Вопыт эфектыўнага ўзаемадзеяння

06.07.2018
На Лунінеччыне назапашаны вопыт эфектыўнага ўзаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі па арыентацыі вучняў на спецыяльнасці, запатрабаваныя сучасным развіццём рэгіёна. Для паспяховай сацыялізацыі школьнікаў ствараюцца неабходныя ўмовы.

- Аддаленасць раёна ад сталічных і абласных устаноў вышэйшай адукацыі істотна ўскладняе зносіны вучняў з выкладчыкамі, што ўплывае на выніковасць алімпіяднага руху, навукова-даследчай дзейнасці і цэнтралізаванага тэсціравання, - гаворыць начальнік аддзела па адукацыі Лунінецкага райвыканкама Н.А.Цяльпук. – Выйсце з гэтай сітуацыі мы знайшлі шмат гадоў назад, калі рашэннем мясцовай улады сталі дадаткова выдзяляць звыш вучэбнага плана гадзіны для работы з выкладчыкамі УВА на базе рэсурсных цэнтраў раёна. Сёння на гэтыя мэты выдзяляецца каля 1 тысячы гадзін, з якіх 300 прыходзіцца на Мікашэвіцкую гімназію імя У.І.Нядзведскага і 700 – на гімназію Лунінца. Гэта дазваляе ўстановам адукацыі заключаць дамовы з універсітэтамі і мэтанакіравана працаваць па выяўленні і развіцці здольных вучняў, арганізацыі прафарыентацыі.

З 2015 года сярэдняя школа № 2 Лунінца супрацоўнічае з Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам. Матэрыяльную падтрымку гэтаму супрацоўніцтву аказвае Брэсцкі дабрачынны фонд “Новае пакаленне”. Паміж школай і ўніверсітэтам склаліся надзвычай цесныя прафесійныя адносіны. Выкладчыкі БрДТУ праводзяць заняткі з вучнямі профільных груп. Актыўна выкарыстоўваюцца дыстанцыйныя формы работы. Дзякуючы сістэмнаму ўзаемадзеянню, удалося павысіць працэнт паступлення вучняў ва УВА. Так, 7 з 8 мінулагодніх выпускнікоў выбралі БрДТУ для працягу адукацыі.

Выкладчыкі УВА працуюць з вучнямі праз рэсурсныя цэнтры, створаныя на базе гімназіі Лунінца і Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага. Работа з дзецьмі арганізавана ў групавой і індывідуальнай форме, з вывучэннем тэарэтычнага матэрыялу і правядзеннем практычных заняткаў. Гімназісты аддаюць перавагу паглыбленаму вывучэнню дысцыплін фізіка-матэматычнага і хіміка-біялагічнага профілю. У рэсурсных цэнтрах могуць займацца і іншыя школьнікі.

Рэсурсныя цэнтры супрацоўнічаюць з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка, Беларускім дзяржаўным універсітэтам, Брэсцкім дзяржаўным універсітэтам імя А.С.Пушкіна, Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам, Баранавіцкім і Палескім дзяржаўнымі ўніверсітэтамі. Рэсурсныя цэнтры працуюць на працягу навучальнага года з найбольшай нагрузкай у канікулярны час. Летам работа з вучнямі працягваецца ў профільных лагерах на базе гімназіі Лунінца, Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага і сярэдняй школы № 2 Лунінца.

- Супрацоўніцтва ўстаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі стварае адзіную адукацыйную прастору, якая станоўча ўплывае на вучэбную паспяховасць і выбар будучай прафесіі школьнікаў, - падагульняе Н.А.Цяльпук.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.