У ролі цьютараў – вучні

01.10.2019
Працуючы з вучнямі 6 – 11 класаў, бачу іх рознабаковыя інтарэсы ў інфарматыцы. Так, адны захапляюцца спартыўным праграмаваннем (рашаюць задачы на мовах Pascal і C++, вывучаюць алгарытмы, удзельнічаюць у прадметных алімпіядах), другія займаюцца аб’ектна-арыентаваным праграмаваннем (пішуць праекты на мовах Java, сервера на Python), трэція цікавяцца вэб-канструяваннем, чацвёртыя – сістэмным адміністраваннем, пятыя – відэамантажом і г.д. Заўсёды хочацца падтрымаць зацікаўленні кожнага. Але ўласных высілкаў у гэтай справе недастаткова. На дапамогу прыходзяць выпускнікі і нават самі вучні, якія выступаюць у ролі цьютараў.

Цьютарства ў сферы адукацыі з’явілася яшчэ ў XIV стагоддзі і адыгрывала вельмі важную ролю ў вучэбнай падрыхтоўцы. З цягам часу яго функцыя ўдакладнялася і пашыралася. Сёння цьютарская сістэма падрыхтоўкі студэнтаў паспяхова выкарыстоўваецца ў многіх універсітэтах свету. У некаторых установах уведзены нават пасады цьютараў.

Настаўнік і цьютар дапаўняюць адно аднаго. Настаўнік ведае, чаму, як і навошта вучыць. Цьютар ведае, чаму, як і навошта вучыцца, умее перадаваць свой вопыт самаадукацыі вучням. Практыка паказвае, што быць цьютарам у рамках пэўнага школьнага прадмета можна толькі тады, калі сам знаходзішся ў пазіцыі вучня. У гэтым выпадку важная не столькі методыка выкладання, колькі сам прадмет. Вось чаму ролю цьютараў паспяхова выконваюць вучні як на ўроках, так і ў пазаўрочнай дзейнасці (падчас дыстанцыйнай работы і работы ў рэсурсным цэнтры, на факультатывах). Дзеці па-новаму раскрываюцца, калі аказваеш ім давер. Яны не толькі дапамагаюць іншым вучням, але і самі паляпшаюць свае веды. І няхай не ўсе з іх стануць у далейшым педагогамі, але цьютарскія навыкі абавязкова дапамогуць ім у розных жыццёвых сітуацыях. Цьютарства выгаднае ўсім удзельнікам вучэбнага працэсу: настаўніку, вучням і вучням-цьютарам.

Лічу цьютарскае суправаджэнне эфектыўным рэсурсам павышэння пазнавальнай актыўнасці школьнікаў. Поспехі маіх вучняў у шматлікіх конкурсах і алімпіядах, а далей і ў прафесійнай дзейнасці – пераканаўчы доказ гэтаму.

Ірына ГАРБАЦЭВІЧ,

настаўніца інфарматыкі гімназіі №1 Брэста.