Глядзець у будучыню, даражыць мінулым

04.09.2019
- Задача школы – навучыць дзяцей паважаць людзей, якія жывуць побач, іх традыцыі і гісторыю, любіць родны край, горад і яго жыхароў, - гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Камянца Л.А.Ацяйчук. – Актывізаваць пазнавальную дзейнасць вучняў і іх цікаўнасць, павысіць матывацыю да самастойнага набыцця новых ведаў, выхаваць патрыётаў, якія ганарацца Бацькаўшчынай і любяць малую радзіму, дапамагае музейная педагогіка.

Камянец – старажытны горад з багатымі традыцыямі, помнікамі гісторыі і культуры, па якіх можна вывучаць жыццё з даўніх часоў да нашых дзён. Сярэдняя школа № 1 знаходзіцца ў гістарычнай частцы горада, каля архітэктурнага помніка абарончага дойлідства Камянецкай вежы. У скверы ўстановы адукацыі – брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, якія вызвалялі Камянеччыну ў ліпені 1944 года ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

- У школьным музеі баявой і працоўнай славы, створаным у 1967 годзе, сабраны каштоўны краязнаўчы матэрыял гісторыка-культурнай спадчыны, - расказвае Л.А.Ацяйчук. – Тут захоўваецца больш за 1,5 тысячы экспанатаў. Кіраўніком музея, у савет якога ўваходзяць вучні 8 – 11 класаў, з’яўляецца настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Вольга Мікалаеўна Цандо. Музейны фонд папаўняецца намаганнямі ўсіх школьнікаў і педагогаў. Дзякуючы пошукавай рабоце знаходзяцца новыя экспанаты. Музей адыгрывае важную ролю ў арганізацыі даследчай дзейнасці вучняў. Так, былі складзены каталог пахаванняў на Камянеччыне з абазначэннем іх месцаў і колькасці пахаваных воінаў і грамадзянскага насельніцтва, пашпарт брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі пры вызваленні раёна ад фашыстаў.

У музеі дзейнічаюць пастаянныя і часовыя экспазіцыі: “Дарогамі бацькоў”, “Гады барацьбы і надзей”, “Барацьба з фашызмам”, “Яны вызвалялі наш раён”, “Ён паўтарыў подзвіг Матросава”, “Старажытны Камянец”, “Камянеччына ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Іх імёнамі названы вуліцы Камянца”, “Праскоўя Дзмітрук – актыўная ўдзельніца камянецкага падполля”, “Мая Камянеччына” і “Кідок у бессмяротнасць”.;

Удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Юныя экскурсаводы” распрацавалі маршруты займальных квестаў “Гонкі пілігрымаў” і “Падарожжа з Сярэднявечча”, праводзяць экскурсіі для школьнікаў раёна і гасцей, наведваюць розныя мясціны, ходзяць у паходы, здымаюць відэаролікі, пішуць творчыя справаздачы, ствараюць даследчыя праекты. Дзякуючы блізкасці з Камянецкай вежай, ва ўстанове адукацыі пабывалі дзясяткі тысяч наведвальнікаў. Ім прапаноўваюцца экскурсіі “Іх імёнамі названы вуліцы Камянца”, “Архітэктурныя помнікі Камянца”, “Спадчына яўрэйскага народа” і інш.

- Краязнаўчы матэрыял шырока выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе для фарміравання ў вучняў даследчых уменняў і навыкаў, станоўчай матывацыі да вучобы, духоўных каштоўнасцей, - гаворыць Л.А.Ацяйчук. – Пры падрыхтоўцы да ўрокаў гісторыі школьнікі звяртаюцца да дадатковых крыніц, шукаюць і аналізуюць гісторыка-дакументальныя матэрыялы, вывучаюць праблемныя пытанні, выяўляюць прычынна-выніковыя сувязі падзей і інш. Краязнаўчая работа выклікае ў дзяцей вялікую цікавасць да гісторыі малой радзімы. Вучні – актыўныя ўдзельнікі і пераможцы прадметных і краязнаўчых алімпіяд, даследчых і іншых конкурсаў рознага ўзроўню.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.