Рыхтуюць настаўніцкую змену

28.06.2018
- Настаўнік – гэта лад жыцця, а не прафесія, - лічыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Лунінца Ніна Барысаўна Трэгубава. – Быць педагогам цяжка і адказна. Падрыхтоўка дастойнай настаўніцкай змены – адна з галоўных задач школы. На жаль, педагагічныя спецыяльнасці не карыстаюцца сёння вялікай папулярнасцю сярод абітурыентаў, маладыя настаўнікі даволі часта расчароўваюцца ў прафесіі і сыходзяць са школы, у некаторых установах не хапае спецыялістаў. А дзеці, бацькі і педкалектывы вельмі чакаюць маладых, цікавых, эрудзіраваных, мабільных педагогаў.

Далёка не кожны здольны стаць добрым настаўнікам, бо для гэтага, акрамя профільнай адукацыі, трэба валодаць шэрагам важных прафесійных і асобасных якасцей. Ва УВА павінны вучыцца высокаматываваныя людзі, якія дакладна ўяўляюць станоўчыя і адмоўныя бакі прафесіі. Відавочна, што дастойная настаўніцкая змена з’явіцца толькі тады, калі са школьнікамі будзе весціся мэтанакіраваная і сістэмная прафарыентацыйная работа, у тым ліку праз дзейнасць педагагічных класаў.

- За апошнія 5 гадоў толькі 17 з 547 нашых выпускнікоў паступілі на педагагічныя спецыяльнасці УВА, - гаворыць Н.Б.Трэгубава. – Толькі 6 з 35 настаўнікаў з’яўляюцца былымі гімназістамі. Адкрыўшы ў 2016 годзе педагагічны клас, мы імкнёмся развіваць устойлівую цікавасць дзяцей да настаўніцкай дзейнасці, арганізатарскія і камунікатыўныя ўменні, прафесійныя якасці, неабходныя для яе. Мэтазгоднасць адкрыцця чарговага педагагічнага класа пакажуць вынікі сёлетняй уступнай кампаніі.

Фарміраванне 10 класа педагагічнага напрамку ўключала шэраг арганізацыйна-масавых мерапрыемстваў: дзень адкрытых дзвярэй, фестываль педагагічнай творчасці “Урок вачыма вучня і настаўніка”, наведванне педагогамі і гімназістамі школ горада і раёна, сумесныя інтэлектуальныя гульні і конкурсы, дзейнасць летняга профільнага лагера і інш. На дапрофільным этапе вучням і бацькам аказвалася псіхолага-педагагічная дапамога ў выбары напрамку навучання, праводзілася інфармацыйна-тлумачальная работа па пытаннях навучання ў профільных класах, ажыццяўлялася комплексная дыягностыка інтарэсаў, схільнасцей і здольнасцей дзяцей да вывучэння розных прадметаў, ствараўся банк даных высокаматываваных вучняў.

- У мінулым навучальным годзе ў гімназіі дзейнічалі тры профільныя 10 класы фізіка-матэматычнага, хіміка-біялагічнага і педагагічнага напрамку з вывучэннем рускай, беларускай, англійскай і нямецкай мовы на павышаным узроўні, - расказвае Н.Б.Трэгубава. – З улікам запытаў вучняў былі арганізаваны факультатыўныя заняткі “Лексіка-граматычны практыкум (англійская, нямецкая мовы)”, “Функцыянальная стылістыка рускай мовы”, “Абагульняльны факультатыўны курс па беларускай мове” і “Абагульняльны факультатыўны курс па гісторыі Беларусі”. Пры адкрыцці педагагічнага класа акрэсліліся пэўныя праблемы, звязаныя са складанасцю адбору вучняў, матываваных на педагагічныя спецыяльнасці, і гуманітарнай накіраванасцю прадметных прыярытэтаў гімназістаў. Сёння ў педагагічным класе атрымлівае веды 21 адзінаццацікласнік, сярод якіх толькі адзін юнак.

У рамках навуковага таварыства вучняў “Зямляне” праводзяцца заняткі па асновах даследчай дзейнасці і псіхалогіі зносін. На працягу навучальнага года і ў час летняга профільнага лагера з дзецьмі займаюцца выкладчыкі БарДУ і ПалесДУ. Вучні педагагічнага класа наведваюць факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, якія праводзіць настаўніца рускай мовы і літаратуры з 33-гадовым стажам Наталля Мікалаеўна Клімачова. Яна ўмее выклікаць у юнакоў і дзяўчат цікавасць да педагагічнай прафесіі і замацаваць іх рашэнне стаць настаўнікам. Для гэтага Н.М.Клімачова выкарыстоўвае розныя адукацыйныя тэхналогіі. Так, з дапамогай тэхналогіі “Алфавіт” вучні вызначаюць важныя якасці настаўніка: розум, мудрасць, кампетэнтнасць, непрадузятасць, патрабавальнасць, цярплівасць, душэўнасць, дабрыня, сумленнасць, крэатыўнасць, пазітыўнасць, абаянне і інш. Далей дзеці афармляюць партфоліа, якое змяшчае аўтабіяграфію, сачыненне “Пра сябе”, творчыя конкурсныя работы, тэксты паведамленняў, выкананыя па заданні настаўніка, матэрыялы ўрокаў, падрыхтаваных для імправізаванага класа, і ксеракопіі ўзнагарод.

- Вывучэнне тэарэтычных пытанняў спалучаецца з дыягностыкай і развіццём прафесійнай самасвядомасці, - гаворыць Н.Б.Трэгубава. – Вучні праходзяць псіхалагічнае тэсціраванне і анкетаванне па прафарыентацыі, якія раскрываюць іх здольнасці і схільнасці да пэўнага віду прафесійнай дзейнасці. Набываючы тэарэтычныя веды па педагогіцы, старшакласнікі паступова звяртаюцца да іх практычнага прымянення. Так, вучні выступаюць у ролі членаў конкурснай камісіі па адборы педагагічных кадраў і прэтэндэнтаў на рабочае месца, складаюць кнігу скаргаў ад імя настаўніка-прадметніка, пералічваюць праблемы, якія абцяжарваюць педагагічную дзейнасць і зніжаюць яе прыцягальнасць, абмяркоўваюць урыўкі з кінафільмаў і літаратурных твораў, створаных паводле школьнага жыцця. Усё гэта суправаджаецца актыўнымі спрэчкамі дзяцей, што дазваляе ім увайсці ў ролю настаўніка.

Павышаную цікавасць у вучняў выклікаюць заняткі, дзе яны займаюцца практычнай вучэбна-педагагічнай дзейнасцю. Сярод іх – прафесійныя спробы, якія прадугледжваюць наладжванне ўзаемадзеяння з равеснікамі і малодшымі школьнікамі. На гэта быў накіраваны конкурс на лепшае прывітанне настаўніка на ўроку. Вучні прыдумлялі найбольш эфектыўныя формы прывітання, якія дапамагалі б усталяваць даверлівыя адносіны і выклікаць добрыя ўражанні. Даволі выніковым метадам фарміравання педагагічных навыкаў з’яўляецца прыём “Прыняцце рашэння”. Дзеці ацэньваюць пэўную педагагічную сітуацыю і выказваюць сваё стаўленне да яе, аргументуючы пазіцыю і ўплываючы на меркаванне апанентаў.

Сапраўдным святам для вучняў і педагогаў сталі адкрытыя факультатыўныя заняткі на тэму “Вобраз настаўніка ў мастацтве”, якія прайшлі ў рамках фестывалю педагагічнай творчасці “Урок вачыма вучня і настаўніка”. Група “мастацтвазнаўцаў” падрыхтавала экскурсію па палотнах вядомых мастакоў, прысвечаную гісторыі сістэмы адукацыі і ролі настаўніка ў грамадстве. Даволі цікавым атрымаўся рэпартаж пра скульптурныя выявы. Вучні-“кінакрытыкі” расказалі пра тое, як мяняўся вобраз настаўніка ў кіно з цягам часу. На спецыяльнай выставе можна было азнаёміцца з аглядам вобраза настаўніка ў класічных творах рускай і беларускай літаратуры. Вершы і музычныя фрагменты стваралі асаблівы настрой, запрашалі да разваг пра ролю педагога ў жыцці грамадства.

Дзякуючы факультатыўным заняткам “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, вучні разумеюць, наколькі важна набыць навыкі публічных выступленняў. Акрамя таго, у дзяцей павышаецца актыўнасць у пазакласнай рабоце. Так, вучні праводзілі ўрокі і факультатыўныя заняткі падчас дня самакіравання, арганізавалі конкурс “З рогу дастатку” ў 9 класе ў рамках філалагічнага тыдня, падрыхтавалі матэрыялы пра вядомых землякоў і выступілі з імі на інфармацыйных гадзінах.

Па словах Н.Б.Трэгубавай, гімназістам створаны належныя ўмовы для развіцця творчых здольнасцей. Так, вучні актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах сачыненняў “Настаўніца першая мая”, чытальнікаў “Мы да пушкінскіх радкоў, як да крыніцы, спяшаемся…”, юных ратавальнікаў “Ратавальнікі вачыма дзяцей”, вучняў профільных класаў педагагічнага напрамку “Будучыя педагогі – пра школу будучыні” і інш.

На працягу навучальнага года гімназісты сустракаюцца з маладымі настаўнікамі, студэнтамі педагагічных спецыяльнасцей і ветэранамі педагагічнай працы.

На адным з факультатыўных заняткаў вучням было прапанавана прадоўжыць фразу “на мой погляд, настаўнік – гэта…”. Для адных гэта “чалавек, які выхоўвае дзяцей у роўнай ступені з бацькамі”, для другіх – “чалавек, які фарміруе дзіця як асобу”, для трэціх – “і выхавальнік, і псіхолаг, і дарадчык, і сябар адначасова”, для чацвёртых – “мудры чалавек, які ведае свой прадмет, патрабавальны, арганізаваны, здольны навучыць не толькі прадмету, але і падрыхтаваць да самастойнага жыцця”.

Н.Б.Трэгубава спадзяецца, што выпускнікі педагагічных класаў, дзякуючы мэтанакіраванай рабоце настаўнікаў, стануць з часам менавіта такімі педагогамі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.