Якасць, кадры, дысцыпліна

18.10.2019
Вынікі летняй аздараўленчай кампаніі 2019 года падвялі на рэспубліканскім семінары-нарадзе, які прайшоў на базе дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Світанак” у Пінскім раёне. У мерапрыемстве ўдзельнічалі міністр адукацыі Беларусі І.В.Карпенка, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Г.М.Балбатоўскі, кіраўнікі выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі, педагогі дадатковай адукацыі і інш.

Міністр адукацыі азнаёміўся з арганізацыяй адукацыйнага і аздараўленчага працэсу ў ДРАЦ “Світанак” і яго матэрыяльна-тэхнічнай базай, а таксама з цікавым вопытам работы выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі Брэстчыны.

- Піншчына невыпадкова выбрана месцам правядзення семінара-нарады, - адзначыў І.В.Карпенка. – Па-першае, Пінск разглядаецца ў якасці маладзёжнай сталіцы Беларусі на будучы год. Па-другое, вельмі карысна азнаёміцца з рэгіянальным вопытам аздараўленчай дзейнасці, вартым увагі і распаўсюджвання. Таму практыка правядзення выязных мерапрыемстваў у рэгіёнах будзе працягнута.

Па словах міністра адукацыі, у аздараўленчых лагерах сёлета адпачылі больш за 390 тысяч дзяцей (41,5% ад усяго дзіцячага насельніцтва краіны). Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў за апошнія гады. Важнасць аздараўленчай кампаніі відавочная, паколькі дазваляе забяспечыць змястоўны адпачынак школьнікаў, іх карысную занятасць.

І.В.Карпенка засяродзіў увагу на арганізацыі аздараўлення цяжкіх падлеткаў, дзяцей-інвалідаў і дзяцей з нядобранадзейных сем’яў, дзейнасці профільных (найперш ваенна-патрыятычных і абарончых) летнікаў, міжнародным супрацоўніцтве і міжведамасным узаемадзеянні.

- Неабгрунтаванае перапрафіляванне загарадных аздараўленчых лагераў і пагаршэнне якасці аздараўленчай работы ў іх недапушчальныя, - падкрэсліў Ігар Васільевіч. – Неабходна мэтанакіравана паляпшаць матэрыяльна-тэхнічную, у тым ліку спартыўную, базу выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі. Асаблівая ўвага – падбору педагагічных кадраў, зместу аздараўленчых праграм і дысцыпліне. Сярод першачарговых задач – увядзенне новых форм аздараўлення дзяцей розных катэгорый.

- Задача арганізатараў летняга адпачынку заключаецца ў тым, каб стварыць належныя ўмовы не толькі для аздараўлення дзяцей, але і для развіцця іх творчых здольнасцей і інтэлектуальнага патэнцыялу, - расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Беларусі Э.В.Тамільчык. – Работа ў гэтым напрамку ажыццяўляецца ў адпаведнасці з рэгіянальнымі праграмамі па арганізацыі адпачынку і аздараўлення дзяцей і моладзі, якія, акрамя асноўных задач, уключаюць таксама мерапрыемствы па развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі. Так, па-ранейшаму актуальнай застаецца праблема эфектыўнага выкарыстання матэрыяльна-тэхнічнай базы стацыянарных кругласутачных аздараўленчых лагераў.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца дзейнасці профільных летнікаў, у якіх сёлета адпачылі 48% дзяцей. Найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца ваенна-патрыятычныя, абаронча-спартыўныя і турыстычна-краязнаўчыя лагеры, якія адыгрываюць важную ролю ў прафілактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Так, на базе Маладзёжнага патрыятычнага цэнтра ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” былі арганізаваны 2 змены абласнога кругласутачнага лагера абаронча-спартыўнага профілю “Патрыёт”.

Заслугоўвае ўвагі вопыт устаноў, дзе рэалізуецца некалькі профільных напрамкаў. Так, у раённым профільным аздараўленчым летніку “Лідар”, арганізаваным Ганцавіцкім раённым цэнтрам дзіцячай і юнацкай творчасці, ажыццяўляліся адразу 6 профільных праграм.

Пералік профіляў пашыраецца за кошт напрамкаў, папулярных у дзяцей і іх бацькоў. Сярод іх – ІТ-сфера. Так, на базе шэрага стацыянарных аздараўленчых лагераў Брэстчыны кампанія МТС разам з адукацыйным цэнтрам Парка высокіх тэхналогій арганізавала навучальныя заняткі па праекце адукацыйнага ІТ-летніка. Дзеці знаёміліся з высокатэхналагічнымі прафесіямі, вывучалі пытанні кібербяспекі, развівалі навыкі ў канструяванні і робататэхніцы.

Вялікая ўвага ў профільных лагерах удзяляецца рабоце з высокаматываванымі дзецьмі. Так, на базе аздараўленчага летніка “Дружныя рабяты”, арганізаваным Віцебскім абласным палацам дзяцей і моладзі, працавала абласная 9-дзённая профільная змена “Лабірынт ведаў” па вучэбных прадметах прыродазнаўча-матэматычнага цыкла, удзельнікамі якой сталі алімпіяднікі з 19 раёнаў Віцебшчыны. Аналагічны лагер дзейнічаў і на базе Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава.

- Эфектыўнасць работы профільных летнікаў залежыць ад якаснага падбору педагагічных кадраў, метадычнага і праграмнага забеспячэння, супрацоўніцтва школ з рознымі ўстановамі, у тым ліку вышэйшай адукацыі, - адзначыў Э.В.Тамільчык. – Так, у гімназіі № 4 Магілёва працаваў профільны лінгваатрад для высокаматываваных дзяцей Clever, выхавальнікамі якога з’яўляліся настаўнікі англійскай і кітайскай мовы. Адукацыйная праграма лінгваатрада рэалізоўвалася ва ўзаемадзеянні з Магілёўскай абласной навукова-тэхнічнай бібліятэкай і Цэнтрам кітайскай мовы і культуры МДУ імя А.А.Куляшова.

Даволі паспяхова дзейнічаюць лагеры працы і адпачынку. Па словах Э.В.Тамільчыка, для многіх выхаванцаў такіх летнікаў заробак не з’яўляецца асноўнай прычынай выбару працоўнага лагера для аздараўлення. Задача педагогаў – забяспечыць баланс паміж працоўнай дзейнасцю і культурна-адпачынкавым кампанентам. Так, выхаванцы лагера працы і адпачынку “Караліна” з Гродзенскай гарадской гімназіі займаліся адраджэннем Каралінскага фальварка Тызенгаўза, выхаванцы лагера працы і адпачынку “Арыенцір” з Камунараўскай сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна

Гомельскай вобласці стваралі куток гісторыі малой радзімы ў сваёй установе, рыхтавалі аўдыя- і відэагіды па родным краі.

- Лагеры працы і адпачынку адыгрываюць важную ролю ў прафарыентацыі школьнікаў, - заўважыў Э.В.Тамільчык. – Так, вучні сярэдняй школы № 10 Мінска, дзякуючы супрацоўніцтву з Маладзёжнай сацыяльнай службай, працавалі ў якасці памочнікаў блогера (стваралі кантэнт для сайта, праводзілі сацыялагічныя апытанні сярод яго наведвальнікаў, рэдагавалі фота- і відэасюжэты, вялі інтэрнэт-блогі). Некаторыя сталічныя школьнікі спрабавалі сябе ў ролі памочнікаў выхавальніка дашкольных устаноў.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца аздараўленню дзяцей-інвалідаў, дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі. З гэтай мэтай у выхаваўча-аздараўленчых установах адукацыі ствараюцца неабходныя ўмовы, у тым ліку безбар’ернае асяроддзе.

Э.В.Тамільчык закрануў таксама пытанні, звязаныя з пазабюджэтнай дзейнасцю летнікаў, бяспечнымі ўмовамі аздараўленчай кампаніі (у тым ліку ў кіберпрасторы) і яе псіхолага-педагагічным суправаджэннем, міжведамасным узаемадзеяннем і міжнародным супрацоўніцтвам. Так, сёлета ў НДААЦ “Зубраня” адпачылі дзеці з 23 краін свету. На базе ДРАЦ “Світанак” Пінскага раёна працаваў міжнародны аздараўленчы лагер “Ратавальнік”, які сабраў хлопчыкаў і дзяўчынак з Беларусі і Польшчы.

Сярод задач – пашырэнне палатачных лагераў (перасовачных, стацыянарных, на базе вайсковых часцей), далейшае ўдасканаленне работы профільных летнікаў за кошт павышэння якасці адукацыйных праграм і пашырэння пераліку профіляў і напрамкаў дзейнасці для дзяцей ва ўзросце ад 15 да 17 гадоў.

Дырэктар НДААЦ “Зубраня” Н.Г.Ануфрыева расказала пра асаблівасці сёлетняй аздараўленчай кампаніі. Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Г.М.Балбатоўскі падзякаваў кіраўнікам выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі, органаў кіравання адукацыяй і педагогам за выніковую і эфектыўную сумесную работу.

Завяршылася мерапрыемства ўзнагароджаннем пераможцаў Рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Фота аўтара.