Умацоўваюць прафесійныя зносіны

27.06.2018
На базе Брэсцкага абласнога ІРА прайшоў міжнародны круглы стол, прысвечаны традыцыям і інавацыям у дадатковай адукацыі педагогаў ва ўмовах рэгіёна. Мерапрыемства было арганізавана ў рамках супрацоўніцтва з Роўненскім абласным інстытутам паслядыпломнай педагагічнай адукацыі (Украіна).

- Удзельнікі круглага стала сабраліся разам, каб параўнаць рэгіянальныя традыцыі і інавацыі ў дадатковай адукацыі дарослых Роўненшчыны і Брэстчыны, абмяняцца эфектыўным вопытам у галіне павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў і педагогаў, вызначыць прыярытэтныя напрамкі прафесійнага супрацоўніцтва ў гэтай дзейнасці на перспектыву, - расказаў рэктар Брэсцкага абласнога ІРА Ю.А.Іваноў.

Рэктар Роўненскага абласнога ІППА А.Л.Чэрній засяродзіла ўвагу на рэфармаванні сістэмы адукацыі Украіны з новага навучальнага года. Так, згодна з Законам “Аб адукацыі”, кожны школьны настаўнік зможа мець аўтарскую праграму навучання, расправаваную ў адпаведнасці з патрабаваннямі галіновага міністэрства. Установы адукацыі атрымаюць фінансавую і кіраўніцкую аўтаномію, якая дазволіць дырэктарам весці самастойную кадравую палітыку, выбіраць напрамак дзейнасці школ і інш. Акрамя таго, новы закон прадугледжвае адкрытыя выбары кіраўнікоў устаноў на конкурснай аснове. Так, дырэктар школы будзе выбірацца на 6 гадоў і зможа займаць гэтую пасаду не больш за два тэрміны.

Асаблівая ўвага ў новым законе адведзена абавязковай сертыфікацыі педагогаў, кантроль за якой ускладаецца на кіраўнікоў школ. Настаўнікі самі выбіраюць месца і спосаб павышэння кваліфікацыі. Так, педагогі могуць палепшыць прафесійную падрыхтоўку не толькі на базе ўстаноў дадатковай адукацыі дарослых, але і грамадскіх арганізацый, і ўніверсітэтаў. Галоўнае патрабаванне – асвоіць за 5 гадоў 150 гадзін курсаў павышэння кваліфікацыі, пэўная частка якіх павінна абавязкова тычыцца работы з асаблівымі дзецьмі.

Рэктар Брэсцкага абласнога ІРА Ю.А.Іваноў азнаёміў гасцей з асаблівасцямі арганізацыі дадатковай адукацыі кіраўнікоў і спецыялістаў адукацыі Брэстчыны ва ўмовах інстытута. Намаганні яго калектыву сканцэнтраваны на ўдасканаленні структуры, зместу і прагназавання дадатковай адукацыі педагогаў і ўкараненні новых форм павышэння іх прафесійнай культуры. Так, летась слухачы пачалі асвойваць дыстанцыйную форму павышэння кваліфікацыі. Пашырылася тэматыка і павялічылася колькасць мерапрыемстваў на гаспадарча-разліковай аснове і індывідуальных кансультацый. Больш за 90% педагогаў задаволены якасцю адукацыйных паслуг, якія аказваюць метадысты і выкладчыкі інстытута. Выдаюцца вучэбна-метадычныя дакументы, дапаможнікі, зборнікі, даведнікі і рэкамендацыі для педагогаў, манаграфіі па праблемах сучаснай школьнай адукацыі.

Летась навучанне ў інстытуце прайшлі амаль 7 тысяч педагогаў. Сёлета працягваецца работа па ўкараненні дыстанцыйнай формы і крэдытна-модульнай сістэмы павышэння кваліфікацыі. Узмацняецца практычная накіраванасць адукацыйнай праграмы павышэння кваліфікацыі, ажыццяўляецца бесперапынны маніторынг запытаў слухачоў па тэмах апераджальнага характару і зместу. Шмат увагі ўдзяляецца педагагічнай інаватыцы.

Прарэктар па навукова-педагагічнай і вучэбнай рабоце Роўненскага абласнога ІППА В.В.Долід расказаў пра асаблівасці павышэння кваліфікацыі кіраўніцкіх і педагагічных кадраў ва Украіне ў цэлым і ў гэтай установе дадатковай адукацыі ў прыватнасці. Так, курсы па павышэнні кваліфікацыі доўжацца 3 тыдні і складаюцца з абавязковай (тэматычныя семінары, канферэнцыі, лекцыі і майстар-класы) і выбарнай (спецыялізаваныя трэнінгі) частак, якія завяршаюцца творчай (выпускной) работай практычнага характару.

Першы прарэктар Брэсцкага абласнога ІРА С.Р.Рачэўскі вёў гаворку пра ролю музейна-педагагічнага комплексу інстытута “Адукацыя Брэстчыны” ў сістэме адукацыі дарослых і дзяцей. Вопыт маніторынгу якасці адукацыі прэзентавалі першы прарэктар Роўненскага абласнога ІППА І.В.Вятроў і начальнік арганізацыйна-метадычнага аддзела менеджменту якасці і інфармацыйнай работы Брэсцкага абласнога ІРА К.Д.Адамчук. Пра інавацыйныя падыходы да развіцця прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў расказала прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Роўненскага абласнога ІППА Н.А.Мельнік. Метадыст вучэбна-метадычнага аддзела дашкольнай і пачатковай школьнай адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА М.В.Крывушына падзялілася напрацоўкамі па ўкараненні элементаў педагагічнай інаватыкі ў дадатковай адукацыі выхавальнікаў і настаўнікаў пачатковых класаў. Пра асаблівасці дадатковай адукацыі кіраўніцкіх кадраў гаварылі старшая выкладчыца Роўненскага абласнога ІППА Г.Я.Трыгубец і начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра кіраўніцкай дзейнасці ў адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА Я.В.Угляніца.

Удзельнікі круглага стала пагадзіліся, што ў дадатковай адукацыі дарослых дзвюх краін шмат карысных напрацовак, вартых вывучэння і папулярызацыі. Міжнародныя сувязі ўмацоўваюць прафесійныя зносіны і абагачаюць каштоўным вопытам.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.