Цікавае побач

01.10.2019
Выбар тэмы даследчай работы – даволі адказны і часам вельмі цяжкі этап вучэбнай дзейнасці. Многія настаўнікі імкнуцца падабраць цікавыя тэмы для дзіцячых даследаванняў. Але зрабіць гэта не заўсёды проста. Бывае, дастаткова больш уважліва паглядзець вакол сябе, каб убачыць праблему, якая можа стаць тэмай новай даследчай работы.

З дзяцінства слухала ад прабабулі і бабулі розныя гісторыі пра сваю малую радзіму, у тым ліку пра рэчку побач з вёскай. Рака Мерачанка працякала па балоцістай мясцовасці, пакуль не ўмяшаўся чалавек. Паколькі рачное рэчышча моцна пятляла, яго вараўнялі, прарыўшы канал і пусціўшы раку па новым рэчышчы. Нягледзячы на гэта, абодва рэчышчы былі паўнаводнымі. У 50 – 60-я гады мінулага стагоддзя ў ваколіцах вёскі Ганчары пачалі здабываць торф, асушаючы тым самым балота, якое сілкавала раку. Пра паўнаводную раку з чыстай і празрыстай вадой давялося забыць.

У свой час Мерачанка была любімым месцам адпачынку дзяцей і зімой, і летам. Мой бацька расказваў, як з нецярпеннем чакаў у дзяцінстве, пакуль замерзне рака, каб адправіцца туда з сябрамі гуляць у хакей. Летам з завальненнем купаліся ў рацэ, лавілі рыбу, якой тады было вельмі шмат.

Сёння рака зусім іншая. Прыроднае рэчышча абмялела і ператварылася ў ручаёк, а штучнае, каналізаванае, стала плыткім. На працягу многіх гадоў адсутнічае вясенняя паводка. На месцы былой торфанарыхтоўкі вырас лес і ўтварылася балота. Збяднеў відавы састаў рыбы.

Так выглядала рака ў 60-я гады мінулага стагоддзя...

… а так выглядае сёння.

Пра гісторыю малой радзімы і яе экалагічныя праблемы расказваю сваім дзецям і вучням. Разам з дачкой-чацвёртакласніцай вырашылі напісаць даследчую работу, тэмай якой стала малая радзіма. Дачка з вялікай цікавасцю вывучала факты пра яе. Пераканалася: каб знайсці тэму для даследавання, дастаткова паглядзець вакол сябе.

Людміла КАЗАКОВА,

настаўніца біялогіі сярэдняй школы №8 Пінска.