Выхоўваем разам

01.10.2019
Падтрыманне дысцыпліны і правапарадку, прафілактыка проціпраўных паводзін сярод непаўналетніх, стварэнне бяспечнага асяроддзя ва ўстанове адукацыі – важныя напрамкі выхаваўчай работы. Спецыялісты сацыяльна-псіхолага-педагагічнай службы, класныя кіраўнікі і настаўнікі асаблівую ўвагу звяртаюць на выяўленне і ўстараненне фактараў, прычын і ўмоў для здзяйснення злачынстваў і правапарушэнняў, выкананне неабходных мер для бяспекі і законапаслухмяных паводзін вучняў, іх сацыяльнай адаптацыі.

У вырашэнні выяўленых праблем галоўная роля належыць савету па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх. З мэтай павышэння эфектыўнасці яго дзейнасці на пасяджэнні запрашаюцца прадстаўнікі зацікаўленых ведамстваў.

На працягу навучальнага года ў школе ажыццяўляецца і іншая прафілактычная работа: наведванне дзяцей па месцы іх жыхарства, індывідуальныя і групавыя гутаркі і кансультацыі, бацькоўскія сходы, сумесныя выхаваўчыя мерапрыемствы. Арганізоўваюцца сустрэчы вучняў і іх бацькоў з супрацоўнікамі ІСН і групы па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі Ганцавіцкага РАУС, урачом-гінеколагам (па прафілактыцы ранняй цяжарнасці і захворванняў, якія перадаюцца палавым шляхам), іншымі медыкамі (па прафілактыцы суіцыдальных паводзін), інспектарамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, работнікамі раённай арганізацыі Асводу.

Вялікая ўвага ўдзяляецца інфармацыйна-асветніцкай і прафілактычнай рабоце сярод бацькоў.

Важную ролю ў прафілактыцы дэвіянтных паводзін непаўналетніх адыгрывае раённы рэсурсны цэнтр па маральным выхаванні, які дзейнічае ў нашай установе з 2014 года. Работа цэнтра будуецца ў цесным узаемадзеянні з сем’ямі вучняў, грамадскімі аб’яднаннямі, установамі дадатковай і агульнай сярэдняй адукацыі, прадстаўнікамі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Самыя папулярныя формы мерапрыемстваў – экскурсіі па праваслаўных мясцінах Ганцавіччыны, музейныя заняткі, літаратурна-музычныя кампазіцыі, інфармацыйныя веснікі і гадзіны, тыдні па маральным выхаванні, дабрачынныя акцыі, урокі дабрыні і інш. Да работы цэнтра актыўна прыцягваюцца цяжкія падлеткі, якія стаяць на розных відах уліку.

У школе працуе валанцёрскі клуб “Данка”, дзейнасць якога пабудавана па прынцыпе “роўны навучае роўнага”. Падлеткі праводзяць тэматычныя трэнінгі для равеснікаў (“Эмоцыі і пачуцці”, “Чужы сярод сваіх: прафілактыка падлеткавага булінгу”, “Прафілактыка ўжывання і залежнасці ад псіхаактыўных рэчываў”, “У павуціне сацыяльных сетак”, “Групавы ціск і ўменне гаварыць “не”).

Прафілактыкай дарожна-транспартнага траўматызму займаецца каманда “Зялёнае святло” з ліку выхаванцаў аб’яднання па інтарэсах “Планета ЮІР”.

Дзякуючы сістэмнай рабоце педагогаў і зацікаўленых ведамстваў, колькасць вучняў, якія здзяйсняюць правапарушэнні, з году ў год зніжаецца.

Іна ЗЕЛЯПУХІНА, сацыяльны педагог;

Наталля ЛІТВІНОВІЧ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы №3 Ганцавіч.