеці могуць пакідаць каментарыі непасрэдна ў блогу.

Адукацыйны працэс з выкарыстаннем блога арыентаваны на фарміраванне камфортнага асяроддзя для навучання і матывацыі да пазнавальнай дзейнасці школьнікаў, развіццё іх творчага мыслення. У блогу выкарыстоўваюцца патэнцыяльна карысныя інфармацыйныя інтэрнэт-рэсурсы, адпаведныя ўзроўню вучняў, электронныя адукацыйныя рэсурсы для арганізацыі пазнавальнай дзейнасці дзяцей на ўроках і ў пазакласнай рабоце па прадмеце. Блог адыгрывае важную ролю ў дыстанцыйным суправаджэнні вучняў у інтэрнэце пры арганізацыі праектнай і даследчай работы, самастойным вывучэнні замежнай мовы і ліквідацыі прабелаў у ведах.

Разнастайныя заданні, размешчаныя ў блогу, выкарыстоўваю для фарміравання ў вучняў дыскусійных уменняў (прыводзіць аргументы і контраргументы, рабіць высновы, фармуляваць уласныя меркаванні), развіцця навыкаў пісьмовага маўлення розных стыляў і ўдасканалення рэцэпцыйных відаў маўленчай дзейнасці (успрыманне і разуменне маўлення на слых, чытанне). Персанальны блог дазваляе аператыўна абнаўляць інфармацыю і эфектыўна арганізоўваць адукацыйны працэс для вучняў.

Дзякуючы інфармацыйнаму адукацыйнаму асяроддзю блога, пашыраюцца магчымасці выбару сродкаў, форм і тэмпу навучання, забяспечваецца доступ да інфармацыі з розных крыніц, павышаецца цікавасць вучняў да прадмета, якія арыентуюцца на бесперапынную адукацыю на працягу жыцця.

Блог настаўніка – унікальны сродак стварэння іншамоўнага асяроддзя для зносін. Важную ролю ў ім адыгрываюць аўтэнтычныя матэрыялы ў арыгінальнай ці апрацаванай форме. Блог – даволі гнуткі інструмент, які можна падстройваць пад патрэбы канкрэтнага класа ці канкрэтнага вучня.

У планах – стымуляванне творчага пошуку вучняў праз стварэнне блог-тэхналогій. Гэта павысіць матывацыю дзяцей да вывучэння англійскай мовы і будзе садзейнічаць іх самавыяўленню не толькі на ўроках, але і ў асабістым жыцці.

Наталля РЭЧЫЦ,

настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 5 Пружан.