Равеснік – равесніку

04.07.2018
На Брэстчыне падвялі вынікі IV Абласнога конкурсу “Моладзь – за РАЎНАдзеянне!” сярод валанцёрскіх каманд школ, якія рэалізоўваюць адукацыйныя праграмы па прынцыпе “роўны навучае роўнага” ў сферы здаровага ладу жыцця. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны ІРА.

- Конкурс адыгрывае важную ролю ў фарміраванні сацыяльна актыўнай навучэнскай моладзі, падтрымцы маладзёжных ініцыятыў і развіцці валанцёрскага руху ў школах праз рэалізацыю адукацыйных праграм роўнага навучання, - расказала метадыст вучэбна-метадычнага цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы Брэсцкага абласнога ІРА А.Г.Дзмітрыева. – Акрамя таго, конкурс дапамагае прапагандаваць ідэі і метады роўнага навучання ў асветніцкай рабоце са школьнікамі, актывізаваць іх валанцёрскую дзейнасць у сферы здаровага ладу жыцця, развіваць лідарскія якасці і фарміраваць мадэль адказных і бяспечных паводзін у падлеткаў праз удзел у праграмах роўнага навучання, прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем інвалідаў, бежанцаў і нацыянальных меншасцей, а таксама да праблем, звязаных са здароўем і рызыкоўнымі паводзінамі моладзі.

У адборачным этапе конкурсу ўдзельнічалі 25 валанцёрскіх каманд, якія рыхтавалі мультымедыйныя прэзентацыі, дзе адлюстроўвалі гісторыю стварэння каманд і апісвалі сістэму іх работы, запаўнялі маніторынгавую табліцу з вынікамі сваёй дзейнасці, здымалі 25-хвілінныя відэаролікі інтэрактыўных заняткаў валанцёраў-інструктараў і прэзентавалі метадычныя распрацоўкі-модулі інтэрактыўных заняткаў з элементамі трэнінгу па актуальных тэмах прафілактычнай работы ў сферы здаровага ладу жыцця (“Прафілактыка ўжывання псіхаактыўных рэчываў”, “Рэпрадуктыўнае здароўе: прафілактыка ранніх сексуальных дэбютаў”, “Прафілактыка інтэрнэт-залежнасці”, “Папярэджанне канфліктных сітуацый”, “Прафілактыка суіцыдальных рызык сярод падлеткаў”, “Прафілактыка парушэнняў харчовых паводзін і вугляводнай залежнасці”, “Пераадоленне адзіноты ў падлеткавым узросце”, “Як стварыць шчаслівую сям’ю”, “Жыццёвыя каштоўнасці і мэты” і інш.).

Да фіналу, які праходзіў у форме трохдзённага фестывалю на базе Брэсцкага абласнога ІРА, былі дапушчаны 19 лепшых валанцёрскіх каманд. Іх удзельнікі спаборнічалі ў тэарэтычным і практычным этапах конкурсу. Тэарэтычны этап праводзіўся ў форме пісьмовага тэсціравання па блоках “Асновы ведаў здаровага ладу жыцця”, “Асновы трэнерскіх ведаў валанцёра-інструктара роўнага навучання” і “Камунікатыўная культура валанцёра-інструктара роўнага навучання”. У практычным этапе валанцёрскія дуэты ладзілі заліковыя інтэрактыўныя заняткі з элементамі трэнінгу па пэўных прафілактычных тэмах (“Прафілактыка стрэсавых станаў”, “Эфектыўная камунікацыя”, “Здароўе: я і мае комплексы”, “Рэкорднае харчаванне, ці Як стаць чэмпіёнам?”, “Бесканфліктныя паводзіны”, “Будзь упэўненым у сабе!”, “Навучыся гаварыць “не” ў рызыкоўнай сітуацыі!”, “Шчасце” і інш.). Пры аналізе гэтых заняткаў журы ўлічвала інфармацыйную кампетэнтнасць валанцёраў-інструктараў і якасны ўзровень падачы матэрыялу, культуру маўлення, уменне ўсталяваць кантакт з мэтавай групай, узаемадзеянне валанцёраў у пары і веданне методыкі трэнінгу.

У рамках конкурсу была арганізавана майстэрня гульні-форуму “Інтэрактыўны тэатр як сродак адкрытага дыялогу ў сферы здаровага ладу жыцця”.

Лепшымі валанцёрскімі камандамі прызнаны “Перспектыва” з сярэдняй школы № 1 Ганцавіч (кіраўнік – педагог-псіхолаг А.А.Акулава), “Вытокі” з сярэдняй школы № 14 Пінска (кіраўнік – настаўніца біялогіі С.Ф.Марынчык), “Новае пакаленне” з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Пінскага раёна (кіраўнік – дырэктар А.А.Лявошка), “Прамень” са Стытычаўскай сярэдняй школы Пінскага раёна (кіраўнік – сацыяльны педагог Л.А.Богнат), “Равеснік” з гімназіі № 3 Баранавіч (кіраўнік – педагог-арганізатар Т.А.Слаута), “Равеснік – равесніку” з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Пінска (кіраўнік – педагог дадатковай адукацыі Т.В.Шпакоўская), “Ветразь надзеі” з Белавушскай сярэдняй школы Столінскага раёна (кіраўнік – намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце І.А.Воўчык) і “Шчодрае сэрца” з сярэдняй школы № 22 Брэста (кіраўнік – педагог-псіхолаг В.В.Багатка).

Лепшы дуэт валанцёраў-інструктараў паказалі Дар’я Яснюк і Настасся Ярмольчык з сярэдняй школы № 14 Пінска, Настасся Бакушына і Віялета Базылюк з сярэдняй школы № 22 Брэста, Данііл Нікіфараў і Марына Мухоціна з сярэдняй школы № 29 Брэста, Дар’я Лойка і Алеся Слязь з гімназіі № 3 Баранавіч, Ягор Алехнік і Вольга Мацука з сярэдняй школы № 3 Бярозы, Таццяна Нагар і Ганна Ярмоліч з Рамельскай сярэдняй школы Столінскага раёна, Марыя Рабцэвіч і Ганна Князская з сярэдняй школы № 1 Ганцавіч, Ксенія Сафановіч і Хрысціна Блоцкая з сярэдняй школы № 2 Мікашэвіч Лунінецкага раёна.

Лепшыя інтэрактыўныя заняткі з элементамі трэнінгу падрыхтавалі педагог-псіхолаг А.А.Акулава з сярэдняй школы № 1 Ганцавіч, сацыяльны педагог Л.А.Богнат са Стытычаўскай сярэдняй школы Пінскага раёна, настаўніца С.Ф.Марынчык з сярэдняй школы № 14 Пінска, педагог-псіхолаг В.В.Багатка з сярэдняй школы № 22 Брэста, дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Пінскага раёна А.А.Лявошка і настаўніца хіміі Н.П.Канановіч з сярэдняй школы № 2 Мікашэвіч Лунінецкага раёна.

Па выніках аналізу конкурсных матэрыялаў і дзейнасці валанцёрскіх каманд статус апорных пляцовак па ўкараненні прынцыпу “роўны навучае роўнага” ў прафілактычнай рабоце з моладдзю ў сферы здаровага ладу жыцця атрымалі Бабрыкоўская сярэдняя школа Пінскага раёна (каманда “Валанцёры ідуць на дапамогу”), сярэдняя школа № 14 Пінска (каманда “Вытокі”), сярэдняя школа № 22 Брэста (каманда “Шчодрае сэрца”), сярэдняя школа № 14 імя Я.М.Фаміна Брэста (каманда “Бумеранг”) і сярэдняя школа № 3 Бярозы (каманда “Рукі дапамогі”).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.